Магія асобных месцаў ужо сталася часткай гісторыі і жыве ва ўспамінах. Пра чароўныя і дарагія сэрцу кропкі ў цэнтры горада і за мінскай кальцавой піша журналіст Глеб Лабадзенка.
Коласаўскі ліцэй (Кірава, 21)
Гэта – першае месца ў горадзе, якое прыгадалася на слова “магія”. Мне пашчасціла вучыцца тут у 2001 – 2003 гадах. Установа звалася тады афіцыйна Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.
Інакш, чым магія, навучанне ў тым Ліцэі не назавеш. Штораніцы я выходзіў з метро каля Купалаўскага тэатра і прэзідэнцыі, ішоў уздоўж Канстытуцыйнага суда, крамы “Рыба” і каля кругласуткавай аптэкі збочваў дваром налева, да Ліцэя. Уваходзіў у Ліцэй – і пачыналася магія беларускага слова, беларускай думкі, беларускай справы.
Будынак – габрэйская мужчынская вучэльня 1912 года. Магутная лесвіца, таўшчэзныя сцены… Незабыўныя лекцыі Васіля Сёмухі, Лявона Баршчэўскага, Андрэя Хадановіча. Па-беларуску ўсё: нават матэматыка са спадарыняй Нінай, хімія са спадаром Юрасём і фізкультура са спадаром Міхасём.
У 2003 годзе Ліцэй афіцыйна ліквідавалі, міністрам адукацыі тады быў Пётр Брыгадзін. З 2005 года ў будынку – суд Цэнтральнага раёна.
Але часта, праходзячы міма Ліцэя, я веру, што магія спрацуе і што сённяшнія засельнікі будынка ператворацца ў гарбузы, а ў знаёмых калідорах ізноў загучаць галасы ліцэістаў.
Палац Чапскіх у Прылуках
Некалі гэты палац быў даволі далёка ад горада, а сёння гэта лічы Менск. Адразу за кальцавой, як ехаць на Слуцк, трэба даць управа пры царкве – і вы ля палаца Чапскіх у Прылуках.
Сама назва трансфармавалася ад Прылугі – спакойная цяпер Пціч некалі добра вёснамі залівала мясцовыя лугі.
Да Чапскіх Прылукамі валодалі Статкевічы, Іваноўскія, Оштарпы, Гарваты. Эмерык Гутэн-Чапскі набыў Прылукі ў 1872 годзе. Менавіта сын Эмерыка, Караль Чапскі застаўся ў гісторыі Мінска найлепшым кіраўніком горада (1890-1901), непераўзыдзеным за прамінулыя 112 год. Гэта ён завяршыў будаўніцтва Мінскага гарадскога тэатра, запусціў у горадзе трамвай-конку, першую гарадскую электрастанцыю (знішчаная за часам “мэра” Ладуцькі дзеля будаўніцтва гатэля “Кемпінскі”), тэлефонную станцыю агульнага карыстання, ламбард, начныя прытулкі, лякарні…
Пра сам палац Чапскіх ходзяць легенды, што гэта – перабудаваны стары “зачараваны замак”, які адносіўся да існаваўшага тут некалі кляштара. Атмасфера тут і цяпер такая, што ў гэта ахвотна верыцца.
У кожным разе, Прылукі – найбліжэйшае дасяжнае мінчуку месца, дзе можна напоўніцу адчуць веліч і вартасць нашай слаўнай і магічнай гісторыі.
Пачатак ракі Нямігі
Што можа быць магічней у Менску за раку Нямігу? Кожны шкаляр чуў пра яе, а паказаць не можа. Кожны ведае, што Нямігу “загналі ў трубы”, але падрабязнасцяў ніякіх.
Тым часам, Няміга ёсць. Гэтая магічная рака мае працягласць усяго тры кіламетры. Вытокі Нямігі – за сённяшнім будынкам гарадской ДАІ на праспекце бандыта Дзяржынскага. Калі яшчэ больш дакладна – то цяпер Няміга пачынаецца роўненька пад гаражным кааператывам на тым месцы.
Некалі Няміга ўпадала ў Свіслач насупраць Траецкага прадмесця. Пры будаўніцтве метро яе адвялі па трубах убок – і цяпер яна выліваецца ў Свіслач каля канцэртнай залы “Мінск”. Яшчэ больш дакладна – каля інтэрната БДУ, насупраць.
Я веру, што аднойчы Няміга ізноў пабачыць святло мінскага неба. І будзе нам шчасце!
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах