Па выніках 2019 года рубрыка “На машыне па Беларусі” на Holiday.by увайшла ў топ-10 самых папулярных старонак сайта. Да таго ж днямі мяне запрасілі на легендарныя моўныя курсы “Мова Нанова”, дзе я распавёў пра свае аўтавандроўкі па Беларусі. Нейкі рэйтынг мне зрабіць цяжка, таму па чарзе ўзгадвання саставіў спіс, куды ў Беларусі смела можна ехаць з сябрамі. Трымайце вашыя аўтапрыгоды 2020 года. Кожны пункт суправаджаю нататкамі, чаго чакаць ад вандроўкі.
#1. Тут жылі вікінгі… Гарадзішча “Маскавічы” на Браславах
Дзе: вёска Маскавічы (55.640, 27.037) у Браслаўскім раёне
Што ўбачыць: вялікі пагорак побач з дарогай. Папярэдне раю пачытаць гісторыі пра шлях з варагаў у грэкі на Беларусі, пра першае хрышчэнне гэтых зямель вікінгамі і г.д. Гэта адзінае ў межах сучаснай Беларусі месца, дзе стала жылі, а потым аселі, скандынаўскія вікінгі. Аб гэтым сведчаць знаходкі археолагаў 1976-88 гг. Месца сёння нічым не прыкметнае – то бок жадаць ад яго нечага больш за панарамныя здымкі, не трэба. Таму трэба сумяшчаць з іншымі лакальнымі цікавосткамі.
З чым сумясціць: побач з Маскавічамі ёсць так званы “Русцяговы шлях”, вялікая маляўнічая града, на якой раскрываецца ўся прыгажосць азёрнага края. Загадкавае ідэальна круглае возера “Божае вока” зусім побач. Мой жа фаварыт актыўнасцей на Браславе – ранішняе “сафары” і назіранне за дзікімі жывёламі. Па гэтую паслугу варта звярнуцца ў офіс нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”. Хлопцы добра ведаюць, дзе раніцой можна блізка ці праз бінокль пабачыць жывёл.
Дзе спыніцца: аграсядзібы ў Браславе і на азёрах
#2. Рэзерват “Прыбужскае Палессе”. Чарапахі ды папараць-кветка
Дзе: на поўдні Брэсцкага раёна – на мяжы з Украінай і Польшчай, офіс ёсць у Брэсце (51.7636, 23.7738)
Што ўбачыць: рэзерват – гэта як “нацпарк”, але ахоўваецца не толькі прырода, але мясцовая культура нават с жыхарамі. Прыбужскае Палессе – гэта сапраўдны “прыморскі” край. Нажаль мора – тое самае Герадотава – даўно высахла, пакінуўшы нам бялюткі пясок, дзюны, чарапах (сёння – балотных) і цікавую прыроду. Калі пра людзей, то тут трэба чуць мясцовую гаворку, каб нічога не зразумець і прасіць паўтарыць яшчэ раз. Да таго можна знайсці шмат цікавых дэталяў у сялянскіх пабудовах (напрыклад аналаг нямецкага “фахверка”).
З чым сумясціць: калі цікава архітэктура – то тут можна знайсці прыгожыя прыклады т.зв. “польскай” архітэктуры – станцыі чыгункі, дзе нават здымаліся фільмы. Зацікаўленым у загадкавай гісторыі Беларусі будзе цікава пачуць пра паселішчы “галандэраў”, пра якіх нешмат вядома. Вядомая папараць-кветка таксама можа быць знойдзена ў гэтых мясцінах. Ідэальны мікс: пару дзён у лясах, а затым паход па непапсовых лакацыях Берасця.
Дзе спыніцца: катэдж ці аграсядзібу можна зняць у Берасцейскім раёне
#3. Сафары па Налібокскай пушчы: зубры, коні і глушцы
Дзе: недалёк ад Менска у Валожынскім раёне (53.985, 26.479), а яшчэ лепш звярнуцца да ўладальніка аграсядзібы “Налібоцкія васількі” – Васілія Шакуна.
Што паглядзець: менш гадзіны машынай ад Менска і ты трапляеш у цудоўны свет той самай “унікальнай беларускай прыроды”. У мясцовага прыроднага заказніка і ўладальнікаў некаторых аграсядзіб ёсць распрацаваныя гатовыя маршруты. Паглядзець на зуброў не ў заапарку, а на выпасе. Нядаўна ў пушчу завезлі дзікіх коней, да якіх таксама можна завітаць. Ёсць алені і глушцы. Акрамя таго мясцовыя жыхары ведаюць шмат цікавых гісторый пра хутарскія пасяленні, якія былі тут да сярэдзіны мінулага стагоддзя.
З чым сумяшчаецца: с добрай лазняй увечары ў адной з пушчанскіх сядзібаў.
Дзе спыніцца: больш за ўсё файных аграсядзіб у Валожынскім раёне
#4: Інстаграмеры, наперад! У Варацэвіцы да Орды
Дзе: вёска Варацэвіцы на Брэшчыне (52.1090, 25.3750), Іванаўскі раён
Што паглядзець: як працаваў першы беларусі інстаграм-блогер. Шмат хто ведае Напалеона нашага Орду па літаграфіях з аднолькавым “фільтрам-сэпіей”. Дык вось мастак працаваў па ўсіх канонах блогерскага жанра. Ён вандраваў па наваколлі, рабіў замалёўкі рэчаіснасці, затым апрацоўваў малюнкі, рабіў выставы, на якіх зваў “падпісчыкаў”, каб збіраць “падабайкі” і манетызаваць творчасць – прадаваў альбомы. Музей варты ўвагі да і мясціны маляўнічыя.
З чым сумяшчаецца: з вандроўкай у Пінск ці паездкай на кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” ў вёсцы Моталь.
Дзе спыніцца: можна заночыць у адной з сядзіб Іванаўскага раёна
#5. Пінск. Вы толькі паглядзіце на гэтыя вітрыны крамаў!
Дзе: у Пінску (52.126, 26.088) паўсюль
Што паглядзець: па-першае пагуляць па паўднёвым беларускім горадзе, дзе заўжды цяплей, чым дзе ў Беларусі. Па-другое, наведаць шыкоўны музей Беларускага Палесся ў будынку былога іезуіцкага калегіума ў цэнтры горада. Пажадана замовіць там экскурсію з гідам – будзе нашмат цікавей. Па-трэцяе, надаць увагі лакальнаму нэймінгу крамаў – мясцовы гумар прысутнічае. Калі цёпла не забудзьцеся на прагулку на караблі па рацэ.
З чым сумяшчаецца: Пінск самадастатковы, каб правесці тут два поўныя дні. Я раю Іванава і Варацэвічы як радзіму Напалеона Орды. Цікава заехаць у вёску Дубое, каб пабачыць адзіную з нешматлікіх ручных паромных пераправаў праз раку (таксама вялікі парк былой сядзібы). Каларытна ў Кудрычах ды Качановічах, але гэта проста вёскі, таму лепш прысвяціць час Пінску.
Дзе спыніцца: глядзіце гатэлі Пінска і сядзібы за горадам тут
#6. Пасябраваць з галавой… у Полацку
Дзе: Полацак (55.486, 28.758) на поўначы Беларусі
Што паглядзець: акрамя класічнай экскурсіі ці маршрута па асновах беларускай дзяржаўнасці (Сафія, Барысаў камень, Еўфрасіннеўскі манастыр) раю вылучыць дзень на наведванне цікавых полацкіх музеяў. Сярод майго “топа” гэта – “гаварачая галава” ва ўніверсітэце (з ёй можна паразмаўляць па экзестынцыяльных пытаннях і пачуць адказы!); музей беларускага кнігадрукарства; цікавы прыродазнаўчы музей з агромністай ваданапорнай вежай – зараз аглядальнай пляцоўкай і абавязкова прыватны музей сярэдневечнага рыцарства.
З чым сумяшчальна: горад такой колькасці гістарычных напластаванняў цяжка з чымсці яшчэ сумясціць – будзе забагата інфармацыі і актыўнасці.
Дзе спыніцца: тут ёсць гатэлі Полацка і аграсядзібы ля горада
#7. Чачэрск. Самалёт. Ратуша
Дзе: у Чачэрску (52.919, 30.916) на Гомельшчыне
Што паглядзець: бадай што самы невідавочны пункт майго спіса. Справа ў тым, што ў Чачэрску дакладна тры цікавосткі – ратуша з неблагім краязнаўчым музеем, царква-ратонда і зачынены пасажырскі самалёт у цэнтры гарадка. Усё. Але атмасфера Чачэрска чымсці незвычайная асабліва для мяне. Раз-пораз трэба рабіць не зусім ардынарныя вандроўкі. Паспрабуйце і вы.
З чым сумясціць: адказа на гэтае пытанне ў мяне няма. Я сумячаю паездкі ў Чачэрск з доўгай дарогай ад Менска. За стырном машыны за паўдні паспяваеш адпачыць ад офісных спраў і пабыць сам з сабою ці паразмаўляць з сябрамі, з якімі паехаў на усход Беларусі.
Дзе спыніцца: ёсць трохі аграсядзіб ля Чачэрска тут
#8. Дыхайце, вы на балоце!
Дзе: Ельня, Бярэзінскі запаведнік ці Альманскія балоты. Гэта розныя куткі Беларусі і кожны з іх цікавы па-свойму.
Што паглядзець: незвычайнае. Насамрэч, пакуль не пабываеш у такіх мясцінах, складана ўявіць, што ёсць такое “вялікае балота” ці “балотны масіў”. Гэта сапраўды космас! Па-першае, тут незвычайная расліннасць, якой мы не бачым у звычайным жыцці. Па-другое, калі прыехаць увесну ці восенню, можна ўбачыць разам шмат натуральных прыродных колераў. Па-трэцяе, гэта тыя самыя “лёгкія Еўропы” – адсюль кісларод ветрам пераносіцца далёка на Захад ад Беларусі. З дасведчанымі гідамі можна прайсці па экатрапе, праехаць на снега-балотаходзе ці пешшу і ў балотаступах па “багне” і на сабе адчуць, что такое “людзі на балоце”. Гэта вельмі незвычайна.
З чым сумяшчаецца: усё залежыць ад накірунка. Бярэзінскі запаведнік можна сумясціць з актыўным адпачынкам на той жа тэрыторыі – конныя паходы, байдаркі па адной са старэйшых у Еўропе водных сістэм, добрая база адпачынку. Ельню можна наведаць падчас аутэнтычнага фестываля “Журавы і журавіны”, які штовосень праводзяць у Міёрах. Альманы добра стыкуюцца з наведваннем Пінска.
Дзе спыніцца: цікавыя аграсядзібы маюцца ў Міёрскім, Лагойскім і Столінскім раёнах Беларусі. Абірайце ў залежнасці ад накірунка.
#9. Аграсядзіба “Запаведны востраў” і цэнтр Еўропы
Дзе: ля вёсцы Шо побач з Глыбокім (55.167, 28.250) на Вицебшчыне
Што паглядзець: гэтае месца ў нашай краіне, што як мага лепей раскрывае тэрмін “аграсядзіба”. Натуральнае дрэва ў пабудовах, свая невялікая сельская гаспадарка, натуральная беларуская ежа, добрая лазня на возеры і апантаныя сваёй справай гаспадары. Сюда трэба прыязжаць як за проста адпачынкам, так і сачыць за сацсеткамі сядзібы – уладальнікі пачалі прапаноўваць анімацыйныя і традыцыйныя святочныя праграмы. Цікава тое, што побач з сядзібай знаходзіцца возера Шо – у цэнтры якога (па вымярэннях вучоных!) знаходзіцца адзін з афіцыйна прызнаных цэнтраў Еўропы. Для турыстаў яго “філіял” працуе ў Полацку, а дакладна сам цэнтр – на возеры. Вось такі адпачынак можа быць у самым цэнтры Еўропы.
З чым сумяшчаецца: аднолькавая адлегласць ад сядзібы як да Полацка, так и да Глыбокага. Апошні можна наведаць падчас “Вішнёвага” фестываля.
Дзе спыніцца: аграсядзіба "Запаведны востраў" складаецца з шэрагу прыгожых домікаў. Яны карыстаюцца попытам - таму замаўляць адпачынак тут трэба загадзя. Калі раптам не будзе месцаў - звярніце ўвагу на сядзібы Глыбоцкага раёна таксама.
#10. Прамысловая экскурсія. Вам трактары ці самазвалы?
Дзе: БелАЗ у Жодзіна ці МТЗ у Менску
Што паглядзець: тут ня толькі пра “паглядзець”. Прамысловыя экскурсіі – гэта яшчэ і пра “зрабіць уласнымі рукамі”. БелАЗ вам сабраць не дадуць, а вось на Мінскім трактарабудаўнічым заводзе за невялікія грошы вы майстрам папрацуеце. Я вельмі хваляваўся, калі збіраў трактар, што пойдзе ў Латвію. Падпісваў нават неякія паперы. У Жодзіна візуальных эмоцый хапае вышэй галавы – такія велічэзныя машыны ня тое што ў аб’ектыў смартфона, у галаву не змяшчаюцца. На пляцоўцы БелАЗа можа пашанцаваць убачыць самы вялікі ў свеце самазвал. Пачуццё гонару за краіну вам забяспечана.
З чым сумяшчаецца: МТЗ знаходзіцца ў Менску, таму выязжаць за межы горада не прыйдзецца. Калі ёсць жаданне і грошы то можна запісацца на невялікі тэст-драйв самага буйнога трактара з “калекцыі” завода. У Жодзіна яб раіў таксама не эканоміць, а заплаціць за “пакатушкі” на самазвале. Гэта ня будзе самым вялікім (бо каб толькі запусціць рухавік патрэбна паліва на кошце як весь бюджэт горада ў дзень, напэўна), але машына будзе вялікай. Цікава сядзець побач з кіроўцам у гэтым гмаху і ехаць у кабіне на вышыні трэцяга паверха дома.
Дзе спыніцца: нас чытаюць ня толькі менчукі, таму гатэлі сталіцы ці сядзібы побач можна паглядзець тут. Калі выправіліся ў вандроўку на БелАЗ, то зазірніце па начоўку ў адну з аграсядзіб Мінскай вобласці ў тым накірунку.
Аўтападарожжы на Holiday.by: маршруты, тэст-драйвы, рэпартажы
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах