Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе паэт Антон Рудак.
Катэдра
Марыінскі касцёл на плошчы Свабоды заўжды быў адным з самых выбітных будынкаў горада. У сярэдзіне мінулага стагоддзя лёс гэтага храма дзіўным чынам злучыўся з гісторыяй маёй сям’і: мой дзед нарадзіўся акурат у двары за музычнай школай, у даўнім будынку езуіцкага калегіума, і ўсё ягонае паваеннае дзяцінства прайшло ў катэдры і яе ваколіцах. У 1951-м, з пачаткам “рэканструкцыі”, калі быў знявечаны галоўны фасад будынка, а сам ён перададзены таварыству “Спартак”, катэдра, нібыта развітваючыся, дзялілася сваімі таямніцамі з суседзямі-мінчукамі: дзед і ягоныя сябры знайшлі сярод друзу пры сценах касцёла скарб з залатых манет, якіх хапіла і на так неабходную ў тыя гады новую вопратку, і на прыхамаці малых шчасліўчыкаў, кшталту недасяжных раней новых лыжаў. Дзед любіў касцёл і моцна перажываў праз тыя здзекі з гэтага будынка, якія ўчынілі савецкія архітэктары. Тым большае здзіўленне і нечаканую радасць ён перажыў у 1995 годзе, калі, нічога і блізка не ведаючы аб нядаўняй рэстаўрацыі будынка, выпадкова завітаў на плошчу Свабоды…
Таму сёння і мне падаецца цудам кожны прыклад удалага аднаўлення архітэктурнай спадчыны Мінска. Шкада, што такіх прыкладаў вобмаль.
Магіла Seder HaDoroth
Сярод габрэяў – выхадцаў з Мінска трывала паданне аб незвычайнай магіле на юдэйскіх могілках, што знаходзіліся пры сучаснай вуліцы Кірава, на месцы стадыёна “Дынама”. Тут у 1746 годзе быў пахаваны галоўны рабін Мінска Ехіэль Гальперын, празваны Seder HaDoroth (“Хроніка пакаленняў”), па назве свайго галоўнага твора, адной з базавых кніг юдаізму, дзе апісаныя падзеі ад стварэння свету і да 1696 года. Падчас будаўніцтва стадыёна надмагілле Ехіэля Гальперына знішчыць нібыта не ўдалося: усе, хто спрабаваў гэта зрабіць, гінулі.
На жаль, усякі след гэтага незвычайнага помніка знікае ў гады ваеннага ліхалецця, якога не перажыла і большасць габрэйскага насельніцтва Мінска. Цуду не здарылася.
Оперка
Як ні дзіўна, шэраг даследчыкаў лічыць, што гандлёва-рамесніцкі цэнтр сярэднявечнага Мінска месціўся не на правым, а на левым беразе Свіслачы, на Траецкай гары, дзе сёння стаіць велічны будынак тэатра оперы і балета. Сёння ваколіцы Оперкі – папулярнае месца збору моладзі, а асабіста я лічу яе ці не самым прыгожым будынкам Мінска. Непадалёк, з лініі праезду за 2-м гарадскім шпіталем, быў створаны ў 1919 годзе адзін з самых вядомых і пазнавальных вобразаў нашага горада ў выяўленчым мастацтве: графічны малюнак Язэпа Драздовіча “Менск. Выгляд са Шпітальна-Траецкага завулка”. Канструктывісцкі будынак Оперкі мне падаецца сугучным з драздовічаўскімі сатурніянскімі краявідамі.
Кажуць, што бел-чырвона-белы сцяг у Мінску ўпершыню ад часоў вайны быў узняты менавіта над Оперкай, у 1984 годзе. Хто ведае, якія яшчэ цуды ў гісторыі горада рыхтуе гэтае месца.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах