Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе Лявон Вольскі.

Вуліца Рэвалюцыйная, 8А


Нават і ў цяперашні час там нешта захавалася ад старой забудовы. Ну, адносна старой – камяніцам па сто, можа, крыху больш гадоў. Але для нашага няўхільна “маладзеюшчага” горада гэта ўжо сур’ёзны ўзрост. Вядома ж, умяшаліся ў натуральны ход падзеяў “рэканструктары”, штосьці зруйнавалі, штосьці збудавалі…

А ў шалёным 97-м рэканструктары яшчэ не завіхаліся ў гэтым раёне. Затое на другім паверсе будынка на Рэвалюцыйнай, 8А буяла і квітнела адзіная беларуская ФМ-станцыя “Радыё 101″. Музыка, эканоміка, бізнэс, выяўленчае мастацтва, палітыка… Практычна ўсе сферы тагачаснага жыцця асвятляліся на хвалях станцыі, і запрошаныя госці з гэтых сфер – музыкі, эканамісты, мастакі, бізнесоўцы, палітыкі штодня былі ў эфіры.

Жывыя канцэрты, спантанныя банкеты, нечаканыя падарункі ад рэкламадаўцаў, мазгавыя штурмы… Усё было.
І гэткая “ўбудаванасьць” у стары стогадовы Мінск таксама рабіла сваю натхняльную справу – і энергетычна, і проста таму, што нейкія творчыя адзінкі сустрэліся ў цэнтры горада, пахадзілі –пагаманілі, а потым іх наведвае геніяльная ідэя: “О! А пайшлі на стоадзін!” – і таму на радыё пастаянна быў натоўп мастакоў, музыкаў, паэтаў, пісьменнікаў і розных іншых энерганосбітаў.

Там пастаянна фантанаваў нястомны Саша Памідораў, які мог правесці падрабязную экскурсію па наваколлях Рэвалюцыйнай, якая тады яшчэ не была стэрылізавана цяперашнімі рэканструктарамі.

Ды чаго там! У студыі “Радыё 101.2″ на простым эфірным, непрызначаным для шматтрэкавага запісу кампутары, быў запісаны і зведзены “Народны Альбом”!

На Рэвалюцыйнай яшчэ ёсць амбасада Францыі (адкуль Севярын Квяткоўскі абярэмкамі цягаў кружэлкі для перадачы пра францускую музыку і дзе я рабіў першую францускую візу).

Ёсць будынак Інбелкульта (дзе я наведваў курсы польскай мовы і дзе пазней з’явілася Амбасада ўсімі намі любімай Швэцыі).
На Рэвалюцыйнай была брутальная ўстанова “Тройка”, дзе ад цыгарэтнага дыму слязіліся вочы.

І трыкатажнае атэлье, дзе мы замаўлялі каптурыкі з зайчынымі вушкамі для фотасесіі “Крамбамбулі”…

Але для мяне вуліца Рэвалюцыйная – гэта найперш 8А. “Радыё 101.2″.

Траецкае


У маім дзяцінстве Траецкае было гэткае… Ну, такое, як мноства віленскіх месцаў – неўпарадкаванае, нейкае непрыбранае, але цёплае ды жывое. На першым курсе мастацкай вучэльні мы выбіраліся туды на пленэр – маляваць гэтую непрычасаную цеплыню. Бліжэй да чацвёртага курса цеплыню прычасалі. Нешта зруйнавалі, нешта збудавалі. Карацей, правялі рэканструкцыю. І сярод гэтай рэканструкцыі раптам выявіліся цікавыя аб’екты – карчма “Старавіленская” і кавярня на другім паверсе.

У кавярню мяне завёў Міхал. Маўляў, паглядзі на рэальнае мінскае багемнае жыццё. Мне, узнёсламу юнаку, насамрэч знесла дах. Нефармальныя асобы кантактавалі, пілі каву, выпівалі (калі дазвалялі фінансы) іншыя, небяспечнейшыя напоі, чыталі вершы, дэманстравалі карціны… Ну, зусім нейкае несавецкае месца – падалося мне.

Не ведаю, як і што там цяпер, але тады фішка была гэткая – кава па-турэцку. Яна была моцная, салодкая, апякальная, адухмяненая размовамі з валасатымі і лысымі маладымі людзьмі, якія яскрава адрозніваліся ад шэрага савецкага натоўпу. Вось і я адрозніваўся. А ў кавярні ад нас адрозніваліся раптоўна заляцелыя саўкі і гопнікі.

Соф’і Кавалеўскай


Мая цётка там жыве. Яна кандыдат навук і працавала на тамтэйшым заводзе тэхнолагам (нешта звязанае з вяжучымі матэрыяламі, сілікатнай цэглай і ўсімі выцякаючымі). Яшчэ там, на раёне, была і цяпер ёсць, здаецца, філія “Гарызонта”. Таму паходжанне раёна простае і зразумелае – дамкі для завадчанаў. Дамкі двухпавярховыя, арыгінальнай канструкцыі. Апроч усяго, на кожную сям’ю – садзік з гародзікам. Яно ўсё такое нізкае, маленькае, такое “хобіцкае” – зімою пад снегам, улетку – у зеляніне дрэваў. Адзін з раёнаў майго дзяцінства. І цікава, што ён амаль не змяніўся за ўсе гэтыя гады. 

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах