У апошні ліпеньскі тыдзень нас чакаюць размовы пра горад, беларуская лірыка ў музыцы, мары пра В’етнам ды мультфільм пра лісіныя прыгоды. Падрабязнасці пра тое, куды ж сябе падзець у пераменлівым горадзе, шукайце ў нашым аглядзе :)

Фестываль - гэта пра “Камяніцу”, “Наш Грунвальд” ці “Вольнае паветра”. НеФестываль - гэта ўжо пра гарадскія ініцыятывы ды гарадскую прастору. Як кажа адзін з арганізатараў праекта Алег Ларычаў, фестываляў у краіне хапае. Таму нешта новае павінна выдзяляцца са стройных шэрагаў. Першы ў Беларусі НеФестываль гарадскіх ініцыятыў «Must Act» абяцае абмеркаваць утульнасць гарадоў, навучыць гарадскому “партызанінгу на раёне” і стварэнню гарадскіх інтэрвенцый. Воркшопы будуць праводзіць трэнеры з Беларусі, ЗША, Літвы, Францыі ды Індыі. Шматлікія трэнінгі, прэзентацыі, даклады ды круглыя сталы будуць высвятляць, чаму ў Мінску існуе праблема публічнай прасторы без людзей і што з гэтым можна зрабіць. У НеФестываля будзе адразу некалькі пляцовак: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, крэатыўны кластар МЕ100, канферэнц-зала Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі, галерэя TUT.by.

Калі: 25-30 ліпеня, падрабязную праграму можна паглядзець тут.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

Алег Ларычаў, адзін з арганізатараў НеФестываля
Алег Ларычаў, адзін з арганізатараў НеФестываля

Rahis - гэта як арахіс, толькі больш беларускі. Зміцер Язвінскі і Дзяніс Філіпенка пачалі граць разам ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным ўнівэрсытэце, яшчэ калі былі студэнтамі факультэта прыродазнаўства. Але ж с той пары мінула ўжо столькі год, што і падумаць сорамна. За гэты перыяд гурт адграў ільвіную долю канцэртаў, канцэрцікаў ды кватэрнікаў (найлепшы фармат Rahis-аў). А вось альбом выйшаў зусім нядаўна. Новыя і не зусім новыя песні можна будзе паслухаць на любімай пешаходная вуліцы Карла Маркса. Як абяцаюць музыкі на сваёй старонцы УКантакце, у суботу а 19.00 знайсці іх будзе магчыма менавіта там. Айда слухаць беларускую лірыку пра гарады, прыроду ды пачуцці!

Дзе: пешаходная вуліца Карла Маркса

Калі: 27 ліпеня, субота, 19:00

Уваход вольны.

Гурт Rahis
Гурт Rahis

Замежныя фільмы на роднай мове? Чаму не! Штомесяц на розных пляцоўках Мінска праходзяць прагляды дубляваных фільмаў. Гэтым разам мы прапаноўваем паглядзець на прыгоды лісінай сямейкі - мультфільм “Неверагодны містэр Фокс”. Агучвалі мульт вядомыя беларускія акцёры, рэжысёр - Уэс Андэрсан, стваральнік чароўнага фільма “Каралеўства поўнага месяца”. Думаеце, ці ісці? Ды як жа можна не ісці на стужку, слоган у якой самы жыццярадасны: “Калі капнуць - жыццё цудоўнае!”.

Дзе: крэатыўны кластар МЕ100 (пр. Незалежнасці, 58 корп. 6)

Калі: 1 жніўня, чацьвер, 19:00

Квіток: 25.000 руб (студэнтам і дзеткам 15.000 руб)

Працяг мультфільма 1 гадзіна 27 хвілін.


Вядома, што сучасная палітыка нашай краіны накіравана на супрацоўніцтва з Усходам. Таму так часта на мінскіх плошчах можна пабачыць немясцовыя сцягі - гэта прымаюць усходніх гасцей. Вось да аднаго з такіх гасцёвых візітаў і адкрылася выстава “Усходні вектар: В’етнам”. Прысвечана яна, натуральна, візіту прэм’ер-міністра сацыялістычнай рэспублікі Вьетнам Нгуен Тан Зунга. На ёй можна будзе пабачыць розныя творы в’етнамскіх майстроў. Каб паглядзець на культуру ды традыцыі В’етнаму, трэба завітаць у дом-музей І-га з’езда РСДРП. Абяцаюцца, нават, кнігі в’етнамскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову, а беларускіх - на в’етнамскую. Такое не кожны дзень пабачыш!

Дзе: Дом-музей І-га з’езда РСДРП (пр. Незалежнасці, 31а)

Калі: штодзённа з 11:00 да 19:00 (панядзелак - выходны)

Кантакты: +375(17) 2906847

Экспазіцыя адкрыта для наведванняў з 26 ліпеня па 4 жніўня.

Ведаеце цікавыя мерапрыемствы, якія засталіся па-за гэтым аглядам? Дзяліцеся ў каментарыях!

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах