Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе спявак, лідар гурта “НейраДзюбель” Аляксандр Кулінковіч.

Сядзіба ў Лошыцкім парку


Мой сябар, на жаль, ужо нябожчык, у 90-я працаваў там вартаўніком. Ён расказваў усялякія страсці, што жонка колішняга заможнага гаспадара дома ці то патапілася, ці то муж яе забіў. Начамі там увесь час чулася рыпенне маснічын, і мой сябар тады проста потам абліваўся. Ён сцвярджаў, што бачыў гаспадыню шмат разоў. Мы былі там у яго ў гасцях, і нам таксама падавалася, што нешта дзіўнае бачым і чуем. Спісаць на п’янае трызненне не атрымліваецца, бо мы ў той час калі і пілі, то бутэльку гарэлкі на шасцярых. Не ведаю, ці сапраўды быў гэты прывід, але страшна было да жаху. Многія, хто пабываў у тым старым доме, мелі падобныя гісторыі.

 

Дом масонаў


Калі мне было гадоў 15—16, мы засядалі ў тым напаўразбураным будынку, курылі цыгарэты, размаўлялі. Вось там я дакладна бачыў прывід — пару ў чорных капюшонах у паўзмроку. Бачыў не толькі я — мы сядзелі там кампаніяй і збеглі адтуль проста ў жаху. Многія казалі, што ў гэтым доме нячыста. Цяпер гэта ўжо не той будынак, яго знеслі і, відаць, адбудавалі наноў прыгожа, пад старыну.

 

Кватэра Аляксандра Кулінковіча


Трэцім магічным месцам можна назваць любую кватэру, у якой я знаходжуся. У маіх руках, напрыклад, пульты дыстанцыйнага кіравання перастаюць працаваць, ды ўвогуле часам пачынае адбывацца нешта невытлумачальнае.

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах