Пра першы элітны мікрараён пасляваеннага Мінска, пра легендарнае месца сустрэч студэнтаў гістфака і пра душу горада, загнаную ў калектар, расказаў малады гісторык Канстанцін Касяк, які даслаў сваю “магічную мапу” на рэдакцыйную скрыню.
Асмолаўка
Асмолаўка – анклаў жывой мінуўшчыны ў самым цэнтры нашай сталіцы. Ад яе за некалькі хвілін можна дабрацца да Опернага тэатра, Траецкага прадмесця, Нямігі, а спусціўшыся па вуліцы Кісялёва, выйдзеш да плошчы Перамогі.
Калі не знясуць, будзе яшчэ адно турыстычнае месца на мапе горада, са сваёй гісторыяй, кавярнямі, хостэламі ды кніжнай крамай. Але гэта ў будучыні, цяпер гэта першы элітны мікрараён пасляваеннай сталіцы. Тут за высокім плотам жыла маладая савецкая інтэлігенцыя: вайскоўцы, настаўнікі, дактары, акторы. Каб па раёне не бадзяліся чужыя, на ноч брама замыкалася. Брама захавалася дагэтуль, плота даўно ўжо няма, а чужынцы, па старой завядзёнцы, і цяпер рэдка з’яўляюцца тут.
Асмолаўка нагадвае невялікі правінцыйны пасёлак. Людзі дагэтуль вешаюць тут бялізну на вяроўках, а моладзь збіраецца вечарамі ва ўтульных дворыках двухпавярховых катэджаў. Можна пачуць гітару і старыя хіты. Тут часта здымаюць фільмы і серыялы, прысвечаныя апошняй вайне. Антураж адпаведны. Відаць, дарма папракалі Міхаіла Асмалоўскага яго калегі-архітэктары за тое, што пабудаваў “вёску” ў цэнтры горада.
За «Консулам»
Легендарнае месца для студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ. Крама «Консул» і ўтульны дворык за ёй. Менавіта тут замест кніжнай крамы «Веды» і роднага факультэта набіраліся ведаў будучыя беларускія гісторыкі. За «Консулам» заўжды можна было каго-небудзь сустрэць да заняткаў, замест і пасля. Пры любым надвор’і.
На некалькі гадоў дворык дома, дзе жыў Уладзімір Караткевіч, ператварыўся ў свабодную тэрыторыю. Зусім побач буржуазнае – «News Cafe», Адміністрацыя прэзідэнта і кінатэатр «Піянер». Не зважаючы на гэтых суседзяў, наведнікі дворыка высвятлялі таямніцы беларускай і шумера-акадскай гісторыі, рабілі геапалітычныя прагнозы, абмяркоўвалі актуальнае мастацтва і будавалі вялікія планы. Як-ніяк, з першага курса нас прывучалі да таго, што мы – будучая эліта краіны, хай сабе і ў галіне гісторыі.
Крамы «Консул» даўно няма, але памяць пра яе засталася. Яна зарасла міфамі, легендамі і вершаванымі радкамі. Слэнгам, які быў прыдуманы тады, дагэтуль карыстаюцца маладыя гуманітарыі гістфака, а легендарных асоб таго месца згадваюць дасёння. Зрэшты, гэта не адзінае знакавае месца для студэнтаў гістфака БДУ другой паловы нулявых, але пра «Рыбу», музей і ўзбярэжжа Свіслачы хай напіша хто іншы з нас.
Няміга
У свеце ёсць даўняя добрая традыцыя называць спартыўныя клубы імем рэк, на якіх стаіць горад. Менавіта таму ў свой час мы назвалі наш рэгбійны клуб імем самага містычнага месца ў Мінску.
Няміга дакладна адлюстроўвае нашае стаўленне да мінуўшчыны: невялікі пятачок старой забудовы, абкружаны вялізнымі сучаснымі хмарачосамі-монстрамі, сярод якіх даўняя і слаўная гісторыя трымае аблогу.
Яна – сімвал нашага гераічнага мінулага. Яшчэ з часоў старажытнай Грэцыі вядома, што героіка непарыўна звязаная з трагедыяй, можа быць, менавіта таму з гэтым месцам звязаныя чорныя старонкі беларускай гісторыі, як старажытнай, так і найноўшай.
Пасля вядомай любому беларусу паразы ў бітве 1067 года і амаль поўнага знішчэння горада менавіта на гэтай невялікай рацэ аднаўляецца будучая сталіца Беларусі. Можна колькі заўгодна спрачацца адносна сучаснага аблічча Мінска, але, на жаль, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Маем тое, што маем. Апошнія сто гадоў Мінск выконвае функцыю культурнага, нацыянальнага і палітычнага цэнтра беларускіх земляў.
Існуе думка, што ў Мінска няма душы. Яна ёсць у Вільні, у Горадні, у Магілёва. А ў Мінска няма. Маўляў, забудавалі ўсё шклом ды бетонам і вось табе на – сталіца, у якой няма чаго паказаць замежніку. Не пагаджуся! Ёсць душа ў нашага горада. Зваяваная і загнаная ў калектар яна гоніць свае павольныя сакральныя воды, схаваныя ад людскіх вачэй, зрэдку даючы ведаць гараджанам пра свой буйны нораў.
Кажуць, што з балтыйскіх моваў слова “nemiga” перакладаецца, як бяссонніца. Пэўна, таму гэтае месца, маючы поўную манаполію на гісторыю горада, не дае нам развітацца з сівой мінуўшчынай. Раз-пораз рака нагадвае нам пра сябе не заўжды добрымі навінамі.
Я шчыра веру, што менавіта Няміга не дае нам спаць, каб мы канчаткова не заснулі як нацыя, як народ, як асобы.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах