15 верасня 2019 г. у г. Міёры Віцебскай вобласці адбудзецца экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, якое стала ўжо традыцыйным для рэгіёна і пройдзе ўжо ў сёмы раз.
Менавіта ў гэты час, у верасні, распачынаецца сезон збора карысных ягад – журавінаў, запасамі якой багатая Міёршчына. І кожны год больш за 4000 серых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў спыняюцца на адпачынак на мясцовым балоце Ельня падчас восеньскай міграцыі. Таму ўжо традыцыйна госці свята змогуць пачаставацца журавінамі і журавінавымі стравамі, а таксама паўдзельнічаць у назіранні за жураўлямі.
У гэтым годзе свята набыло новы імпульс для развіцця – яно стала часткай вялікага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”. Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і скіраваны на паляпшэнне жыцця жыхароў Міёршчыны на аснове рэлізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця рэгіёна. Па словах намесніцы старшыні Міёрскага райвыканкама А. У. Шалонькі, “дзякуючы Праекту і святу, госці атрымаюць выдатную магчымасць “пакаштаваць на смак” гасціннасць і таленавітасць жыхароў Міёрскага краю. Акрамя гэтага, падчас свята будзе запачаткавана цікавая ініцыятыва − стварэнне унікальнага Музея жураўлёў і журавінаў, экспанаты для якога будуць сабраныя высілкамі мясцовых жыхароў і ўсіх жадаючых”.
Пачатак свята ў 11.00, афіцыйнае адкрыццё – ў 13.00.
Месца правядзення – гарадскі парк “Паўвостраў”, г. Міёры.
Насычаная праграма свята уключае ў сябе конкурс і прэзентацыю “Жураўліны кірмаш-2019” сярод сельскіх падворкаў Міёрскага раёна, выступленні творчых калектываў Міёршчыны і гасцей з Латвійскай Рэспублікі. Упершыню на сцэне гарадскога парка “Паўвостраў” выступіць фольк-гурт PAWA.
Адметнасць свята – магчымасць разам з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і арнітолагамі паназіраць за жураўлямі і пабываць на экасцежцы на балоце Ельня.
А таксама гасцей чакаюць шматлікія майстар-класы для дзяцей і дарослых, дэгустацыі, інтэрактыўная фотазона, праца пляцоўкі ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Праектнай пляцоўкі, мабільны планетарый, квесты, экашопінг і шмат-шмат іншых цікавостак!
“Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” – свята як мінімум – 5 у адным!
- яднанне з прыродай (прайсціся па балоце Ельня і паназіраць за жураўлямі)
- адпачынак у добрай кампаніі на вясёлым свяце
- умацаванне фізічнага стану (дзякуючы гаючаму паветру і “эліксіру здароўя” – журавінам)
- эканамічная выгода: шопінг на кірмашы майстроў
- новыя ўражанні і сюрпрызы!
Шчыра запрашаем!
Падрабязную праграму свята глядзіце ніжэй.
Кантактная асоба – Надзея Дударонак, мясцовы каардынатар праекта,
+375 33 370 99 16, mioryproekt@tut.by
Праграма экалагічнага свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”
9-14 верасня
- экалагічны тыдзень “Чароўны край малой Радзімы” (установы адукацыі Міёрскага раёна);
- конкурс на лепшага здатчыка журавінаў.
10 верасня
Паседжанне клуба маладой сям’і “Жураўлінаю сцежкай”.
14 верасня
- урачыстая рэгістрацыя шлюбу “Жураўлінае вяселле” (каля скульптуры “Жураўліная вернасць”, г. Міёры, плошча Леніна, 14);
- урачыстае вітанне “Жураўліная вернасць” (каля скульптуры “Жураўліная вернасць”);
- міжраённы турнір інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” на кубак старшыні Міёрскага раённага выканаўчага камітэта (Міёрскі раённы Дом культуры);
- адкрыты кубак раёна па валейболу сярод жаночых каманд (Міёрская ДЮСШ);
- конкурс “Смак журавінаў” (па збору журавінаў) сярод прафсаюзных аб’яднанняў і жадаючых.
15 верасня
09.30 – семінар “Міжнароднае супрацоўніцтва як інструмент устойлівага развіцця Міёрскага раёна” (малая зала Міёрскага раённага выканаўчага камітэта).
Гарадскі парк:
11.00 – адкрыццё выставы-продажу вырабаў народных майстроў “Жураўліная скарбонка” з правядзеннем майстар-класаў;
12.00 − выступленне калектываў г. Даўгаўпілса і Крустпілскага краю (Латвійская Рэспубліка);
11.00 – 13.00 – конкурс “Жураўліны кірмаш-2019” сярод сельскіх падворкаў Міёрскага раёна;
11.00 – 15.00 – прэзентацыя сельскіх падворкаў;
13.00 – урачыстае адкрыццё свята, узнагароджанне пераможцаў раённых конкурсаў:
− па добраўпарадкаванню;
− сярод сельскіх падворкаў;
− па збору журавінаў і лепшых здатчыкаў журавінаў;
− захавальнікаў Ельні;
− “Гатуем з журавінаў разам” (ад раённай газеты “Міёрскія навіны”).
14.00 – тэатралізавана-канцэртная шоу-праграма “Жураўліная нота”;
16.30 – канцэртная праграма фольк-групы “PAWA”;
22.00 – святочная тэматычная дыскатэка “Жураўліны опэн-эйр”.
Цягам дня:
Прэзентацыя пляцоўкі Грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”:
- работа інфармацыйнага стэнда (інфармацыя пра працу ў межах Праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, пра тэрыторыю Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”, пра дзейнасць арганізацыі);
- назіранне за жураўлямі (кожную гадзіну адпраўленне аўтобуса ад Гарадскога парку, работа арнітолагаў на полі, запіс на экскурсію, суправаджэнне экскурсіі);
- экскурсіі па экасцежцы (суправаджэнне спецыяліста);
- інтэрактыўная фотазона “Жураўлі і журавіны − 2019” і майстар-клас для дзяцей;
- майстар-клас “Адчуй сябе жураўлём”;
- тэматычны аквагрым;
- тэматычны “Жураўліны квэст”;
- выраб эка-сувеніраў.
- Праектны офіс прапануе:
- работа інфармацыйнага стэнда (інфармацыя пра Праект “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”);
- майстар-клас па пляценню з траў;
- роспіс пернікаў з выявамі журавінаў і жураўлёў;
- продаж расады садовых журавінаў і дурніц (галубікі);
- акцыя “Фотасушка “Гісторыя свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”;
- акцыя “Створым музей разам” (пачатак фарміравання калекцыі будучага Музея журавінаў і жураўлёў);
- продаж сувенірнай прадукцыі.
Таксама вас чакае:
- работа прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь з прэзентацыяй-дэгустацыяй і продажам прадукцыі;
- продаж журавінаў “Менш пластыка – больш журавінаў”;
- выстава экалагічнай літаратуры “Журавель-асветнік” (ад Міёрскай цэнтральнай бібліятэкі і Сектара спорту і турызму Міёрскага раённага выканаўчага камітэта);
- выстава краязнаўцы Вітольда Ермалёнка “Малая Радзіма пачынаецца з зямлі”;
- дзіцячая гульнёвая праграма “Вясёлы жураўлік”;
- работа моладзевай арт-пляцоўкі “Пакаленне NEXT” – квэст “Мой горад”, конкурсная праграма для моладзі;
- экапляцоўка “Новае жыццё ў абмен на крышачкі”;
- “Як стварылася планета Зямля” (фільм, работа мабільнага планетарыя);
- “Журавель запрашае” (бясплатнае наведванне і экскурсійная праграма па візіт-цэнтру “Ельня”, г. Міёры, вул. Кірава, 4а).