Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе аўтар лагатыпа праекта, дызайнер студыі “Адліга” Анатоль Лазар.
Пра лагатып для праекта
“Калі я шукаў вобраз для лагатыпа магічнай мапы, безумоўна, уяўляў падарожжа. Магчыма, не сучаснае, а старое, калі плавалі на караблях, адкрывалі новыя землі, а ў моры жылі ўсялякія цмокі. Прыгадваліся таксама казачныя краіны, калі аўтар стварае цэлы свет і малюе для яго мапу. Па вялікім рахунку, на ўсіх мапах ёсць маляваны стылізаваны компас. Ён быў і на першых мапах 300-400 гадоў таму. Незалежна ад выяўленчых здольнасцяў аўтара, гэты компас прыкладна аднолькавы: чатыры бакі свету плюс чатыры паўбакі. Разглядаючы розныя крыніцы, я зразумеў, што ён вельмі нагадвае валачобную ці калядную зорку. Таму пастараўся зрабіць такі графічны сімбіёз. Ёсць у гэтым элементы традыцыйнай пазнавальнай культуры і сусветнай казачнасці па-галівудску, асацыяцыі з навігацыяй, пошукам, напрамкамі і адсылка да беларускага мінулага. Бо гэта наш горад, і нашыя людзі расказваюць пра свае магічныя месцы ў ім.”
Вакзал
Мне цяжка вызначыць для сябе магічныя месцы Мінска, бо чароўнасць і казачнасць звязаныя з дзяцінствам, а маё дзяцінства прайшло не тут. Можа быць, вакзал – як сукупнасць гукаў, чыгуначнага паху, мітусні, але не штодзённай, а такой кардынальнай, калі людзі спяшаюцца, пераязджаюць некуды, перамяшчаюцца. Уласна кажучы, і маё знаёмства з Мінскам пачалося менавіта з вакзала. Не з таго новага сучаснага шклянога, а ўвогуле з месца, дзе ходзяць цягнікі, дзе нешта змяняецца.
Калі ж казаць пра сам новы будынак, ён таксама мне падабаецца. Ён светлы і вялікі, людзі практычна не топчуць адно аднаму ногі, у ім ёсць дзе пасядзець, схавацца, пачакаць. Мне даводзіцца шмат падарожнічаць, і я разумею, што наш вакзал добры.
Узбярэжжа па дыяганалі ад канцэртнай залы Мінск
(былая лодачная станцыя, дзе цяпер піўная рэстарацыя «Старое русло»)
Я чытаў, што яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя на гэтым беразе жыў дзед, да якога ўсе хадзілі пашаптаць, нешта спытацца. Фактычна такі еўрапейскі, ужо досыць хрысціянскі горад меў у цэнтры паганскае капішча. Было б цікава гэта даследаваць. Даўно-даўно, яшчэ калі там не было рэстарацыі, мае сябры хацелі пабудаваць там «народны дом», які быў бы прасякнуты магіяй традыцыйнай старой беларускай культуры і зрабіўся б культурніцкім цэнтрам. Гэта былі 90-я гады, не ўсе мары тады спраўджваліся. Хто ведае, можа, некалі гэта і адбудзецца. Хоць цяпер месца заціснутае з усіх бакоў будынкамі, прасторы засталося вельмі мала.
Незалежнасці, 37а
Як у песні Вольскага пра Мінск і Менск – ёсць пэўная супольнасць людзей, памкненні і перакананні якіх не заўжды супадаюць з афіцыйнай муніцыпальнай палітыкай, прапагандай і гісторыяй. Але гэтыя людзі раскіданыя па горадзе, і трэба шукаць месца, дзе іх сустракаеш найчасцей. На сёння гэта, бадай, пятачок “галерэя, кнігарня, наша студыя, кавярня”. Прызнаюся, што пасля працы адсюль цяжка сысці, бо сустракаеш вельмі шмат знаёмых, з якімі хочацца нешта абмеркаваць. Ёсць у гэтым пэўная магія. Здаецца, у адным месцы шчыльнасці хапае, каб чалавеку збоку проста дах знесла: «У вас тут усе па-беларуску гавораць, разбіраюцца ў мастацтве, такія інтэлігентныя, шляхетныя!» Літаральна за некалькі гадоў людзі самі для сябе стварылі такі магічны куточак.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах