Журы Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! вызначыла пераможцаў і прызёраў конкурснай часткі фестывалю. На фестываль было пададзена больш за 300 работ, найлепшыя з іх атрымалі прызавыя месцы (шэсць першых, васямнаццаць другіх і дваццаць сем трэціх). Гран-пры атрымалі толькі дзве працы. Сёлета, як і ў мінулыя гады, журы пры ацэнцы кіравалася сусветнымі трэндамі і крытэрамі працы.
“Узровень падачы работ удзельнікамі фестывалю як на AD.NAK!, так і на іншых фестывалях постсавецкай прасторы пакуль далёкі ад сусветных аналагаў. Удзельнікі фестывалю робяць вельмі цікавыя рэчы, але данесці ідэю камунікацыі, якая ставілася замоўцамі, атрымліваецца не ва ўсіх. Гэтая праблема існуе не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, на іншых фестывалях рэкламы і камунікацыі. Беларускія рэкламісты працягваюць жыць у лакальным свеце, не звяртаючы ўвагі на глабальныя тэндэнцыі. І гэта робіць беларускі крэатыў неканкурэнтаздольным на сусветным рынку”, - адзначыў кіраўнік рэсурсу Marketing.by, аднаго з арганізатараў Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, Сяргей Скараход.
Сітуацыя з беларускамоўнай рэкламай цалкам дублюе агульныя праблемы беларускага маркетынгу. Па выніках сваёй працы аргкамітэт Фестывалю AD.NAK! акцэнтуе ўвагу на двух момантах, якіх не хапае беларускай рэкламнай галіне.
1. Крэатыўнасць. Беларускі маркетынг не мае дэфіцыту ідэяў, але пакуль няма напрацаваных і дзейных схемаў іх рэалізацыі. Абсалютная большасць працаў, дасланых на фестываль, па ўзроўні выканання аб’ектыўна была ніжэйшай за еўрапейскі ўзровень. Часта ў праектах бракуе пастаноўкі канкрэтных мэтаў камунікацыі, і таму яны не становяцца моцнымі фестывальнымі працамі.
2. Рэалізацыя і прэзентацыя. Патэнцыял шмат якіх працаў, пададзеных на фестываль, дазваляў ім стаць прызёрамі, пераможцамі і нават атрымаць гран-пры. Не ўсе з працаў мелі добрае суправаджэнне і адмысловую фестывальную прамоцыю. Недахоп жвавых прэзентацый, выяваў, інфаграфікі, крэатыўнай анімацыі і відэа стаў непераадольным бар’ерам для некаторых удзельнікаў. Не ўсе працы ў намінацыі “Дызайн & Art Direction” былі пададзеныя ўдзельнікамі на фізічных носьбітах, што не дазволіла журы ў поўнай меры ацаніць не толькі ідэю, але і практычную рэалізацыю дызайну.
“Вынікі сёлетняга фестывалю дэманструюць стан рынку рэкламы ў Беларусі за апошні год, і беларускамоўная рэклама – частка гэтага рынку. Агульныя тэндэнцыі па розных прычынах – на зніжэнне колькасці і якасці рэкламнага прадукту. AD.NAK! сёлета сабраў вялікую колькасць працаў. Аднак іх якасць ніжэй за папярэднія гады. Станоўчы момант – назіраецца імкненне рэкламістаў усё больш ствараць на беларускай мове. І гэта натхняе. Можна сцвярджаць, што колькасныя параметры хутка пяройдуць у якасць”, - адзначыла Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ініцыятара Фестывалю AD.NAK!,.
Па дадатковыя каментары можна звяртацца па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org.
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах