Сення нямала краінаў ды гарадоў могуць пахваліцца «залатымі коламі», па якіх штогод праязджаюць тысячы турыстаў. У Беларусі такога турыстычнага прадукту да нядаўняга часу не існавала. Гадоў дзесяць таму былі спробы зладзіць падобную экскурсію. Але спробы так і засталіся спробамі. Аднавіць ініцыятыву ўзяўся беларускі экскурсавод Павел Каралёў.

Упершыню ідэя прагучала на з’езде бізнэсоўцаў у Прылуках тры месяцы таму. Роўна столькі часу спатрэбілася маладому гісторыку на падрыхтоўку інфармацыі і распрацоўку маршруту «залатога кола».

«Калі праект будзе ўдалым, мы плануем паставіць побач з кожным аб’ектам шыльды з інфармацыяй, фотаздымкамі кожнай сядзібы, схемай маршруту, - дзеліцца Павел. – Хочацца, каб кожны змог самастойна паўтарыць гэты маршрут».

Holiday.by наведаў «пілотную» экскурсію па амаль страчаных архітэкутуроных помніках Міншчыны, якая, безумоўна, не пакіне абыякавымі кожнага, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

«Стартуе» экскурсія рана – а 8 гадзіне раніцы. Яно і зразумела – наперадзе 12 гадзін падарожжа, 8 сядзібаў беларускіх шляхцічаў і больш за 300 кіламетраў шляху, хаця ад’зджаць ад Мінску мы будзем максімум на 40 кіламетраў.

Зялёны гадавальнік Міншчыны, альбо Аднаўленне помніка - ў руках расіян

Усяго дваццаць хвілін ў накірунку Слуцка – і нас сустракаюць векавыя дрэвы ў былым мястэчку Ігнатычы, цяперашнім Калініна. Менавіта тут знаходзіцца парк рэспубліканскага значэння «Ігнатычы», за інаванне якога мы павінны дзякаваць Вільгельму Ельскаму, беларускаму аграному, якога ведалі далёка за межамі Белаурсі. Менавіта тут у свой час знаходзіўся гадавальнік Ельскага, які акаляў сядзібу гэтага роду.

У свой час сядзіба належала розным радам – Халецкім, Радзівілам, Каленчынцкім. Апошнія і перадалі яе Уладзіміру Ельскаму, надзвычай адукаванаму чалавеку, які ведаў 10 моў і навучаўся ў Сарбоне. Калі бацька быў сасланы за падтрымку паўстання, сядзіба адышла сыну – Вільгельму. Сення самой сядзібы няма, засталіся только гаспадарчыя пабудовы – дом, дзе жылі слугі, ды галерэя 1914 году, дзе захоўваліся розныя культурныя каштоўнасці. У гадавальніку Ельскага на той час толькі ружаў налічвалася больша за 400 разнавіднасцяў, бэзу – 16. Усе навакольныя маёнткі набывалі расліны ў Ельскага, а першыя 30 гадоў пасля рэвалюцыі азеляненне Мінску вялося менавіта з гэтага гадавальніка. Яшчэ 5-6 гадоў таму, па словах сведак, тут была школа, у што верыцца з цяжкасцю, калі глядзіш на стан забудовы. За дзяржаўныя сродкі выратаваць помнік не падаецца магчымым, а ўласнікі-расіяне пакуль толькі збіраюцца зрабіць тут, магчыма, гатэль, рэтаран ці забаўляльны комплекс – побач праходзіць траса Масква-Брэст, кліентаў хопіць! Сёння просты смяротны наўрад ці трапіць на тэрыторыю былой сядзібы – усё ж такі прыватная ўласнасць. Таму ўдзельнікам экскурсіі, можна лічыць, пашанцавала.





Агракаледж у сядзібе мастакоў і кампазітараў

На жаль, невядома, як бы прадстаўнікі слаўных родаў Ваньковічаў і Манюшак, якім належаў палац у Смілавічах, паставіліся да таго, што да нядаўняга часу тут размяшчаўся агракаледж… Нам падаецца, гэтаму найпрыгажэйшаму будынку больш пасавала б карцінная галерэя, музей ці, на крайні выпадак, музычная школа. Але лёс сядзібы склаўся не так аптымістычна.


Раней мястэчка Смілавічы належала Агінскім, у 1791 годзе яго выкупае Станіслаў Манюшка – дзед знакамітага кампазітара. Ен і вырашае ў пачатку 19 стагоддзя пабудаваць тут сядзібу, якую сёння адносяць да псеўдаготыкі.

Будынак складаецца з двух частак – старой і новай, якую ў 1900 годзе прыбудавалі ўжо Ваньковічы. Сёння сядзіба чакае рэстаўрацыі. Вельмі хочацца спадзявацца, што дачакаецца, бо стан былога цэнтру культурнага жыцця рэгіёну даволі жудасны.


З месцам звязаная адна цікавая легенда. Аднойчы Леан Дамінік Ваньковіч, апошні ўладальнік сядзібы, прыкмеціў хлопчыка, які быў занадта здольны да мастацтва, і падарыў яму прылады для малявання. Гэтым хлопчыкам быў будучы сусветна знакаміты мастак Парыжскай школы Хаім Суцін. І менавіта ў музей, прысвечаны яго творчасці, накіроўваецца далей экскурсійны аўтобус.

Смілавіцкі куточак Францыі

«Прастора Хаіма Суціна» стала для нас сапраўдным адкрыццём. Чаму – даведаецеся крыху пазней. А пакуль пра сам музей.

Адчынены ён ў 2008 годзе па ініцыятыве ЮНЭСКА на базе Смілавіцкага цэнтра дзіцячай творчасці. Складаецца экспазіція з двух заляў: у першай сабраныя матэрыялы пра беларускі этап жыцця і творчасці Суціна, у другой прадстаўлены французскі этап.



І менавіта другая заля стане прыемным адкрыццём для кожнага наведвальніка. Бо зусім не чакаеш у невялічкім пасёлку знайсці… куточак Парыжу. Турыст патрапляе ў французскую кавярню, дзе сцены ўпрыгожаныя карцінамі Суціна парыжскага перыяду, чуецца французская музыка, а гасцям падаецца кава, зробленая па сапраўднаму французскаму рэцэпту. Наведвальнікам прапануецца праглядзець фільм пра смілавіцкага мастака, зняты ў Францыі, што яшчэ больш насычае атмасферу «французскасцю». Праз 10 хвілі сапраўды пачуваеш сябе нібы ў парыжскай кавярні.



На жаль, гэтае адчуванее рэзка губляецца пасля наведвання прыбіральні. Хочацца спадзявацца, што тыя 2 тысячы чалавек, якія штогод наведваюць музей, здольваюць захаваць першапачатковае прыемнае ўражанне ад наведвання музея. Дарэчы, квіток у «Прастору Хаіма Суціна» каштуе ўсяго 12 тысяч белрускіх рублёў.

Лядскія турбацыі

Сёння, гледзяцы на вёску Малыя Ляды, праз якую пралягае шлях экскурсіі, ніколі не скажаш, што тут раней быў цэнтр адукацыі і свецкага жыцця. Але так і было, бо раней асяродкі культуры былі не только пры сядзібах, але пры храмах і манастырах. Адным з іх была Свята-Дабравешчанская царква з манастыром. Цікава, што ў свой час яна была ўніяцкай царквой да 1839 года. Раней тут захоўваліся і цудадзейны абраз, і копія абразу Маці Божай Жыровіцкай, але зараз нічога не захвалася. Сёння манастыр знаходзіцца ў стане рамонту пасля пажарышча.


Па слядах Тышкевічаў

Два гістарычных імя, з якімі ў першую чаргу асацыюецца Лагойшчына – Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы. Менавіта яны здолелі праславіць нашу Радзіму далёка на Захад. Кіруемся да рэшткаў іх сядзібы ў мясцовым Парку культуры і адпачынку. Павел звяртае нашу ўвагу на тое, што засталося ад замка, які быў пабудаваны тут у 11-13 стагоддзях – валы, роў.

Замак быў на гэтых валах акурат да пачатку 18 стагоддзя, пакуль не быў разбураны шведскімі войскамі падчас Паўночнай вайны. Гэтыя месцы ў першую чаргу звязаныя з родам Чартарыйскіх – гэта былі іх уладанні. Толькі ў 19 стагоддзі яны пераходзяць да Тышкевічаў, бадай, адных з самых адукаваных людзей свайго часу. Яны праехалі ўсю Еўропу, але заўсёды вярталіся на Лагойшчыну і прывозілі тое лепшае, што бачылі там. Тышкевічаў лічаць першымі археолагамі на Беларусі – яны раскопвалі курганы, збіралі каштоўнасці, фіксавалі і выстаўлялі на двух паверхах сваёй сядзібы. Менавіта тут быў створаны першы музей, які параўноўвалі з лепшымі зборамі Віленскага і Кракаўскага ўніверсітэтаў. У ім захоўваліся старадрукаваныя кнігі, граматы, рукапісная гісторыя ВКЛ, старажытныя зброя, манеты, мапы, шабля Пятра І, малюнкі Яна Дамеля і іншых мастакоў, партрэты 12 пакаленняў лагойскага роду Тышкевічаў, прадметы раскопак у Пампеях і Егіпце. Праз 10 гадоў пасля з’яўлення музей быў перанесены ў Вільню – у будынку універсітэта быў створаны Віленскі музей старажытнасцей. Сама ж сядзіба прастаяла да Другой Сусветнай вайны, пакуль яе не ўзарвалі партызаны. Тут была нямецкая адміністрацыя, таму штурмавая брыгада партызанаў яе знішчыла.

Дзе жыў апошні мінскі ваявода?

Жыў ён у Сёмкава, што пад Мінскам. Менавіта аднаўленнем яго сядзібы шчыльна займаецца Павел Каралёў, дабрачынная арганізацыя і валанцёры. Таму пра сядзібу Адама Хмары, а менавіта так звалі ваяводу, Павел можа расказваць доўга і цікава. Праславіўся Хмара на службе ў Сапегаў, але прысягнуў на вернасць Кацярыне ІІ, падчас другога падзелу Рэчы Паспалітай. І, відавочна, перастаў быць мінскім ваяводам. Сёння ад шыкоўнага двухпавярховага палацу з бальнай заляй, тэрасамі, архівам і флігелямі засталіся толькі сцены. Яшчэ 10 гадоў назад быў дах. Дзякуючы сумесным намаганням удалося дабіцца кансервацыі сцен фасаду.


Адметная сядзіба і сваім паркавым масівам – тут захаваліся векавыя ліпы і белыя таполі, якім больш за 200 гадоў. А паўтары гады таму валанцеры знайшлі пліту, датаваную 1804 годам. Ад імя братоў Хмараў на ёй выбіта падзяка бацькам і роду – даніна памяці і ўшанавання продкаў.

Сядзіба – «вырві вока»

Сядзіба Друцкіх-Любецкіх 19 стагоддзя пабудовы ў Новым Полі ўяўляе сабою тыповую сядзіба беларускай шляхты ў стылі правінцыйнага класіцызму. Менавіта на такія сядзібы была ў свой час багатая Беларусь. Цяперашнія ўладальнікі – мясцовы агракаледж – трымае сядзібу ў больш-менш прыстойным стане. Але з колерамі будынку адміністрацыя, відавочна, прамахнулася – сядзіба пафарбаваная ажно ў сем розных адценняў і нагадвае гэтым ці то дзіцячы садок, ці то цырк.


Адкуль пачаўся… Мінск

Час дазваляе, таму аўтобус накіроўваецца да Гарадзішча – гістарычнага месца, дзе, па легендзе, на рацэ Менцы з’явілася сённяшняя сталіца Беларусі. Сюды варта прыехаць дзеля таго, каб адчуць атмасферу гэтага месца, паглядзець на валы вышынёю у 12 метраў, а таксама падзівіцца на стан «гістарычнай» рачулкі.



Кінавытокі Беларусі, альбо Каларадскі жук як выратавальнік палацу Чапскіх

Сядзіба Чапскіх 19 стагоддзя у Прылуках, бадай, самая знакамітая з усіх аб’ектаў экскурсіі. Менавіта тут быў зняты ў 1926 годзе першы беларускі фільм «Лясная быль» Юрыя Тарыча. Па словах экскурсавода, фільм па спецэфектах і пастаноўцы можна смела назваць першым беларускім блокбастэрам. Цікава, што гэтым фактам «кінагісторыя» сядзібы не абмяжоўваецца: у 1998 годзе сядзіба Чапскіх «выканала ролю» японскай амбасады ў фільме Lima: Breaking the Silence. Калі ж заглянуць у больш сівую даўніну, то можна даведацца, што тут раней быў манастыр, пабудаваны Ганнай Тышкевіч. У свой час сядзіба пераходзіла ад Іваноўскіх да Ашторпаў, потым да Гарватаў, якія прадалі сядзібу Эмерыку Чапскаму– ён узнавіў яе пасля пажару. У ваенны час тут быў загарадны дом гаўляйтэра Беларусі Кубэ. Цікава, што алея, якая вядзе ад крыльца да брамы, налічвае роўна 365 крокаў – па колькасці дзён у годзе. Многім ліпам тут па 2 стагоддзі – садзілі іх яшчэ самі Чапскія.



Мясцовыя жыхары любяць жартаваць, што ад заняпаду сядзібу ўратваў … каларадскі жук. Справа ў тым, што пасля вайны навукоўцы шукалі месца, дзе можна было б размясціць лабараторыю для барацьбы з каларадскім жуком і хваробамі бульбы. Здолелі дабіцца, каб яе абсталявалі ў Прылуках, для чаго ўладам давялося аднаўляць палац. Менавіта ён пазней стаў базай для Інстытута абароны раслін, які і зараз тут знаходзіцца.

Завяршае экскурсію беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які спавае пра адраджэнне Радзімы і, вядома, каханне.

Адлічваем па алеі 365 крокаў і вяртаемся ў аўтобус. За вокнамі цёмна, у галаве – прыстойны аб’ем цікавай гістарычнай інфармацыі, на душы – прыкра ад таго стану, у якім сёння знаходзяцца гістарычныя помнікі. Гэтае пачуццё падзяляе і Павел Каралёў. «Я спадзяюся праектам «Менскае кола» прыцягнуць як мага больш увагі да гэтых сядзібаў, - дзеліцца ён. – Магчыма, знойдуцца спонсары, люді неабыякавыя да нашай гісторыі. Калі ўсё атрымаецца, мы разам з «Колорлэнд» думаем зрабіць экскурсію двухдзённай, каб было больш часу на знаёмства з сядзібамі».

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах