Вялікі фестывальны дзень Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! прайшоў 5 ліпеня ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры ІВВ.
Фестывальны дзень распачаўся з Адукацыйнай праграмы, на якой выступілі прафесійныя рэкламісты і піяр-спецыялісты.
“Тыя веды, якія атрымалі ўдзельнікі фестывалю падчас адукацыйнай праграмы, можна назваць незамяняльнымі. Беларускамоўная рэклама знаходзіцца на стартавым этапе развіцця. Але Трэці фестываль AD.NAK! паказаў, што яе патэнцыял велізарны. Каб узровень айчынных рэкламістаў павышаўся больш імкліва, неабходна вучыцца ў прафесіяналаў”, — адзначыў кіраўнік рэсурсу Marketing.by, аднаго з суарганізатараў фестывалю, Сяргей Скараход.
Адкрыццё Цырымоніі ўзнагароджання Фестывалю AD.NAK! прайшло ва ўласцівай для дзеі шалёнай манеры – у гэтым годзе арганізатары разбурылі сімвалічную сцяну.
А вечарам адбылося ўручэнне прызоў пераможцам сёлетняга фестывалю AD.NAK!. Адзначым, што, згодна з правіламі фестывалю, у кожнай намінацыі маглі быць прысуджаныя адно першае, два другія, тры трэція месцы, а таксама адно гран-пры. Месцы маглі і не прысуджацца, калі журы лічыла, што ўзровень працаў не адпавядае крытэрам фестывалю.
“Трэці Фестываль AD.NAK! паказаў, што цікаўнасць да беларускамоўнай рэкламы ў шырокім беларускім грамадстве і сярод прафесіяналаў расце. Пра гэта сведчаць і вынікі апытанняў: колькасць беларусаў, зацікаўленых у беларускамоўнай рэкламе, павялічылася з 37% (2009) да 55,6% (2012), – і павелічэнне колькасці беларускамоўных рэкламных працаў, пададзеных на фестываль. Пакуль беларускамоўная рэклама выкарыстоўваецца толькі, каб вылучыць тое ці іншае паведамленне сярод іншых мэсыджаў. Але мы верым, што рана ці позна беларуская мова стане мовай асноўнай камунікацыі. Штогод на Фестывалі AD.NAK! прысутнічаюць прадстаўнікі не толькі беларускіх, але і сусветных рэкламных агенцтваў. Гэта яшчэ раз пацвярджае цікаўнасць да стварэння рэкламы на беларускай мове. І мы лічым, што колькасць сапраўды крэатыўных беларускамоўных праектаў будзе павялічвацца”, - адзначыла каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”, ініцыятара Фестывалю AD.NAK!, Ніна Шыдлоўская.
Сёлетні Фестываль AD.NAK! стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў і пададзеных працаў. Усяго ў сёлетнім фестывалі ўзялі ўдзел 330 работ ад 110 удзельнікаў. Летась на фестываль было пададзена 272 работы больш як ад 100 удзельнікаў, а ў 2010 годзе ў ім прынялі ўдзел 105 работ ад 59 удзельнікаў.
Дадатковую інфармацыю пра фестываль можна атрымаць на сайце ADNAK.BY, па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org.
Аўтар - Аляксандр Ждановіч
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах