Магія Мінску жыве не толькі на шумных вуліцах ды ў дамах ягоных жыхароў, яна часцей за ўсё хаваецца ў месцах малалюдных і таму загадкавых – у цішы гарадскіх могілак ды сярод старажытных валуноў. Пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў распавядае якраз пра такія сакральныя месцы.
Вайсковыя могілкі
Трыццаць гадоў таму прафесар Сцяпан Александровіч заміж планавай лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры адвёў цэлы курс, больш за сотню філфакаўцаў-першакурснікаў на Вайсковыя могілкі, знаныя з 40-х гадоў пазамінулага стагоддзя. Большасць студэнтаў упершыню на свае вочы пабачыла надмагіллі першага прэзідэнта Акадэміі навук, наркама асветы Усевалада Ігнатоўскага, заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра Уладзіміра Крыловіча і Еўсцігнея Міровіча, кампазітара Нестара Сакалоўскага, старшыні ЦВК БССР, нацыянал-камуніста Аляксандра Чарвякова, эсэра-тэрарыста Івана Пуліхава. Але найдаўжэйшы прафесараў раповяд быў у літаратурным кутку – пры магілах Эдуарда Самуйлёнка, Валянціна Таўлая, Паўлюка Труса, Кузьмы Чорнага. Паказаў велешаноўны Сцяпан Хусейнавіч, што пісьменнікі, нават такія класікі, як Якуб Колас, — зусім не парнасаўцы, што маюць у цэнтры гаманкой сталіцы месцы вечнага спачыну, што непадалёк ад магілы Янкі Купалы спіць вечным сном яго маці Бянігна, якая перажыла славутага сына толькі на два дні, нібыта адчула ягоны трагічны сыход у далёкай Маскве. Пачулі студэнты і пра легендарны, але, на вялікі жаль, не ажыццёўлены намер беларускіх уладаў узвесці на тых могілках нацыянальны Пантэон кшталту тых, што ёсць у Парыжы ці ў Тбілісі, агучыў ідэю перавезці з Ялты парэшткі Максіма Багдановіча…
А калі праз некалькі дзён праявіў я стужку і надрукаваў чорна-белыя здымкі, дык зніякавеў. Сярод маіх аднакурснікаў стаяў… Іван Дамінікавіч Луцэвіч! Патрапіў у кадр, выдаваў жывым і адухоўленым бронзавы профіль з надмагілля Песняра!
Шалман
Мала хто ведае, што трыкутнік мегаполіса паміж Лібава-Роменскай і Брэсцкай чыгункамі дый старым аэрапортам зваўся даўней Шалманам.
Азначаць гэтае слова магло “шум, вэрхал”, а таксама “карчма, шынок”, а іх найчасцей трымалі габрэі, у якіх даволі папулярным было імя Саламон з варыяцыямі Залман, Шалман, Шлёма. А вось мая мама, якая жыве на вуліцы Чкалава трыццаць пяць гадоў, ужывала яго найперш у сэнсе “раён з маленькімі дамкамі”, і , можа, гэта самая праўдзівая этымалогія.
Паўз тыя дамкі не раз бегаў я ў “самаволку” з войска. Пасля салдатчыны шукаў працу па ўсім Шалмане, а містычным чынам знайшоў вакансію мастака ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў, на які выходзяць вокны мамінай кватэры.
Ёсць там завулак з неверагодна пазітыўным назовам Краснамысленскі, які імяную завулкам Прыгожых думак. А на месцы колішняй вуліцы Дабрамысленскай месціцца кавярня “Добрыя Мыслі”, якой апекваўся яе добры анёл, мастак Віктар Маркавец. І яго пазітыўныя намеры і задумы ўвасабляліся ў тым асяродку беларушчыны ў шматлікія выставы, вечарыны ды імпрэзы.
Магія і зачараванне ёсць ва ўсім, што нясе прыкметы даўняга часу, і містычны дух дагэтуль лунае між новых камяніц, пад шатамі старых яблынь, якія памятаюць даўнія сялібы.
Музей валуноў
Жыхары мікрараёна Уручча, што першым сягнуў за кальцавую аўтадарогу, завуць яго яшчэ і на брытанскі манер – Стоўнхенджам, і на японскі — Садам камянёў.
Музей у рэчышчы колішняй рэчкі, да стварэння якога спрычыніўся акадэмік Радзім Гарэцкі, належыць Інстытуту геафізікі і геахіміі Акадэміі навук, а экспанаты яго – 2134 ледавіковыя валуны, звезеныя з розных рэгіёнаў Беларусі і раскладзеныя па адпаведных месцах у выглядзе мапы краіны. А ў калекцыі “Камень і чалавек” прадстаўлены такія ўнікальныя, як стоды, жорны, крыжы. Але і з гэтага скансена, музея пад адкрытым небам, які працуе кругласуткава, загадкавым чынам зніклі некалькі шматтонных артэфактаў. Можна было б уявіць, што сведкі сівой мінуўшчыны самі вяртаюцца ў родныя мясціны, але аказалася, што іх проста… скралі з дапамогаю аўтакранаў майстры, якія вырабляюць надмагільныя помнікі!
Музей гэты ўнікальны, такога няма ні ў адной еўрапейскай сталіцы. Паўтары дзесяткі гадоў меў за шчасце пазіраць на яго вокнаў свайго кабінета. І сёння дзіўлюся, што турфірмы не праклалі паўз яго свае маршруты, а разам з тым радуюся, што можна па-ранейшаму ў цішыні паблукаць па яго сцяжынах.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах