Магічнымі могуць быць дамы, скверы і нават цэлыя вуліцы. Пра свае незвычайныя месцы Мінска расказвае Ганна Рудак, якая адгукнулася на наш заклік і даслала ліст на рэдакцыйную пошту.
Напэўна, пра гэтае месца не так многа людзей ведае. Ды і даехаць да яго няпроста. І да Дома міласэрнасці, магчыма, ён не надта падобны. Але штосьці ў ім ёсць. Да таго ж, што такое “Дом міласэрнасці” і якім ён павінен быць, сказаць цяжка. Мне раней падавалася, што гэта вельмі прыгожае і ўтульнае месца. Яно было нібыта аддаленае ад горада, хоць і знаходзіцца недалёка ад станцыі метро Усход (раней трэба было толькі прайсці праз вялікае поле). Але цяпер там усё інакш – з’явілася шмат новых дамоў: раён паступова будзе засяляцца. Калі прыязджаеш туды, робіцца шкада, што знікла адчуванне цішы і спакою. Але мне гэтае месца ўсё роўна падабаецца: калі Дом дапаможа хаця б аднаму чалавеку, яго назва будзе апраўданай.
Чырвонаармейская
Вуліца Чырвонаармейская не можа быць нязначнай для сучаснага Мінска ўжо хаця б з той прычыны, што цяпер яна праходзіць, лічыце, праз цэнтр горада. Мабыць, для большасці людзей яна так і застаецца проста вуліцай, на якой можна пабачыць танк, прайсціся ўзбоч рэзідэнцыі ці сустрэць моладзь ля гістфака. Гэта сапраўды таксама Чырвонаармейская. Але для мяне гэта ўсё ж толькі яе пачатак. Магічны, вядома ж, але, па вяликим рахунку, таму, што кожны дзень у гэтым месцы праходзяць сотні людзей. Такой магічнасцю валодаюць, напэўна, усе месцы шматлюдныя і перанаселеныя. А што да адміністрацыйных пабудоваў, дык там кожны дзень дзеяцца свае справы – усё для людзей. Праходзіш праз іх – і чамусьці адчуваеш сябе бедным. І ў тым, што на гэтай вуліцы гістарычны факультэт, а яшчэ школа, таксама можна знайсці сваю магію – ці іронію. Няхай лепш будзе магія.
Але я ўсё не да таго. Да сапраўднай магічнасці і чароўнасці яшчэ трэба дайсці – усё ж не бывае адразу і навідавоку. Штосьці трэба шукаць і знаходзіць. Варта прайсціся па крутым спуску – і ты быццам зусім у іншай частцы горада. Мая любімая вуліца – Чырвонаармейская пасля перасячэння з Ульянаўскай.
Таму што там ёсць адзін чароўны дом. Я называю яго “домік з ваўчком”. Не памятаю, калі я першы раз убачыла прыгожае акенца гэтага доміка – 20-га, але пасля для мяне прагулкі да яго сталі ўласным лекам. Там заўсёды вельмі ўтульна – паступова, пакуль падыходзіш да яго, вуліца ператвараецца з цэнтральнай у амаль прамысловую. Там усяго толькі два жылыя будынкі і ёсць, напэўна.
Здавалася б, звычайны дом на звычайнай вуліцы. Але ў тым і прыгажосць ды прывабнасць жыцця, бо штосьці ў ім можа быць для нас цудам, загадкай, таямніцай. Ну вось вам і “домік з ваўчком”: звычайны двухпавярховы будынак – але гэта ўжо не так стандартна для вялікага горада з яго амбіцыямі і імкненнем да размаху. Шэры домік на сціплай вуліцы вялікага горада. Насупраць – нейкае прадпрыемства, некалькі крамаў. А з акна глядзіць на ўсіх людзей, што праходзяць і знікаюць, ваўчок – воўк са знакамітага савецкага мультфільма – і грае сабе на гітары. Бывае, здаецца, што ўсё так марна і хістка, што няма нічога заўсёднага, а падыходзіш сюды – а ваўчок табе заўжды ўсміхаецца!
А яшчэ там ліхтары слабенька свецяцца. Не ведаю, хто там жыве. Але гэта вельмі добры, кранальны чалавек. Ён жа не для сябе паставіў гэтыя цацкі – там нават за занавескай і не бачна, – а каб людзі праходзілі і глядзелі.
А далей-далей-далей – вельмі спакойна было на гэтай вуліцы, пакуль не пачалося будаўніцтва якогасьці кітайскага комплексу. Я не тое што супраць, але ўтульнага месца ў Мінску мне вельмі шкада. Баюся, што калі завершыцца праект гэтага комплексу, што-небудзь зменіцца. Ці занадта там будзе шуму, ці ўвогуле вырашаць вуліцу перапланаваць. Не ведаю. Не хочацца, каб усё ўтульнае і мілае знікала, а на змену яму прыходзіла штосьці чужое.
Сквер Анры Дзюнана
Вельмі радая, што ў Мінску ёсць гэты сквер. Па-мойму, ён прывабны і ўтульны. Можа, ён такім стаў пасля таго, як у яго пачатку ўсталявалі помнік Анры Дзюнану. Знаходзіцца сквер побач з галоўным офісам Чырвонага Крыжа. Мне заўсёды прыемна там праходзіць, таму што ёсць і ў самім скверы, і ў помніку свая магія. Магія дабрыні, напэўна. Можа, хто-небудзь заўважыць бюст, прачытае і задумаецца над тым, хто гэты чалавек.
А задумацца сапраўды варта. Многія не ведаюць, што Анры Дзюнан стаў першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. За сваё жыццё ён паспеў здзейсніць столькі добрых справаў, што нават і ўявіць сабе цяжка. А памёр у нястачы і беднасці. Чамусьці так здаралася часта: людзі, якія шмат аддавалі, самі ў канцы жыцця заставаліся ў адзіноце.
Але я ўсё ж думаю, што людзі ўсе добрыя, таму да дабрыні інтуітыўна і цягнуцца. Ва ўсякім разе, і да дабрыні таксама. Прачытала нядаўна такую цікавую і, мабыць, справядлівую параду: “Калі не можаце зрабіць так, каб у свеце стала больш цеплыні, зрабіце так, каб яе хаця б не стала менш”. Спадзяюся, гэты сквер стане не толькі для мяне месцам добрай энергіі і добрых думак. Тым больш што ён прыгожы, нягледзячы на тое, што вакол шум, машыны і гарадская імклівасць. Мне падабаецца, што ён не залішне шырокі. Там прыгожыя ліхтары і аркі. Для мяне гэта добрае, мілае і магічнае месца. Тут нават ісці далёка не давялося.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах