7abbd7d61b6cc8a7dafb1ce531f5d7c7.jpgКожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе пісьменнік і мастак Адам Глобус.

Месца каля ВДНХ на вуліцы Янкі Купалы

Як мастак-манументаліст з адукацыі ведаю, што трэба асцярожна абіраць пляцоўку для будаўніцтва – каб месца не было праклятым, каб чэрці там не скакалі. Гэта не фантастыка і казкі, гэта ўсё рэальна.

Такім нядобрым містычным месцам, дзе не трэба будаваць нічога важнага, я лічу Нямігу. Яшчэ адна частка зямлі, на якой відавочна нічога не зробіш, колькі грошай ні ўкладай і якія праекты ні замаўляй, – прастора каля ВДНХ на вуліцы Янкі Купалы, дзе былі Татарскія гароды. Там нават расліны нейкія фантастычныя – каштаны з галінамі да зямлі, якія квітнеюць два разы на год, усе кажуць, што хварэюць, нейкая трава дзіўная. Там нельга будаваць нічога фундаментальнага. Стаіць сабе ВДНХ – сарайчык шкляны, людзі прыйшлі туды, кніжкі прадалі, разгарнулі індыйскую выставу – і добра. Нават рэстаранчык “Журавінка” пачаў развальвацца і распаўзацца, калі вырашылі там узводзіць фундаментальны будынак.

 

Вуліца Парніковая


Яна быццам і недалёка ад праспекта, за паркам Чалюскінцаў, але там заўсёды ўзнікае адчуванне, што трапіў на край свету. Калі я вучыўся, на гэтай вуліцы старую аптэку ў цагляным дамку аддалі пад майстэрню. Ніхто не хацеў туды нават ехаць, мэбля там стаяла яшчэ аптэчная, паўсюль пахла хваробай, старэчасцю. І што я там ні маляваў, ва ўсім была нейкая няўтульнасць. У выніку я адтуль сышоў, забыў пра майстэрню, а іншы наш студэнт – Валік Дзялендзік, цудоўны, дарэчы, мастак – узяў ключы і ўрэшце там павесіўся. Нейкае месца гэтае нехарошае. Я і нядаўна схадзіў туды, паглядзеў і зноў пераканаўся: дрэннае месца. Можа, там сапраўды нічога, апроч парнікоў, рабіць не варта.

 

Кальварыя

Колькі ні спрабуюць на Маскоўскіх могілках стварыць пантэон, нічога не атрымліваецца, няма там такой сілы, гісторыі, міфалагемы, якая б гэтыя могілкі ператварыла ў нешта сакральнае. А вось гісторыя з Кальварыяй, якая на маіх вачах адбывалася, сапраўды звязаная з містыкай. Завод “Гарызонт” у Мінску меў футлярны цэх, дзе выраблялі скрынкі для кінескопаў. Ён аўтаномна дзейнічаў на ўскрайку горада, там працавалі мае сваякі – цётка Вікця (родная сястра маёй бабы Ядзі) і яе старэйшы сын Толік. Найбліжэйшы касцёл ад Мінска быў тады ў Рубяжэвічах, і сваякі ўвесь час туды ездзілі. Там быў зусім старэнькі арганіст, у яго не ставала ўжо сілаў граць на аргане, і ён паабяцаў навучыць Толіка, нягледзячы на тое, што ў таго не было музычнай адукацыі. Толік спачатку аднекваўся, маўляў, цяжка аўтобусам з Мінска ў гэтыя Рубяжэвічы дабірацца. Тады мясцовыя разам з ксяндзом скінуліся і купілі Толіку матацыкл з люлькай. І вось Толік садзіў у люльку цёцю Вікцю, і яны на выходныя выпраўляліся туды. Аднойчы надарылася працоўная субота, Толік меўся граць на аргане, ён памяняўся з іншым рабочым і паехаў у Рубяжэвічы. У той дзень увесь гэты цэх узарваўся. Загінула больш як сто чалавек.

Выбух адбыўся ў сутарэннях, усе тры паверхі падняліся ўверх, а потым абрынуліся разам з людзьмі. Жывой засталася толькі бібліятэкарка, а ўсе людзі, якія стаялі каля яе стала, каб здаваць кніжкі, паляцелі ў гэтую яму. Вікця з Толікам вярнуліся з Рубяжэвічаў у нядзелю, а тут такая трагедыя. Ніхто нічога не ведае, не піша, адны толькі плёткі. Прытым улады вырашылі, што трэба хаваць людзей па вёсках, каб ніхто не ведаў маштабу трагедыі. Толіка і Вікцю пачалі прэсаваць, чаму яны памяняліся, ці ведалі нешта. І тут Вікця зразумела: “Вось ён, цуд, Бог мяне выратаваў, і я павінная аддзячыць чым магу”. Яна вырашыла, што мусіць дамагчыся адкрыцця ў Мінску касцёла, якога тады не было, у памяць пра ахвяраў і з удзячнасці за сваё выратаванне. І Вікця з уласнай ініцыятывы, ігнаруючы ўсе разумныя парады, пачала абыходзіць усе кватэры вакол Кальварыі, званіць ва ўсе дзверы і збіраць грошы. Гэта была сапраўды народная ініцыятыва, бо людзі ведалі пра трагедыю на заводзе, пра ахвяраў і пра гісторыю Вікці. Такім чынам грошы яна назбірала, касцёл адкрылі. Толік дагэтуль там грае на аргане, а жонка яго Ядзя – спявае. Вікця цяпер пахаваная на Кальварыі. Кажуць, што калі ў жанчыны праблемы, не атрымліваецца зацяжарыць, то трэба Вікцю пайсці папрасіць, яна можа дапамагчы. Гэта ўжо хочаш вер, хочаш не вер – такі постскрыптум да ўсёй гісторыі. Але тое, што ў адкрыцці гэтага касцёла прысутнічала натуральная магія, невытлумачальнасць і дзіва – для мяне бясспрэчна.

 

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах