«Квартал Жудзікі» — пад такім назовам у Сеціве з'явілася новая серыя анімацыйнага праекту «Спальны раён». Гэта ўжо трэці вясёлы інтэрактыўны сюжэт пра душэўныя адметнасці жыцця ў вялікім горадзе, які ствараюць ілюстратарка Воля Кузьміч і творчая каманда Generation.by.

«Квартал Жудзікі размясціўся недзе непадалёк ад цэнтру раёна. Цёплым восеньскім вечарам у прывакзальных вежах-блізнятах неспакойна. Суседзі з трэцяга паверху зноў кагосьці затапілі, ніжэй усю ноч шыпіць тэлевізар. Госці з Усходу паляць у вакно. Пілікае сігналізацыя на мётлах. Дворнік абараняе лісце ад мінакоў. А начнік на куце спрабуе дажыць да світанку. “Жудзікі” — трэці выпуск інтэрактыўнага мультфільма пра святочныя прыгоды людзей з прыкметамі штовечаровай урбанізацыі на тварах», — апісвае аўтарка свой праект.

Серыя інтэрактыўнай анімацыі «Спальны раён», якая распавядае пра казачныя асаблівасці вялікага гораду ў цэнтры Еўропы, стартавала ў лютым 2011 году.

Першы выпуск быў прысвечаны іншаму актуальнаму святу — «Дню закаханых». Праз клікі па экране на city.generation.by/1/ можна намацаць пікантныя падрабязнасці кахання ў шматпавярховіках. Недзе паміж студэнтамі ды адстаўным міліцыянерам у вялікім доме бавіць час пару казачных жырафаў.

Другі дом трапіў на экраны ў час навагодніх клопатаў беларусаў, што праводзілі крызісны 2011 год. Нычкі з грэчкай, паці пад Ляпіс Трубяцкой, АМАП у сумётах — свята выйшла асаблівым.

Стварае і ажыўляе інтэрактыўны горад ілюстратарка Воля Кузьміч. Першыя серыі мультфільмаў сабралі дзясяткі тысяч прыглядаў і атрымалі тысячы лайкаў ад карыстальнікаў сацсетак, праект таксама быў адзначаны ўзнагародамі на фестывалі «Ad.nak» і прэміяй канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт».У новым казачным мультфільме ў цэнтры падзей чарговая святочная ноч. Квартал чакае світанку ды рыхтуецца да Хэлоўіна пад музыку гурта Нагуаль, пакуль у начнік шпацыруюць «Рабяты з бадунца» Лявона Вольскага.

Наведаць квартал Жудзікі: http://city.generation.by/3/

 

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах