«Пашпартны контроль» працягвае знаёміцца з геаграфіяй падарожжаў вядомых беларусаў. Сёння пра свае турыстычныя прыгоды расказвае беларускі музыка, удзельнік гурта «Палац» Алег Хаменка.

-Музыкi, як вядома, даволі часта бываюць на гастролях. У якія краіны давялося падарожнічаць вам? 

- Звычайна я падарожнічаю разам з гуртом «Палац», і мы аб’ездзілі больш за 20 краін свету: Еўропа і краіны СНД, за выключэннем Туркменістана і Узбекістана. Асабіста я звычайна падарожнічаю па Беларусі і, мне здаецца, быў ужо ва ўсіх раёнах. Што датычыцца будучых выступаў ці запісаў, то, напэўна, хацелася патрапіць ў Амерыку, Кітай. Не былі, і хочам таксама ў Ізраіль, пабачыць Іерусалім, хоць гавораць, што гэта створыць праблемы з наведваннем арабскіх краін.

- Калі вы прыязжаеце ў незнаёмы горад, што імкнецеся паглядець ў першую чаргу? 

- У мяне з сябрамі ёсць адна традыцыя: калі патрапілі ў нейкі горад і маем час, абавязкова наведаць «стары горад» і галоўны, на наш погляд, храм. Мы заўсёды імкнемся апынуцца ў тым месцы, дзе пачынаўся горад. Гэта вельмі цікава і запамінальна. 

- Узгадайце, калі ласка, самыя незвычайныя сітуацыі, у якія давялося трапляць пры атрыманні візаў ці пад час падарожжаў.

- Памятаю, быў такі адзін выпадак у час вандроўкі ў Польшчу… У мяне замылася віза, прычым - шматразовы шэнген. Для мяне гэта было дзіўна. Да таго моманту быў упэўнены, што фарбы вiзы здольныя трымаць ваду гэдак-жа, як грошы. Аднак не, на візу патрапіла толькі некалькі кропелек, а ў мяне потым былі цяжкасці з мытнікамі. Аднойчы была віза з камп’ютэрнай памылкай. Пры друку візы адна рыска наклалася на другую, у выніку лічбы выглядалі так, быццам яны падцёрты. На мяжы потым таксама дурылі галаву.

- Якая віза у вашым пашпарце самая прыгожая?

- Нацыянальныя візы ўсе прыгожыя. Лічу, што цікавы дызайн ў кожнай візы, хоць канешне, на мой густ самая маляўнічая – шэнгенская. Тут злучаюцца і прыгажосць, і інфарматыўнасць. Незвычайныя арабскія візы, аднак там нічога не зразумела. Яны маглі б быць больш мастацкімі, інфарматыўнымі. 

- Вы, як актыўны падарожнік, напэўна, і сувеніры нейкія прывозіце. Што збіраеце?

- Зрэдку нешта прыводжу. Зараз ва ўсіх мода на магніты, бывае і я іх купляю, аднак не збіраю. Часцей за ўсе я прыводжу мясцовае піва ці віно, а так усё самае звычайнае: кашулькі якія-небудзь і іншыя дробязі. А насамрэч я калекцыянірую бэйджы з акрэдытацый фестываляў. Мяне і дызайн цікавіць, і тое, што там адлюстроўваецца. На мой погляд, гэта такая даволі цікавая ўзгадка. Пабачыў бэйдж, і з’яўляюцца ўсе асацыяцыі з тагачаснымі падзеямі.

- На ваш погляд, чым можа быць цiкавы Мінск для турыста з далекага замежжа?

- Тэма іміджа Мінска актыўна абмяркоўваецца таму, што ён толькі пачынае фаміравацца. Мне аднойчы давялося чытаць цікавы артыкул «Мінск – горад сонца». Там даволі падрабязна гаварылася пра архітэктуру… Упэўнены, што той дзіўнаваты постсавецкі канстуктывізм, які ўвайшоў у архітэктуру сучаснай сталіцы, крыху не наш. Для Беларусі больш ўласцівы невысокія дамы ў светлых фарбах, іх крыху імперскі стыль, які завуць сталінскім ампірам. А ён мае даволі светлую энергетыку і, на мой погляд, сугучны з Нясвіжскім, Гомельскім палацамі. Менавіта на гэта звяртаюць увагу мае сябры з-за мяжы. Таму я лічу, што фраза «Мінск – горад сонца» чапляе ды інтрыгуе адначасова. Ёсць яшчэ адна цікавая маляўнічая ідэя. Мінск – сталіца срэбраных аблокаў. Гэта такая атмасферная з'ява «серабрыстыя аблокі» ці «мезасферныя аблокі» якая назіраецца ў Беларусі даволі часта пры ясым надвор'і на закаце ці ўвасходзе сонца. Гэта прыродная адметнасць, якая магла б стаць нейкай асаблівай цікавосткай. 

- Якой кухні ўвогуле аддаеце перавагу?

- Цяжка адказаць адназначна. Вядома, што кухня Балкан адрозніваецца ад кухні Скандынавіі. Але, пры гэтым, я нават згодны з тым, што існуе такая з’ва, як эўрапейская кухня. Галоўная тут, канешне, нямецка-французская, а яна вельмі разнастайная: ад марскіх дэлікатэсаў да больш традыцыйных страваў, якія пераклікаюцца з беларускай кухняй. Гэта бігас, зразы, верашчака. Бульба і дранікі прыйшлі да нас даволі позна (з сярэдзіны XIX стагоддзя). А ў ежу бульбу пачалі ўжываць ўвогуле толькі пасля вайны з Напалеонам.

- Можа ёсць нешта, што асабліва уразіла ў нейкай краіне?

- У Грузіі было тое, што мяне з аднаго боку крыху здзівіла, з другога – вельмі парадавала… Краіна зусім небагатая. Там, нават, адчуваецца пасляваенны сіндром. Аднак, нягледзячы на гэта, амаль увесь інтэрнэт аплочвае дзяржава. Ён практычна ўсюды бясплатны. Акрамя таго, грузіны вельмі шануюць сваю мову. Яна не толькі старажытная, але і адна з чатырох моў свету якаяя не мае сабе падобных. Гэта сапраўды моцная культурная з’ява. Спадзяюся, грузіны яе захаваюць. 

- Можа ў вас ёсць нейкая мара артыста-падарожніка?

- Я бы марыў, каб у Беларусі з’явілася магнітная звышхуткасная чыгунка, ў вагоны якой можна было б грузіцца як на паромы, з уласнымі машынамі. І калі такі праект ажыццявіла б наша краіна ў Еурапейскім, ці Еўраазіяцкім маштабе, то гэта прынесла б надзвычайныя прыбыткі і змяніла ў'яўленні пра падарожжы ды камерцыйныя перавозкі ўвогуле. Уявіце, як добра з’ехаць з платформы цягніка на сваёй машыне, а потым накіравацца ў дакладна неабходнае месца. Гэта была б відавочная канкурэнцыя авіяіндустрыі, з яе перагружанымі аэрапортамі, таксоўкамі і шчыльнымі даглядамі якія адымаюць безліч часу. Упэўнены, што такой чыгукай не толькі беларусы, але і ўсе еўрапейцы карысталіся б з задавальненнем. І гэтая тэхналегіі ўжо існуюць, але праектаванне і здзяйсненне, канешне, патрабуе сур’ёзных ўкладанняў. Аднак, гэта мара будучыні…

Краіна мары Алега Хаменка. Здагадайцеся, якая!

- Дзякуй за размову!

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Пашпартны кантроль"

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах