Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе філосаф Вольга Шпарага.
Двор за домам па адрасе Незалежнасці, 43
Разважаючы пра Мінск, Артур Клінаў гаворыць, што будынкі сталінскай архітэктуры – як палацы, і за кожным хаваецца палацавы парк. Адзін з такіх сапраўдных паркаў знаходзіцца за домам 43 на праспекце Незалежнасці, дзе крама «Падземка». 20 гадоў таму, калі я была школьніцай, там стаяў стол для гульні ў тэніс, лаўкі, дагэтуль ёсць цагляныя сараі, тут наносяць графіці. Магчыма, гэтыя двары хутка знікнуць, яны паступова забудоўваюцца. Сам дом даваенны, узведзены ў 1940 годзе, ён адзіны з жылых дамоў у гэтай частцы праспекта, які не быў разбураны і дасёння выглядае як сапраўдны палац.
Вуліца Сухая і прастора вакол яе
Побач, на вуліцы Калектарнай, ёсць дом 20А, гэта інстытут “Мінскграмадзянпраект”. У 1987 годзе тут была арганізаваная адна з вялікіх выставаў незалежных мастакоў, у якой удзельнічалі Артур Клінаў, Аляксей Жданаў ды іншыя авангардысты. Пра гэтую падзею, якая сталася скандальнай, шмат ужо напісана, тут, напрыклад, экспанаваўся партрэт Брэжнева з геніталіямі. Выставу закрылі, каля будынка быў мітынг. І мне здаецца, што туды таксама мае сэнс вадзіць экскурсіі.
Цікава, што зусім недалёка ад гэтага месца, на вуліцы Сухой, знаходзіцца помнік знішчаным у Мінску падчас Другой сусветнай вайны яўрэям, прычым не толькі беларускім, але і прывезеным з іншых краінаў. Гэты ўнікальны і вельмі прыгожы помнік уяўляе сабой стол з расколінай, у якога зламаная ножка, і крэсла, спінка якога захрасла ў стале. Мне здаецца, вельмі мала мінчан пра яго ведае. У гэтым месцы было гета, захаваўся стары будынак, у якім месціцца Гістарычная майстэрня. То бок гэтая прастора канцэнтруе і трагічную гісторыю Мінска, і гісторыю адраджэння 80-х.
Вуліца Будаўнікоў
Нядаўна адкрыла для сябе цудоўнае месца – у Завадскім раёне, непадалёк ад станцыі метро Магілёўская, ёсць такі пасёлак з двухпавярховымі катэджамі. Яны дзіўна выглядаюць, старыя, з калонамі. Яны не абгароджаныя, таму тут можна назіраць жыццё – развешаную бялізну, людзей на лаўках. Тут цудоўная атмасфера: гэта нібы прыгарад і горад адначасова. Мясцовыя жыхары расказваюць, што дамы будавалі немцы. Адна жыхарка, якую я пачала распытваць, пабачыўшы гэтыя цудоўныя будынкі, сказала, што там ні разу за 70 гадоў не праводзіўся капітальны рамонт, перакрыцці драўляныя, і тым не менш усё трымаецца. Вельмі незвычайнае месца, дзе трапляеш у такі буржуазны Мінск у добрым сэнсе гэтага слова.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах