Думаеце, час сапраўдных рыцараў прайшоў? Спяшаемся вас зняверыць, ваяроў яшчэ шмат! Трэба толькi ведаць, дзе шукаць =) На гэтым тыднi ў нас максiмальнае паглыбленне ў гiсторыю. Мы раскрыем вам сакрэт, як правесцi выходныя з карысцю ў пошуках мужчын з конямі і без, а ў буднiя днi ў нас будзе магчымасць пабываць на днях культуры ВКЛ, пачытаць стараангельскую паэму ды дакрануцца да першага мiнскага матацыкла.

Каб адчуць сябе сапраўдным рыцарам, трэба хапаць сваiх сяброў, сям’ю ды ехаць на мiжнародны фестываль “Наш Грунвальд 2013”. Вось ужо пяты год у сучасных жыхароў Беларусi ёсць магчымасць паглыбiцца ў атмасферу сярэднявечча. Турнiраў будзе багата: рыцарcкi, бойка збраяносцаў ды нават змаганне памiж лучнiкамi. Акрамя турнiраў пройдуць майстар-класы, старадаўнія гульні, будуць працаваць гандлёвыя рады. Галоўнай падзеяй фестывалю стане рэканструкцыя Грунвальдскай бiтвы - адной з самых значных перамог у гiсторыi беларускага народа. Апроч таго, для ўдзельнiкаў i гасцей фестываля адбудзецца канцэрт “Пiр пасля бiтвы”, у якiм возьмуць удзел такiя вядомыя беларускiя гурты, як Нейра Дзюбель, Znich , Irdorath , LITVINTROLL i Gods Tower. Можна будзе павучыцца страляць з лука ды прымерыць даспехi. Жыць - у намётавым гарадку, есцi - з вогнiшча. Ехаць? Абавязкова! Ды не забыцца ўзяць з сабою баявы настрой ;)

Дзе: Музейны комплекс "Дудуткі"

Калi: 19-21 лiпеня

Квiток: 100.000 руб (на 2 днi фестывалю), 70.000 руб (на 1 дзень фестывалю), 40.000 руб (дзецям), дашкольнiкам уваход вольны.


Мотатэхнiка - загадкавая рэч, асаблiва для гуманiтарыяў. Але наша краiна можа ганарыцца тым, што калiсьцi ўзяла на сябе адказнасць за стварэнне жалезных канёў. Цяпер мiнскi ААТ “Мотавела” мае што паказаць. З нагоды дня нараджэння завода падрыхтавана выстава “MINSK: шлях даўжынёю ў 60 год”, прысвечаная гісторыі развіцця мотатэхнікі ў Беларусі. На выставе можна пабачыць усю памяць мінскіх матацыклаў, ад найпростых да сучасных канкурэнтаздольных байкаў Будзе там і М1А, ад якога ідзе пачатак сучаснага брэнда "Мінск". Аматарам чароўнага жалеза ісці абавязкова! =) Экспазiцыя адкрыта для наведванняў да 28 лiпеня, спяшайцеся.

Дзе: Нацыянальны гiстарычны музей (вул. К. Маркса, 12)

Калi: штодзённа з 11:00 да 19:00

Кантакты: +37517 3274322; +37517 3274827


У наступны чацвер 25 лiпеня адбудзецца прэзентацыя чароўнага старангельскага эпасу “Беўвульф” у перакладзе на беларускую мову. У iмпрэзе возьме ўдзел як непасрэдна перакладчык Антон Францiшак Брыль, так i iншыя вядомыя беларускiя аўтары. Паэма апісвае ўчынкі героя Беўвульфа, якi перамог жудасную пачвару Грендзеля. Дзеянне адбываецца ў Скандынавii, якая заварожвае чытачоў сваёю казачнасцю.

Дзе: Кнігарня “ЛогвінаЎ” (пр. Незалежнасці, 37а)

Калi: 25 лiпеня, чацьвер, 19:00

Уваход вольны

Кантакты: +375017 2845399;  +375017 2863168


24 ліпеня ва ўнутраным дворыку Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублiкi Беларусь аб’яднаюцца чатыры краіны, чатыры культуры, чатыры мовы, чатыры гісторыі. Музычныя гурты з чатырох краiн, якiя калiсьцi ўваходзiлi ў склад ВКЛ, выступяць разам на вялiкiм канцэрце “Дзень культуры народаў Вялікага Княства Літоўскага” у рамках выставы “Партрэты уладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага”. Пазнаёмiцца з сучаснай культурай Беларусi, Украiні, Польшы i Лiтвы дапамогуць гурты ”Палац”, “ГЫЧ Аркестр”, “VO?OSI” ды “Aiste Smilgeviciute & SKYLE”. Апроч таго, наведвальнiкаў чакае выстава касцюма, даспехаў і зброі, вясёлыя танцы, віктарыны, прызы і адмысловае меню ад Арт-кафэ. Чароўная магчымасць адчуць дух яднання!

Дзе: Нацыянальны мастацкi музэй Рэспублiкi Беларусь (вул. Ленiна, 20)

Калi: 24 лiпеня, серада, 18:00

Квiток: 85.000 руб (папярэдне), 100.000 руб (у дзень канцэрта)

Кантакты: +37517 3277163


Ведаеце цікавыя мерапрыемствы, якія засталіся па-за гэтым аглядам? Дзяліцеся ў каментарыях!

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах