Алесь “Bajsan” Плотка – PR-мэнэжэр грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”, спецыяліст у галіне камунікацыі, паэт. Да гэтага яшчэ варта дадаць – падарожнік, прычым са стажам: 17 візаў на 3 пашпарты – гэта вам не каровам хвасты круціць! Два з іх Алесь пагартаў разам з карэспандэнтам Holiday.by.

ПРА ГРУЗІНСКІ ТРЫЛЕР І ЎСТАНАЎЛЕННЕ ГІСТАРЫЧНАЙ СПРАВЯДЛІВАСЦІ

- Алесь, раскажы пра самае першае сваё падарожжа…

- З самых ранніх – выезд у Грузію з бабуляй. Ён быў запамінальным, таму што з бабуляй мы нікуды так далёка разам не ездзілі. Гэта быў сапраўдны трылер, бо я ўвесь час адмаўляўся есці. І не ў тым справа, што штосьці не падабалася, проста не хацелася. А для бабулі гэта было вельмі нервова. Давялося прыехаць бацьку і разруліваць сітуацыю… 

- Фізічнымі метадамі?

- Не, ментальнымі. І гэта чамусьці вельмі запомнілася, хаця мне было 5-6 гадкоў на той момант. Помню мора, узбярэжжа, горы і гэты сацыяльны пратэст супраць карных органаў у выглядзе бацькі. 

- А ці прадставілася потым магчымасць вярнуцца, каб рэабілітаваць Грузію ў сваіх вачах?

- Не, на жаль, пакуль не было, хаця прайшло больш за 20 гадоў. Па шчырасці, з радасцю вярнуўся б туды, прычым са значна большым апетытам, чым у дзяцінстве. Бо грузінскую кухню зараз вельмі шаную – з гадамі прыйшло разуменне. Будзе нагода вярнуцца ў Піцунду – закрыць гэты гештальт.

- Як атрымалася, што ў цябе застаўся “чырвоны” пашпарт?

- Гэты пашпарт выдаваўся ў 1996 годзе для выезду ў Амерыку – ў якасці замежнага. Відаць, у загашніку савецкіх пашпартоў заставалася яшчэ на добую пару гадоў, таму іх выкарыстоўвалі такім чынам. На яго ставіўся штамп, што я сапраўды грамадзянін Беларусі. Чым ён унікальны – на ім стаіць пячатка з гербам “Пагоня”. 

Чым ён яшчэ асаблівы для мяне і маёй сям’і – у гэтым пашпарце зафіксавана маё рускае імя Аляксандр, з якім я жыў 16 год. Маім бацькам забаранілі назваць мяне так, як яны хацелі першапачаткова – Алесем. Вяртанне імя адбывалася ў 2001 годзе, калі атрымліваў першы пашпарт у 16 гадоў. Беларуская бюракратыя прымусіла спачатку змяніць пасведчанне аб нараджэнні, а потым, на яго падставе, выдаваўся пашпарт на новае імя. Уся гэтая працэдура заняла паўгады, але гэта было сапраўднае вяртанее справядлівасці.

Плотка-Морфеус: выбірай - у якой рэчаіснасці жыць. Канцэптуальнае фота.

ПРА КРАІНУ МАРЫ І ЭМІГРАНЦКІЯ ДУМКІ

- Раскажы пра Амерыку. Што за паездка была?

- Гэта быў 1996 год, выезд з групай чарнобыльскіх дзетак, бо я сам з Гомеля. Дарэчы, гэта быў апошні год, калі беларускія дзеткі ездзілі ў Амерыку па гэтай праграме, апошні прызыў марскіх коцікаў… Амерыка стала першым такім глабальным, далёкім падарожжам. Самалет ляцеў з Масквы ў Сан-Францыска праз Полюс, і нам давалі граматы – прывітанне ад палярных мядзведзяў. Я тады з-за некаторых неспадзяванак пратусаваўся паўтара месяцы ў трох амерыканскіх сем’ях, пабачыў розных людзей, розныя звычкі – гэта быў цікавы досвед. Так атрымалася, што ў 12 гадоў рэгіён Сан-Францыска і наваколле былі мною дасканала вывучаныя. 

- Што такое яскравае запомнілася, якія асацыяцыі засталіся з Амерыкай?

- Зараз сказаў бы, што яскравае – пабачыў Гуантанама ў бінокаль. Проста перастаеш быць дзіцёнкам, становішся больш сацыяльным і па-іншаму ацэньваеш рэчы. Тады Амерыка падавалася краінай мараў. Хаця наяўнасць бамжоў была адразу заўважаная і стала легкім штрыхам да пазнейшых развагаў пра тое, што жыццё ёсць жыццё ў любой краіне – ёсць багатыя і бедныя, добрыя і злыя, проста у кожнага складваецца па-рознаму. Амерыка, дарэчы, так атрымалася, праходзіць праз усё жыццё, адзначаючы розныя яго перыяды… Потым давялося там пабываць яшчэ ў 2005 і 2009 гадах. 

Зараз размаўляеш з сябрамі, якія жывуць за мяжой, працуюць, і зусім па-іншаму асэнсоўваеш рэчаіснасць – і эканамічныя нейкія моманты, і іншыя. У кожнага свая эмігранцкая гісторыя. Таму заўсёды смешна чуць агульныя выказванні кшталту “у эміграцыі дрэнна” ці “вы дурні, што засталіся”. У кожнага свой лёс, свая гісторыя. Усё роўна дзіўным чынам любіш свой парадаксальны край… У мяне, напрыклад, сур’ёзных думак пра эміграцыю ніколі не ўзнікала да таго моманту, пакуль не пачалі будаваць АЭС у Астраўцы. Думаю, тыя, хто не жыў у Чарнобыльская зоне, больш лаяльна гэта ўспрымаць… Але я гэтую тэму успрымаю досыць востра. Будучы проста дзецьмі з Гомеля, якіх гэта прамым чынам закранула, ведаючы людей, якіх высялялі, гісторыі, якія змянілі лёсы карэнным чынам… 

Больш у гэтым пашпарце, акрамя амерыканскай, чэшскай візаў і тэрэспальскіх штампаў нічога няма. Можна карыстацца як запісной кніжачкай (смяецца). Вельмі шкада, што нельга пакінуць свой беларускі пашпарт пасля замены. Я ў пэўнай ступені фетышыст усіх гэтых штампікаў, візаў, люблю іх сесці пагартаць – адразу ўзгадваеш нейкія цікавыя рэчы. Бо фотаздымак табе малюе адразу карцінку, а штамп дае волю ўспамінам, фантазіі. 

ПРА РАМАН З ГОРАДАМ, БЕЛАРУСКА-ПАДЛЯШСКІХ ДЗЯЎЧАТ І ПЛАНЫ НА ПЕНСІІ

- Далей, у 16 гадоў, быў пашпарт на маё сапраўднае імя “Алесь”, які не захаваўся. З ім было першае “Басовішча”, выезд проста феерычны... Ён быў досыць нервовы, бо беларусы не хацелі мяне выпускаць. Мне не было 18-ці, і была патрэбная даведка ад бацькоў, што яны дазваляюць выехаць за мяжу. Яна была толькі ад маці. Памятаю, бацька дасылаў дакумент у Гародню, у ім была такая смачная шапка: “Всем пограничным постам Республики Беларусь! Я разрешаю своему сыну поехать на фестиваль авторской песни…”. 

Ехаў з сябрам, цягнікамі, з перасадкамі. Гэта было першае падарожжа ў свядомым узросце, са сваім пашпартам. Там было шмат уражанняў – і сам Беласток, і беларусы Падляшша. Гэта ўнікальны край у плане пытанняў самаідэнтыфікацыі, беларушчыны, унікальны анклав, таму што яны не з’яўляюцца дыяспарай, а з’яўляюцца беларусамі, якія жывуць на свёй зямлі ў межах цяпер ужо Польшчы. Падляшскія беларусы, і асабліва падляшскія беларускі, – гэта асаблівая катэгорыя людей. Там ёсць вельмі цікавыя мастакі, пісьменнікі, паэты. Словам, вельмі натхняльны рэгіён. Там ёсць такая асаблівая вёска, у якую гараджаніну можна закахацца, у жыццё пры зямлі, у тыя каштоўнасці, якія ўласцівыя жыццю на вёсцы… Усім раю з’ездзіць у Беласток, у тамтэйшыя вёскі. Проста трэба прайсціся крыху далей за “Ашан”. 

- У тым пашпарце, акрамя “Басовішча”, былі якіясь яшчэ візы?

- На “Басовішча” былі яшчэ ваучары, таму адмысловага штампу няма. Але з дарагіх сэрцу там была адмова ў амерыканскай візе. Я збіраўся з’ездціць на лета, папрацаваць падчас студэнцкіх вакацый, але мае дакументы не спадабаліся амерыканскаму боку. Але я быў вельмі ўпарты студэнт, таму ў наступным годзе візу-такі атрымаў. Хацеў у Амерыку – з’ездзіў! У Нью-Ёрк. Не магу сказаць, што мы шмат зарабілі, але правялі лета так, што будзе што расказаць унукам. 

У гэтым жа годзе, падчас студэнцтва ў гомельскім універсітэце, у мяне быў раман з Кіевам, гэты горад быў для мяне своеасаблівым месцам сілы. Там усё было класна, добра, смачна, танна. Потым усё значна змянілася, малако пачало каштаваць даляр, як і ў Беларусі... Але для нас, гамельчукоў, Україна была як такая беларуская Мексіка – гайда ў Чарнігаў, там заўсёды сацыяльная двіжуха, плакаты, агіткі, людзі нешта патрабуюць, змагаюцца… Сюды вяртаешся – тут зацішша. 

- Часта ганялі туды?

- Так, нават асаблівае такое стаўленне было да памежных цягнікоў: Берасце-Тэрэспаль, Гародня-Беласток, Гомель-Чарнігаў – гэта адзін маленькі універсум, дзе былі і смерць, і слёзы, і каханне, і, зразумела, мытнікі. Хацелася б пра гэты свет зняць кіно, напэўна, калі ўжо стану пенсіянерам (смяецца). Гэта была б рамантычная гісторыя: нейкія юнацкія закаханасці, напісанне вершаў у цягніку… Мы ўсе ў гэтых цягніках пражываем адпаведны момант жыцця. Ну, і імкненне да розных думак, аналізу… Дарэчы, нямала добрых вершаў было напісана менавіта ў цягніках. Базавая ментальная катэгорыя – пісаць у цягніку, працаваць у цягніку, нешта рабіць. 

- Можна сказаць, што цягнік для цябе – натхняльнае месца?

- Таак, можна. Там свае гісторыі, адныя фрыкі цягнікоў чаго каштуюць. Розныя цягніковыя хітрыкі…
 

ПРА АФОНЮ, КАНФУЦЫЯ І НЕЗАЧЫНЕНЫЯ ГЕШТАЛЬТЫ

- Самае смешнае ў гэтым пашпарце – мой фотаздымак: “Афоня, дай рубль да зарплаты!” Часта мяне па гэтым фота не пазнаюць. Тут яшчэ адна амерыканская віза, атрыманая ў 2009 годзе – дзякуй караблям. Амерыканскія караблі далі мне сербаў і перуанцаў, як разуменне блізкіх нацый, як захапленне людзьмі. Для мяне балканцы сталі такімі комрадамі, якіх можна браць у разведку, а сербы ўвогуле як браты – з падобнай да нашай ментальнасцю. Жыхары ж Перу – гэта лацінаамерыканцы са знакам якасці, а ніякія там не венесуэльцы.

- А давялося потым пабываць у Сербіі?

- Пакуль, на жаль, не. Ну, думаю, даеду. Дарэчы, з “карабельным” часам звязаны цікавы выпадак – я спазніўся на самалёт у Чыкага. Пайшоў патэлефанаваць да знаёмай. Прыйшоў – пасадка скончаная. Мы прыйшлі удвух з кітайскім дзядуляй, які таксама спазніўся на рэйс – я і Канфуцый побач са мной. На шчасце, далі квіток на наступны рэйс, бо было вольнае месца. Там такая сістэма, калі ты спазніўся, то цябе ставяць у стоп-ліст і ты трапляеш на першы рэйс, дзе ёсць вольнае месца. Прывітанне “Белавіа” – на заметку. 

- Колькі незачыненых гештальтаў – Грузія, Сербія, Чыкага… 

- Ну, так! Але сербы сапраўды нашы ментальныя браты: дапамагчы – значыць дапамагчы, а гуляць – значыць гуляць. На караблі са мной былі два браты-сербы – Мікола і Уладзімір. Мікола быў буддыстам. На яго дзень народзінаў я падарыў яму адзінае, што знайшоў у сваіх кішэнях – картку з івалгінскага дацана, адзінага, які застаўся пасля савецкай улады. Там сядзіць Далай-Лама, да якога я так і не патрапіў. Калі ты ідзеш на карабель, ты амаль нічога з сабой не бярэш – чыстае дао. Я аддаў сябру гэтую рэч, і гэта было адзінае, што пасавала гэтаму чалавеку. Сярод сяброў быў Эдуарда – лепшы сын перуанскай нацыі. Мы прасілі яго, каб ён мне і сябру прывёз аўэтэнтычную, з Лацінскай Амерыкі, калабаса для матэ. Каб гэта было менавіта аддтуль, з той самай зямлі. У апошнюю ноч перад маім адлётам быў яго дзень нараджэння. Я здабыў для яго торцік, што вельмі няпроста на караблі – замкнёнай прасторы. У знак падзякі і на развітанне ён падарыў мне сваё калабаса, сапраўднае, з капыта быка. Я перадаў яго свайму добраму беларускаму сябру. Гісторыя скончылася сакраментальным выразам ягонай мамы “Чтобы я этой гадости на кухне не видела!”. 

- А што ты ўвогуле любіш прывозіць у якасці сувеніраў? Можа, ёсць у калекцыі цікавыя рэчы як напамін пра падарожжа?

- Са знаёмымі, якія просяць прывезці магніцік, усё проста. Асабіста я імкнуся браць нешта аўтэнтычнае, чаго няма ў нашым рэгіёне. Я такім правілам кіруюся ва ўсіх паездках, ва ўсіх краінах. Людзям, якія пякуцца за свой сэрвіс, сваю кухню заўсёды прыемна, калі просіш – дайце як у вас, у вашым рэгіёне, так, як вы для сябе робіце. І ў адказ адразу атрымліваеш добрую ўсмешку і – “канешне!”. Асабліва ў Італіі, Грузіі такая рэакцыя распаўсюджаная.

Ці, бывае, купляю па натхненню – калі бачыш нейкую рэч і адразу ўспамінаеш пра пэўнага чалавека. Я так і сябрам кажу: калі пабачыш рэч, зразумееш, што – яно! – бяры. Адной знаёмай я важу камяні з розных месцаў, акіянаў. Ёсць яшчэ такі бзік, вельмі малады, – збіранне цэглы, штампаванай цэглы 18-19 стагоддзя. Беражыцеся – марадзеры побач! (смяецца) Мы ішлі аднойчы па Львову, а нейкія людзі пашыралі ўезд у гараж у старым будынку. І я заўважыў цэглу з ручной штампоўкай. Запытаўся, ці не будзе ім шкада адной цагліначкі для беднага беларуса… Калі яе пачысціць, пакрыць лакам, атрымліваецца вельмі прыгожа. На дом, канешне, давядзецца доўга збіраць. 

Тады я і ўзяўся шукаць інфармацыю – і знайшоў цэлыя форумы апантаных людзей, якія не на дом, дык на невялічкі сарайчык дакаладана ўжо назбіралі. Маёй цэгле, як я даведаўся, ужо гадкоў сто – такі Reiss існаваў прыкладна з 1905 па 1917 гады. Была пара заводзікаў, якія яго штампавалі. А другую цагліну прывезлі са Жлобіна – проста знайшлі на вуліцы. Таксама са штампоўкай. Іх усяго парачка, але калі казаць пра нейкія зэхеры, то вось менавіта гэта – аўтэнтыка. Магчыма, з гэтай калекцыі потым можна будзе ў доме зрабіць прыгожую нішу, залакіраваць, не ведаю… Проста падабаюцца рэчы з гісторыяй. Такія рэчы сапраўды цешаць, таму іх не так шмат. Але прашу гэта не ўспрымаць як сігнал разабраць вежу Гедыміна (смяецца).

- А што прывёз з Усходу? 

- Адтуль засталіся толькі думкі, бо картка была аддадзена сербскаму буддзісту. Але ўся справа не ў рэчах, а ў думках. Кожная дарога – гэта думкі, развагі… 
 

ПРА МЕСЦЫ СІЛЫ І ЖОНКУ, ЯКАЯ НЕ ХОЧА Ў ПАРЫЖ

- А ёсць такі горад ці месца, улюбёнае, куды заўсёды хочацца вяртацца?

- У шырокім сэнсе, калі мы размаўляем пра Захад-Усход, то Зямля круглая і гэта ўсё вельмі ўмоўна – Захад ці Усход, Прага ці Бурація… Але самае сакральнае месца для мяне – гэта мост на станцыі “Баранавічы-Цэнтральныя”. У Баранавічах я часцяком бываў у свайго дзеда, у якога я увесь пайшоў у сваёй упартасці. Стоячы на мосце і гледзячы, як з горкі ідуць вагоны, я люблю падумаць пра жыццё. Вось гэта тое месца, куды я буду заўсёды вяртацца, дзе мне заўсёды добра. А свет? А свет прыгожы – і Нью-Ёрк, і Бурація.

- Дарэчы, што падштурхнула ў Бурацію ехаць?

- Была частка жыцця, калі нага трапляла па Расіі ўсюды ад Санкт-Пецярбурга да Уладзівастока. І Бурація – вельмі прыгожае месца і геаграфічна, і па-чалавечы. З гэтых паездак мне больш запалі ў душу нейкія этнічныя регіёны – праз разуменне людзей, хай сабе нават і ў саставе федэрацыі. Тыя ж бураты, якія маюць сваю тоеснасць, тыя ж удмурты, башкіры, татары – усе яны ганарацца сабой, культурай, народнасцю, вельмі моцна трымаюцца за карані. Мяне вельмі ўразіла калісьці Ёшкар-Ола, вельмі спадабаліся мясцовыя людзі – падаліся падобнымі да беларусаў, спакойныя, ураўнаважаныя, у іх таксама усё чысценька, прыбраненька, такі постаграрны край, але ментальна я сябе там пачуваю як дома.

Моцная розніца – Расія да Урала і пасля. Сібір, Далёкі Усход – там людзі больш чуллівыя адзін да аднаго. Есць яшчэ цікавыя мясціны – Алтай. Вось туды хацеў бы вярнуцца, бо там горы, а горы – гэта думкі… Да Камчаткі не даехаў – з’ездзіў бы туды, бо там абсалютна ўнікальныя геаграфічныя месцы ёсць, запаведнікі. Захад я ўжо аб’ехаў, час час рухацца на Усход. Рускія шмат рупяцца пра туры ў запаведнікі. Яны дарагія, але ёсць – па Якуціі, па Камчатцы, пад Уладзівастокам. Зараз можна зладзіць вандроўку нават на атамным ледаколе “Ленін”, гэта, зразумела, каштуе нешта каля 25 тысяч еўра. Але людзі мэтанакіравана займаюцца развіццём унутранага турызму і робяць гэта няблага.

- А ты вандраваў заўсёды сам ці праз турфірмы?

- Напэўна, Чэхія ў 1997 годзе – адзіная такая паездка, дый тое я быў дзіцём. Заўсёды сам планую, сам набываю ўсе квіткі-лоукосты-пералёты-кватэры… Мне падаецца, што гэта ўсё вельмі лёгка. Да таго ж, скажам так, я пакуль не бачыў такой турыстычнай прапановы, якая была б мне цікавая. Самі выбіраем, дзе жыць, як і што есці, што глядзець. Вось, дарэчы, у мінулы Новы год была цудоўная гасцініца ў Клайпедзе. У гэтым годзе выдатна з жонкай з’ездзілі ў Венгрыю. 

- А па якім прынцыпе выбіраеце – куды ехаць?

- Венгрыя – таму што я з юнацтва хацеў трапіць на фестываль “Зігет”, з якога, дарэчы, у мяне застаўся пашпарт – там раздавалі свае, фестывальныя. А па-другое, такія летнія вандроўкі я планую моцна загадзя, каб была магчымасць знайсці добрыя прапановы лоукостэраў. Было шмат танных прапановаў па Венгрыі. Таксама шмат звычайна па Парыжы, але жонка чамусьці не хоча ляцець у Парыж – вось так і запішыце. Будапешт таксама вельмі класны, было цікава з венграмі пазнаёміцца, з культурай краіны, параўнаць.

- Што найбольш запомнілася з Венгрыі?

- Кухня. Было ўсяго шмат, было смачна, па-добраму здзівіў памер порцый. У Кіеве памер порцый хутка вяртае цябе ў “добры дзень, ты дома”. Смешна, што мова зусім незразумелая. Так едзеш, звычайна, чапляешся за знаёмыя ангельскія словы, славянскія – там падобныя карані, італьянскія – бо падобна да лацінскай. А ў Венгрыі ты як у Японіі, бо ў фіна-ўгорскай мове ты ні за што не можаш зачапіцца. Уразіла, што людзі там вельмі венграцэнтрычныя і вельмі ганарацца сваёй прадукцыяй. Беларусам гэтага не хапае. І ў турызме таксама. Няма разумення, што сапраўднае беларускае – гэта класнае. Бо ёсць жа і аграсядзібы, і замкі. Але, канешне, пытанне інфраструктуры пакуль застаецца… 
 

ПРА ІРЛАНДСКІЯ СТАЎТЫ, ТРЭШ І РАЗВІЦЦЁ ТАЛЕНТАЎ

- А ці была такая паездка, што ну проста трэш?

- Ну, Чыкага, але гэта быў аднадзённы шок. Смешная гісторыя пра раздзяўбайства з багажом адбылася на вылеце з Казахстана. У аэрапорце паказваем рэчы, чалавек на кантролі кажа, што ваду трэба здаць у багаж. І толькі потым ты праходзіш багаж, прычым ніхто не кантралюе – здаў ты туды ваду ці не. Вось ён сказаў, што, скажам, вадзічку-ножычак нельга з сабой, а насамрэч ніхто не кантралюе… І невядома чым такое раздзяўбайства абернецца ў салоне самалёта. Гэта быў шок для мяне.

- Ты сказаў, што для цябе Кіеў – месца сілы…

- Як адно з. Пэўны этап у жыцці звязаны з гэтым горадам. Калі быў студэнтам,ненавідзеў Менск і вельмі любіў Кіеў. У Кіеве быў рок-н-ролл, каханне і беларуская Мексіка. А Менск быў горадам бюракратыі, нейкіх паперак, гэткі шэры офіс. Потым гэта змянілася наадварот, адбылася змена этапаў жыцця – кіеўскага на менскі. У мяне год пайшоў на тое, каб урэшце палюбіць Менск. Увогуле я многа гарадоў люблю – і Менск, і Гомель, але яны не замяняюць той мост у Баранавічах, бо яго нішто не заменіць – ні Кіеў, ні Нью-Ёрк, ні Кактыбель, ні Улан-Удэ. 

- Калі надарыцца адпачынак, куды паедзеш ў першую чаргу?

- З незакрытых гештальтаў на Захадзе засталася хіба што Ірландыя – вельмі хачу ў гэтую краіну. Яшчэ калі быў у Англіі – вазіў чарнобыльскіх дзетак, зразумеў, што ірландцы і шатландцы адрозніваюцца ад англічанаў так жа, як украінцы і беларусы адрозніваюцца ад расіянаў. Ментальная блізасць невялікіх нацый і этнасаў для мяне ёсць у гэтых стасунках з ірландцамі, з іх жартачкамі пра англійскую каралеву як у нас пра Маскву, саюз, імперскую дзейнасць. Пара ірландцаў была сустрэта ў жыцці, аказаліся вельмі цікавыя людзі. Да таго ж ірландскія стаўты самыя класныя. Дый усё, што датычыцца Ірландыі, вельмі пасуе, вельмі маё. Але калі дакладна паеду не ведаю, бо трэба віза. 

- А як ты сабе ўяўляеш Ірландыю?

- Я думаю, што там жывуць гэткія англамоўныя сербы. Калі сербы – гарачая нацыя сярод славянаў, то ірландцы для англамоўнага свету – такі ж драйв. Ні на секунду не сумняваюся, што гэта так! Шчырыя,адкрытыя людзі, з якімі крыху давялося пагаварыць, але гэтага хапіла, каб атрымаць уяўленне пра іх .

- Алесь, ты як творчы чалавек павінен любіць маляваць. Намалюй, як ты ўяўляеш сабе Ірландыю, краіну свёй мары. Вядома, ты паэт, але і іншыя таленты трэба развіваць.

- Мелкую маторыку? (смяецца)

- Любіў маляваць у дзяцінстве?

- Неа.

- Вось яно цябе і знайшло.

- Дзякуй за размову і малюнак!
 

BARANOWICZY BAJSAN BLUES, ці Ласкава вітайма на месцы сілы Алеся Плоткі (аўтарскае відэа)

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Пашпартны кантроль"

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах