Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе мастак і пісьменнік Артур Клінаў.

 

Няміга

Самае містычнае і страшнае месца – гэтая развязка на Нямізе, дзе адбылася трагедыя, калі загінулі 54 чалавекі. Містыка відавочная. Гісторыкі кажуць, што недзе там адбылася крывавая бітва, то бок ад пачатку паўстання горада гэтае месца заявіла пра сябе як пра гіблае. Трагедыя на Нямізе нашых дзён таксама мела абсалютна містычныя абставіны. Быў сонечны дзень, адбываўся канцэрт, і раптам неба раскрылася, і з яго лінула рака. У іншых раёнах у гэты час быў звычайны летні дожджык. Паколькі тамсама працякае рака, закаваная ў трубы, вымалёўваецца страшная паэтыка. Няміга вярнулася і зноў учыніла крывавыя берагі, адпомсціла, нагадала, што весяліцца на гэтым месцы нельга. Я вельмі не люблю там хадзіць, там няўтульна і трывожна. Магчыма, адзінае, што можна зрабіць, каб пазбавіцца гэтай няўтульнасці, – адбудаваць Стары горад. Цяпер прапануюць афіцыйны праект “Мінскае замчышча”, але ён праблемы не вырашыць, патрэбныя іншыя, кардынальныя змены.

 

Перакрыжаванне праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна

Гэты квартал я лічу энергетычна вельмі моцным, дынамічным. У структуры Мінска як Горада Сонца закладзены сонечны сімвал, салярны крыж, адна дамінанта якога – вось праспекта з захаду на ўсход, а другая – з поўдня на поўнач – уяўляе сабой водна-зялёны дыяметр, які ідзе праз увесь горад. Крыжавіна, перасячэнне, прыпадае на цырк і парк Горкага, там энергія мусіць быць вельмі моцная. Там цяпер будуюць гэтую пачвару – “Кемпінскі”, яго ўбіваюць якраз у самае сэрца. Дабром гэта, вядома, не скончыцца, хутчэй за ўсё гатэль пасля давядзецца ўсё-такі знесці. Гэты салярны крыж, відаць, аддае энергію вышэй, на вуліцу Леніна. Люблю гэтае месца, яно прыводзіць мяне ў бадзёры стан, там нешта пульсуе і б’е, там я адчуваю сілу.

 

Дом Кіма Хадзеева, Кісялёва, 17


У дварах на вуліцы Чырвонай ужо шмат гадоў будуецца пантовы дом, для багаценькіх, з вельмі дарагімі кватэрамі. Ясна, што дом атрымаўся б сімпатычны, але з дзясятак гадоў яго не могуць дабудаваць. Быццам нехта зачараваў, сурочыў. А я думаю, гэта таму, што там стаяў дом Кіма Хадзеева, які быў гуру і шаман, чалавек з наймацнейшай энергетыкай і ўвогуле для нашага горада важная фігура, якая моцна паўплывала на цэлае пакаленне людзей. Дом знеслі пасля яго cмерці, і я думаю, што Кім Іванавіч адтуль з нябёсаў даслаў такі пацалунак, пазначыў месца, і цяпер там нічога не зробіш. А таму што нельга было кранаць капішча шамана. З такімі месцамі трэба далікатна абыходзіцца, бо пасля гукнецца, можа, нават нашчадкам, праклёны ж дзейнічаюць і праз пакаленні.

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах