Як адшукаць у Мінску свой уласны Эдэм? Дзе знаходзіцца алея мёртвых хлопчыкаў і чаму часам варта заходзіць за бетонныя плоты? Журналіст і пісьменнік Віктар Марціновіч распавядае пра прыхаваныя мінскія цуды.

Яблыневы сад на вуліцы Рафіева

 

У тым, што тут, у самым забудаваным раёне Мінска, дзе ўвечары немагчыма знайсці месца, каб прыткнуць тачку, ёсць велізарны яблыневы сад, ужо самі па сабе мрояцца магія і сурокі. Што гэта? Аскепкі вёскі, што некалі была тут? І драўляных дамкоў болей няма, а сад застаўся? Ці «зялёная зона», якую хцівыя жыхары панельных шматпавярховікаў пераўтварылі ў фруктовы садок, адкуль кожны верасень цягаюць ураджай антонаўкі? Адны пытанні, пагадзіцеся! Але для мяне гэты сад – мой персанальны Эдэм, і патлумачыць вам, чаму гэта так, я не магу. Проста прайдзіцеся па ягоных прысадах; заўважце лавачку, што стаіць – не дарма – на самым жывапісным месцы, з панарамай на палеткі ды ТЭЦ, задайцеся пытаннем: хто гэта стварыў тут? Чалавек? Ці ўсё ж Бог? Лепей за ўсё прыходзіць сюды закаханым, тады магія Саду раскрыецца вам напоўніцу, і вы зразумееце ўсё, што тут напісана, а таксама тое, чаго я не пісаў, каб зберагчы вашую псіхіку. Магчыма, у гэтым садзе вас чакае вашая Ева. Магчыма, яна чакае, каб вы ўзялі яе ў гэты сад. А можа быць, ваш Эдэм знаходзіцца недзе ў іншым месцы: у Анталіі ці якім Гоа. Мая парада не ў тым, каб вы ішлі ў мой Сад, а ў тым, каб знайшлі свой.

Гімназія з бюстамі

Калі ў канцы Партызанскага праспекта збочыць налева, пабачыш прыгожую купінку двух-трохпавярховай сталінскай забудовы, у сваёй вытанчанасці падобнай да таго, што некалі праектаваў сам бацька сталінскага ампіру, пінчук Іван Жалтоўскі. Калі прайсціся паміж гэтымі палаца (Жалтоўскі быў вялікім фанатам італьянскага архітэктара Паладыя), натрапіш на закінуты, як чорны замак Альшанскі, будынак школы. Асабліва «гатычна» гэты сталінскі гмах выглядае на захадзе сонца, выклікаючы ўстойлівыя асацыяцыі з Эдгарам – крый мяне Божа – Аланам По. Дык вось, гэта яшчэ не ўсё пра гэты страшны дом. Ззаду, побач з засохлым фантанам, ля якога лунаюць духі, здані і мясцовая алкашня, пачынаецца «алея піянераў-герояў». Тут стаяць бюсты ўсіх тых хлопчыкаў, пра якіх нам некалі расказвалі ў савецкай школе – Марат Казей і г.д. (прозвішчаў, прабачце, не памятаю ці, можа, памятаю, але не хачу прыгадваць, бо ноч ужо блізка: што, калі яны з’явяцца ў мой мірны сон?) Савецкай школы ўжо даўно няма, а гэтыя бюсты нейкая старанная рука кожны год фарбуе срэбным металікам. Чаму галовы загінулых дзяцей варта фарбаваць у металік? Чаму наогул іх не прыбраць, бо краіна, за якую яны кідаліся пад танкі ды здавалі сваіх бацькоў камуністам, ужо 20 гадоў як пахаваная, ад яе не засталося нават шкілета? Навошта іх захоўваць, калі ўсе іншыя гіпсавыя манументы савецкай эпохі ўжо даўно разабралі на лецішчы ды прыватныя калекцыі? Але ўсе гэтыя пытанні як рукой здымае, калі толькі набліжаешся да той алеі. На цябе глядзяць мёртвыя вочы, пасміхаюцца застылыя вусны. “Што ты зрабіў для партыі, камсамола і піянерскай арганізацыі?” – пытаюцца постаці. І згадваецца той эпізод кнігі Ахроменкі і Клімковіча пра магічны Мінск, дзе людзей тапіла ў Камсамольскім возеры русалка-камсамолка. І хочацца стаць на калені, схіліць галаву і паўтарыць словы клятвы («піонер раўняецца на герояў барбы і труда»), якія з дзяцінства яшчэ зберагае памяць. Можа, не крануць. Можа, прабачаць. Страшнае, страшнае месца!

«Дом Бембеля»

Мінск, як усякі горад, які старанна і аддана коцалі архітэктары, увесь са складак прасторы і часу, што захоўваюць апошнія некранутыя скарбы. Вы можаце доўгі час боўтацца па дворыках вакол вул. Якуба Коласа ў раёне кінатэатра “Кастрычнік”, але так і не пабачыць гэтага палацыка. Зноў жа, цэнтр Мінска. За кожны сантыметр тэрыторыі ідзе крывавая вайна забудоўшчыкаў і жыхароў. І вось раптам высокі бетонны паркан, а што за ім – звычайнаму смяротнаму невядома. Але добра бачныя блакітныя елкі, такія, як ля Дома ўрада. Віншую вас, вы знайшлі адзін са схаваных мінскіх цудаў, так званы «дом Бембеля». Скульптар-архітэктар-сталініст Бембель, вялікі і жудасны, некалі стварыў увесь цэнтр Мінска. Яму належыць ідэя ансамбля «Плошча Перамогі». Ён аўтар ледзь не ўсіх фундаментальных савецкіх помнікаў Беларусі. І за гэта быў узнагароджаны двухпавярховым домам-палацам, блакітнымі елкамі, спакоем і цішынёй. Некалі ў гарэзныя дзевяностыя адзін мой сябра-хіпі працаваў тут начным вартаўніком. І дом, які памятаў цяжкія крокі вялікага і жудаснага, на нейкі час ператварыўся ў цэнтр контркультурнага жыцця. Пасля спрэчак пра Шагала і Цімаці Ліры мы заходзілі ў майстэрню вялікага і жудаснага і бачылі агромністыя, у рост чалавека, галовы Леніна і іншых БССРаўскіх багоў, вырабленыя з пластыліну (так выглядаюць формы пад адліўку помнікаў). Мы залазілі на дах і сустракалі світанак. Недзе побач жыў Мінск, грукаталі трамваі, але ўсяго гэтага не было чутно тут. Кажу ж, складка прасторы і часу. Цяпер «дом Бембеля» аддалі Саюзу мастакоў, прайсці ўнутр не так проста, але магчыма, калі дамовіцца з добрымі цётачкамі. Але асноўнае ўражанне ад палацыка можна атрымаць проста зайшоўшы за бетонны паркан і пабачыўшы тую алею з блакітна-чорных хвойных дрэваў. Подзвіг народа бяссмерцен!

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах