Перад выступам на Лідскім байкфэсце былы вакаліст знакамітага беларускага гурта «Ляпіс Трубяцкой» (быў удзельнікам легендарнага калектыву з 1997 па 2014 год), а цяпер лідар гурта Trubetskoy Павал Булатникаў даў экслюзіўнае інтэрв’ю з грымёркі для Holiday.by на тэму гастроляў, цяперашніх стасункаў з Сяргеям Міхалком, і роднай Беларусі.
– Павал, за час музычнай кар’еры, з гастролямі вы аб’ездзілі паўсвету. Ці атрымоўваецца сумяшчаць працу з турыстычнымі мэтамі?
– Ведаеш, вельмі часта атрымоўваецца, што больш праца. Так бывае, што горад мы бачым толькі намінальна – ты прыляцеў, і калі быў доўгі пералёт, то калі ты паспееш паспаць, то гэта ўжо добра. Потым канцэрт, а з раніцы ўжо ізноў на самалёт. Вось так і атрымоўваецца – ты быццам у горадзе быў, але насамрэч нічога не бачыў там.
– Падчас апошніх гастрояў усё ж атрымалася пабачыць штосьці цікавае?
– Не так даўно мы былі з гастролямі ў Казахстане, там былі доўгія пераезды і пералёты, таму ён запомніўся. Казахстан – прыгожы і розны, дзе паўднёвая частка краіны вельмі адрозніваецца ад паўночнай. Там тры тысячы кіламетраў ад мяжы да мяжы! Успамінаю, што калісьці мы былі ў Казахстане ўзімку, то бачылі такія снежныя сумёты. Уяві, КамАЗ і пасля яго яшчэ тры паверхі снегу, і грэйдар такі ідзе каб зрабіць дарогу. Гэта вельмі ўражвае, калі бачыш наяўку.
– А якія былі вашыя самыя запамінальныя гастролі з гуртом «Ляпіс Трубяцкой», дзе вы спявалі ажно 17 год?
– Іх вельмі шмат было, і шмат чаго запомнілася, але ж тут адзначу гастролі па ЗША. Там было шмат прышпілаў, ды і краіна цікавая.
– Павал, назавіце любімыя месцы для турызму ў Беларусі?
– Вельмі люблю пагуляць па старажытных завулках Гародні, вельмі люблю Нарач. Мінулым летам мы з сябрамі адпачывалі на Блакітных вазёрах. Мне ўвогуле падабаецца паўночна-заходняя частка Беларусі, бо па краявідах яна адрозніваецца ад астатняй краіны.
– Пяройдзем да музыкі. Якія творчыя плаы ў гурта Trubetskoy?
– Цяжка казаць, бо планаў было шмат, але сітуацыя якая здарылася, многія нашыя планы сапсавала. Насамрэч мы вельмі сумавалі па цудоўнай беларускай публіцы, і вельмі радыя сёння зноў граць на файным лідскім байкфэсце.
– Пасля трагічнай смерці Руслана «Пана» Уладыкі (легендарны беларускі музыка - адзін з заснавальнікаў гурта «Ляпіс Трубяцкой» і сузаснавальнік Trubetskoy –заўвага аўтара) вашаму гурту стала нашмат цяжэй у творчым плане?
– Так, нашмат цяжэй. Руслан – быў наш рухавік, генератар ідэй. Мы страцілі сябра і таварыша, і гэта вельмі няпроста…
– Музычныя крытыкі кажуць, што Руслан Уладыка - гэта геніяльны гітарыст вялікага таленту. Вы з імі згодныя?
– Так, цалкам пагаджуся. Гэта музыка, які працаваў з гукам, і ён дасягнуў такога ўзроўню, што многія музыкі будуць доўга да гэтага даходзіць. І многія наўрад ці да гэтага дойдуць…
– Пасля распаду «Ляпіса Трубяцкога» у 2014 годзе вы не раз гаварылі ў інтэр’ю, што перасталі камунікаваць з Сяргеем Міхалком. Зараз сітуацыя не змянілася?
– Не, ўсе па-ранейшаму.
– А як вы ставіцеся да таго, што з вясны 2022 года Сяргей Міхалок зноў выступае пад назвай «Ляпіс Трубяцкой» разам з зусім іншымі музыкамі, а не з тымі што былі з вамі на момант распаду гурта ў 2014 годзе?
– Ніяк. Ён мае права, ён маё рацыю. Сяргей называе свае праекты то Brutto, то «Ляпіс 98», то «Ляпіс Трубяцкой», але гэта нічога не мяняе. У мяне да Сяргея Міхалка нармальныя, добрыя адносіны, я з ім нічога не дзялю.
– То бок, вы на яго не злуецеся?
– Не, ні ў якім разе не злуюся. Атрымалася так, як атрымалася.
Бліц-апытанка!
Ваш любімы гурт?
Вунь зараз на фоне грае песня «Кино», то файны ж гурт (смяецца). Хай будзе яшчэ Depeche Mode. I Nirvana.
Улюбёны музычны стыль?
Ой, так цяжка адразу адказаць. Але я люблю рок-н-ролл!
Любімы горад Беларусі?
Спачатку родны Мінск, а потым Гародня.
Brutto ці Drezden?
Trubetskoy!
Янка Купала ці Якуб Колас?
Купала.
Любімае слова на беларускай мове?
Шчучыншчына! Слова праверка для ўсіх небеларускамоўных (смяецца).
Калі большасць беларусаў пачне размаўляць на роднай мове?
Я спадзяюся, што праз гадоў дзесяць будзе так.
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах