Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе пісьменнік Аляксей Талстоў.
Вуліца Трасцянецкая
Там няма дрэваў, там ніхто не жыве. Прамзона на ўзбярэжжы Свіслачы. Вуліца выгінаецца, ствараючы асобную каменную прастору ў горадзе. Яна кантрастуе з астатнім Мінскам, які лічыцца зялёным горадам, – тут жа толькі шэрань, смерць, закінутасць, халодныя сцены заводаў, мост, безжыццёвая пустка, бясконцыя гаражы.
Тэнісныя корты ў Севастопальскім парку
Гэта пустая пляцоўка, абнесеная плотам, які ўвесь распісаны графіці. Днём на суседніх кортах займаюцца спартоўцы, а вечарамі тут нікога няма. Увогуле сам Севастопальскі парк уражвае – дзікае месца, з пакручастымі, не выкладзенымі пліткай дарожкамі. Шпацыр праз яго можа прынесці дзіўныя сустрэчы.
Поле на ўскраіне (паміж вуліцай Карастаянавай і пасёлкам Навінкі)
Калі ісці ад вуліцы Карастаянавай у бок Цнянкі, мінаючы гаражны кааператыў, пачынаецца поле з лесам. Праз яго ёсць дарога, якая вядзе на Даўгінаўку. Поле падаецца ідылічным. Там вельмі ціха. Горада быццам зусім не адчуваецца. Але калі азіраешся навокал, бачыш гурбы смецця бліжэй да гаражоў, платы, штосьці накшталт кар’ераў. Кантраст горада і адмаўлення горада надае гэтаму месцу магічнасці.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах