Часам магія мінскіх месцаў ужо толькі ў тым, што нейкі будынак доўга намагаліся знесці, але ён дагэтуль стаіць ці быў удала адноўлены, і мы можам адчуць там тую ж энергетыку, што і калісьці. Пра такія ўлюбёныя месцы горада расказвае дырэктар камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM Андрэй Эзерын.
Асмолаўка
Квартал двухпавярховых дамоў паміж вуліцамі Багдановіча–Камуністычная–Куйбышава–Кісялёва быў пабудаваны ў канцы саракавых і стаў першым пасляваенным элітным раёнам Мінска. За амаль што 70 гадоў гісторыі Асмолаўкі хто тут толькі не жыў – вядомыя артысты і звычайныя
«героісацыялістычнайпрацы», маршалы і іх конюхі, нават адзін гуру андэграўнда. Я называю гэты квартал “Зачараваная Асмолаўка”. Ведаю як мінімум тры спробы яго знесці, але ён дасюль стаіць і натхняе творчых людзей. Ясна, што без магіі тут не абышлося…
Пляц Волі
Я быў маладым журналістам, калі ў 1989 годзе запісаў тут тэлевізійную праграму. Тады я ўпершыню пабачыў макет ратушы, якую збіраліся калісьці адбудаваць. Праграма так і не выйшла ў эфір, у мяне захавалася эфірная папка з каментаром тэлевізійнага кіраўніцтва: “Шмат крыжоў”. З тых часоў крыжоў, дзякуй богу, стала больш. Добрыя людзі дапамаглі аднавіць Марыінскі касцёл. Чакае свайго часу і касцёл святога Іосіфа, закрыты для вернікаў амаль 150 гадоў таму…
Прыступкі Дома Ваньковічаў з боку Дома масонаў
Магія гэтага месца доўгі час вабіла музыкаў і журналістаў, якія ў пачатку 2000-х збіраліся тут летнімі вечарамі. Кампанія часам была вялікая. Хто сюды толькі не прыходзіў… Люблю падняцца па прыступках да невялікай пляцоўкі паміж Домам Ваньковічаў і Масонамі, пастаяць крыху, адчуць магію гэтага месца і рушыць далей, у Верхні горад да ратушы.
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах