b2222a0ba3669f0fce6197750cf96698.jpgКожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе паэт Уладзь Лянкевіч.

Парк сяброўства народаў


Яшчэ з дзяцінства мяне вабіў і адштурхоўваў гэты парк, што праз дарогу (на другім баку вуліцы Арлоўская) ад Бангалор. Там чорная-чорная зямля, на гэтых асушаных балотах растуць бярозы з перакручанымі-перакрыўленымі камлямі. А яшчэ адтуль гарэлым улетку нясе, калі тарфянікі гараць, і нават дым з-пад зямлі. А яшчэ колісь там стаяла хата, дзе была “маліна” ў злодзеяў мінскіх.

Няміга


Думаю, я не буду арыгінальным, калі згадаю пра Нямігу як пра пэўнае містычнае і метафізічнае месца. Але хацелася б казаць не пра гісторыю, а пра тое, што дасёння Няміга застаецца непрадказальнай. Заўсёды існуе небяспека, што пойдзе зліва, і праз 10 хвілін людзі будуць стаяць па калена ў вадзе. Мінскія ўлады колькі гадоў гавораць пра пабудову новага, лепшага калектара. Натуральна, я разумею такую патрэбу. Але з іншага боку, мне хочацца, каб усё заставалася як ёсць: у гэтай няпэўнасці і не залежнай ад нас сіле невялікай рэчкі ў многім крыецца сутнасць горада. А яшчэ я веру, што нават калі інжынеры возьмуцца за вырашэнне пытання, вада ўсё роўна будзе прыходзіць і сыходзіць у патрэбны ёй час, калі на тое будзе воля нябёсаў.

 

Сельгаспасёлак у Савецкім раёне паабапал вуліцы Максіма Багдановіча


Таксама з дзяцінства мяне вабіла і насцярожвала гэтае месца. Насцярожвала, бо ў 90-я хадзіла куча гісторый пра тое, як немясцовыя заходзілі туды ўвечары, а потым толькі зранку з болем у галаве паўаголеныя і з пустымі кішэнямі прытомнелі пад крыкі пеўня і брэх сабак на ўзбочыне нейкай гравійкі. А вабіла тым, што там былі калонкі на вуліцы, і заўжды можна было папіць, да таго ж яблыкі і слівы валяліся на дарозе. Гэтыя мясціны займелі яшчэ большую для мяне прывабнасць, калі аднойчы, шпацыруючы там і разглядаючы вымудры народных архітэктараў, я натыкнуўся на раўнюткую даўжэзную брукаваную вуліцу Гало, выкладзеную сапраўдным такім “панскім” брукам. Ідзе яна амаль паралельна цяперашняму Лагойскаму тракту, і штораз мне здаецца, што менавіта такім і быў той стары выезд на Лагойск. Зрэшты, усё часцей гэтая брукаванка перарываецца плямкамі асфальту, хаця яшчэ сустракаюцца там персанажы з даваенных фатаздымкаў: мурзатыя спалоханыя дзеці, падпітыя карычневыя мужыкі і губатыя коні.

 

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

 

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах