Восень уступіла ў свае правы, але гэта не падстава для таго, каб сумаваць і сядзець дома. Каго паслухаць, куды схадзіць ды што карыснага для сябе даведацца на тыдні з 20 па 26 верасня - чытайце ў чарговым аглядзе.

Каб паглыбіцца ў акустычныя цуды, можна паслухаць што-небудзь з асабістага плэера. А можна не заленавацца і схадзіць на канцэрцік - там цудаў будзе дакладна больш! У пятнічны вечар на добрую музыку нас запрашае Яўген Барышнікаў з праграмай “Рагнадзенства”. Акустычная сустрэча пройдзе ў маладой, але набіраючай абароты этна-краме “Рагна”. Можна будзе паглядзець на этнаграфічныя ды археалагічныя штукі, а таксама прыкупіць аўтарскія рэчы ў атнастылі. З сабой для ўтульнасці пажадана мець падушачку для сядзення. 

Дзе: этна-крама “Рагна” (вул. Сухая, 4, станцыя метро “Фрунзенская”)

Калі: 20 верасня (пятніца), 19:00

Кантакты: +375 (44) 541-47-68

Уваход вольны



Усе ў Вязынку! У суботу на гістарычнай радзіме Янкі Купалы пройдзе галоўнае свята восені - Багач. У беларускім календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая і першаму запальванню васковай свечкі ў лубке з жытам. Яе ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года - каб шчасцейка ў хату прыносіла.

Падчас свята нас чакае абрад: абыход будынкаў музея з "багачом" усімі ўдзельнікамі. Пасля абраду можна будзе паслухаць традыцыйныя восеньскія, жніўныя, мужчынскія сьпевы. А 12:30 адчыняць свае ўмоўныя “дзверы” святочны кірмаш, гульнявая пляцоўка, рамеснікі (выцінанка, ткацтва паясоў, ганчарства, лазапляценне, беларуская лялька, разьба і кавальства). З 13:00 да 15:00 будзе дзейнічаць кропка традыцыйнай беларускай кухні. Там можна будзе набыць нешта і каб пад’есці, і каб сагрэцца. Напрыканцы свята танцавальны клуб “Сіта” абяцае разварушыць усіх і кожнага!

Дзе: Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы (в. Вязынка, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць)

Калі: 21 верасня (субота), пачатак мерапрыемства а 12.00

Квіток: агульны 10.000 руб, студэнтам 7.000 руб, школьнікам 5.000 руб

Кантакты: +375 (29) 842-57-89



У нядзелю 22 верасня ў межах правядзення акцыі “Дзень без аўтамабіля - 2013” ў Мінску адбудзецца шэраг бясплатных пешаходных экскурсій пад назвай “Гістарычны Мінск вачыма пешахода”. Дасведчаныя экскурсаводы пазнаёмяць нас з таямніцамі вуліц Карла Маркса і Камсамольскай, правядуць па маршруце мінскай конкі і па слядах сталінскага ампіра. Акрамя іншага, у нас будзе унікальная магчымасць адшукаць прывідаў Верхняга горада і даведацца пра цікавосткі мінскіх фантанаў. Вылазь з аўто разам з намі!

Калі: 22 верасня, нядзеля.

Удзел ва ўсіх экскурсіях вольны

Падрабязны расклад экскурсій шукайце тут.



Калі вас цікавіць ткацкае рамяство, фестываль “Кросенцы” адбудзецца ў нядзелю адмыслова для вас! Супрацоўнікі Веткаўскага музея будуць радыя падзяліцца сакрэтамі традыцыйнага ткацтва з усімі гасцямі. Нас чакае этна-кірмаш, сьпевы ад вясковых і гарадскіх этнагуртоў, а таксама галоўная падзея - майстар-клас па ткацтве ад дасведчаных майстроў Гомеля і вобласці.

Дзе: філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (г. Гомель, пл. Леніна, 4, тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, за саборам Пятра і Паўла).

Калі: 22 верасня (нядзеля), з 11:00 да 18:00

Кантакты: 8 (0232) 74-10-40, 8 (0232) 74-88-87


Ведаеце цікавыя мерапрыемствы, якія засталіся па-за гэтым аглядам? Дзяліцеся ў каментарыях!

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах