«Хачу, каб усе ведалі, што і дома ёсць на што паглядзець», – шмат лістоў з такога кшталту тлумачэннямі даслалі школьнікі з усёй Беларусі на конкурс ідэй «Першыя». Гэты конкурс цягам навучальнага года праводзіць кампанія А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, каб даць моладзі выказацца пра тое, якой яны бачаць сваю будучыню і што хацелі б самі зрабіць для гэтага. Як выявілася, у амбіцыйных планах старшакласнікаў – аднавіць страчаныя помнікі архітэктуры ў дапоўненай рэальнасці, распісаць гарадскія сцены вершамі класікаў і стварыць адзіную online-базу ўсіх музеяў. Усё для таго,каб вандраваць па нашай краіне было цікава і самім беларусам, і замежным гасцям.

Падарожжы са смартфонам і ў часе

Для 11-класніка магілёўскай сярэдняй школы № 21 Паўла Ананіча найлепшы занятак – вандроўкі на ровары ці пешыя шпацыры. Хлопец цікавіцца гісторыяй Беларусі і любіць уяўляць знаёмыя месцы такімі, якімі яны былі раней. Ён падумаў, што гэта можа быць цікава не толькі яму, таму прапануе скарыстацца тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці і прынамсі такім чынам узнавіць страчаныя помнікі архітэктуры па ўсёй Беларусі.

– Многія мае аднагодкі лічаць, што ў нас няма чаго глядзець, таму трэба ехаць у краіны Заходняй Еўропы, – кажа Павел. – Але я не згодны, бо пры гэтым мы не ведаем, што нашы гарады насамрэч нічым не саступалі замежным і развіваліся з імі ў адным кірунку. Проста нам не пашанцавала, і праз шматлікія войны ды іншыя гістарычныя падзеі мы не здолелі захаваць каштоўныя будынкі. Напрыклад, раней у Беларусі налічвалася каля 150 замкаў, безліч цэркваў, касцёлаў, сінагог… Большасць з іх страчана, а на іх месцы стаяць ужо новыя будынкі. Уявіце, як цікава будзе паглядзець праз камеру свайго гаджэта на помнікі архітэктуры, што зараз існуюць толькі на чарцяжах, малюнках, фота ці ва ўспамінах.

Старшакласнік лічыць, што такі праект можна пачынаць з любой кропкі Беларусі, але сам, натуральна, хацеў бы зрабіць так у сваім горадзе – «аднавіць» у Магілёвекасцёл езуітаў і халодную сінагогу XVII стагоддзя, сабор святога Іосіфа XVIII стагоддзя, замак XVI стагоддзя.

– Нажаль, старажытных будынкаў амаль не засталося, – расказвае Павел. –Хаця храмы ці каменныя вежы, якія ствараюць сёння асаблівую атмасферу ў еўрапейскіх гарадах і прыцягваюць турыстаў, былі і тут. Таму мне падаецца, што было б добра нагадаць пра іх хаця б у дапоўненай рэальнасці. Адбудаваць, натуральна, значна даражэй ды ў некаторых выпадках немагчыма.

Пакуль старшакласнік мае толькі агульны план таго, што трэба зрабіць: знайсці фотаздымкі і іншыя архіўныя матэрыялы, сабраць інфармацыю, распрацаваць адпаведную праграму для смартфонаў, падрыхтаваць 3D-мадэлі будынкаў і гэтак далей. Дый каманды, якая б дапамагла ў гэтым, хлопец пакуль не мае. Але школьнік перакананы, што гэты праект дапамог бы змяніць стаўленне беларусаў да сваёй краіны, яе мінуўшчыны і культурнай спадчыны, а таксама зрабіць значна цікавейшымі школьныя ўрокі гісторыі.

– Дапоўненая рэальнасць не заменіць сапраўдную архітэктуру і ўражанне ад яе, але, мне падаецца, важна мець хаця б уяўленне пра тую прыгажосць, што калісьці мела наша краіна, – кажа хлопец.

Вершаваны стрыт-арт

Апошнія чатыры месяцы ў стужках розных сацсетак часцей, чым звычайна, мільгаюць брэсцкія вуліцы. Калі быць дакладнымі, тры з іх – Маякоўскага, Камсамольская і Гогаля. Менавіта там жыхары і госці горада фатаграфуюцца на фоне мастацкіх роспісаў з вершамі Максіма Багдановіча, Ніны Мацяш і Генадзя Бураўкіна. Неўзабаве на сценах брэсціх будынкаў з’явіцца яшчэ некалькі паэтычных муралаў. Ідэя такога літаратурна-мастацкага праекта належыць Дзянісу Рабчуку – 10-класніку гімназіі №1.

Усё пачалося пасля яго леташняй паездкі ў Львоў, дзе хлопцу на вочы ўвесь час трапляліся вершы ўкраінскіх паэтаў, напісаныя проста на сценах. Тады Дзяніс і вырашыў, што таксама хацеў бы знаёміць брэстчан з беларускай паэзіяй праз стрыт-арт. Выйграўшы конкурс міні-грантаў і атрымаўшы грошы на падрыхтоўку, ён толькі ўпэўніўся ў тым, што мусіць заняцца гэтай справай.

– Мне хацелася зрабіць так, каб беларускай мовы было больш у адкрытай прасторы, і людзі ўбачылі, што беларуская паэзія – гэта не проста літары з падручнікаў, а насамрэч жывы і прыгожы арганізм, – кажа старшакласнік. – Мы з сябрамі, якія мне дапамагаюць, таксама імкнемся да таго, каб людзі больш ведалі пра стрыт-арт і не ўспрымалі вулічныя роспісы як вандалізм.

Гарадскія ўлады падтрымалі ідэю Дзяніса і ўжо наватузгаднілі яшчэ некалькі месцаў, дзе з’явяцца тры новыя муралы – гэтым разам з вершамі Уладзіміра Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына»), Яўгеніі Янішчыц («Ты пакліч мяне, пазаві») і Алеся Разанава («Іх далячыні развялі»).

Сродкі на працяг праекта старшакласнік збірае праз краўдфандынг – гэтыя грошы пойдуць на фарбы, трафарэты і аплату працы мастакоў і дызайнераў. У ідэале хлопец хацеў бы, каб на вуліцах Брэста з’явілася 20 такіх муралаў.

–Зараз нам патрэбна некалькі рэчаў: надвор’е і магчымасць працаваць, а таксама дапамога рублём, –адзначае Дзяніс. – Вельмі хацелася б, каб людзі больш шанавалі родную культуру і мову, а таксама разумелі, што самі могуць на яе ўплываць, імкнуліся пашыраць свой кругагляд. Таксама было б неверагодна, каб людзі, натхніўшыся праектам #vershybrest, рабілі нешта падобнае ў сваіх гарадах. Гэта прыцягвае ўвагу да месцаў, дзе мы жывем, і дапамагае нам больш пра іх даведвацца.

Персанальны маршрутызатар па музеях

Пра тое, што можна зрабіць, каб цікава праводзіць час, не выязджаючы за мяжу, задумалася і Настасся Кундзір – вучаніца 9 класа віцебскай сярэдняй школы №12. Цяпер мэта старшакласніцы – стварыць адзіную анлайн-базу музеяў Беларусі і на яе аснове распрацаваць адмысловае прыкладанне, дзе можна было б выбраць менавіта такі культурны маршрут па любым горадзе краіны, які адпавядаў бы інтарэсам канкрэтнага чалавека.

– Я згадала свае паходы ў музеі і прыйшла да высновы, што пра іх банальна не хапае інфармацыі. Не кожны чалавек мэтанакіравана будзе вывучаць раздзелы з афішамі і разбірацца, дзе якія выставы і экспазіцыі. Але гэта не значыць, што ў нейкім музеі няма для яго нічога цікавага. Наадварот. Проста трэба ведаць, дзе можна ўбачыць менавіта тое, што вам цікава. Таму я і прапаную сабраць усю інфармацыю пра музеі ў адным месцы, але размеркаваць па тэмах, каб было лёгка зарыентавацца, – кажа Настасся.

У ідэале сэрвіс мусіць працаваць наступным чынам. Чалавек заходзіць на сайт ці ўсталёўвае сабе на тэлефон прыкладанне, выбірае рэгіён ці канкрэтны горад, дзе жыве альбо куды прыехаў. Затым карыстальніку прапануецца прайсці тэст, мэта якога – вызначыць кола інтарэсаў, каб прапанаваць спіс музеяў і месцаў, што могуць зацікавіць менавіта гэтага чалавека. Карацей, для вас складаецца персанальны маршрут з улікам пазначаных захапленняў, а вы ўжо самі выбіраеце, куды ісці.


Пакуль Настасся занялася пошукам каманды, бо наперадзе яшчэ шмат працы, якую адной не адолець: сабраць даныя па ўсіх беларускіх музеях і прааналізаваць іх, скласці тэст, распрацаваць сайт і прыкладанне для смартфона, усталяваць кантакты з турфірмамі дый увогуле сачыць за ўсімі выставамі і своечасова абнаўляць гэтую інфармацыю на музейным сервісе.

***

Чаму ўсё гэта абавязкова зацікавіць самых розных турыстаў, школьнікі яшчэ больш дэталёва раскажуць у маі на моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Магчымасць узяць удзел у такой значнай падзеі яны атрымалі менавіта дзякуючы сваім задумам, з якімі і ўвайшлі ў дзясятку фіналістаў конкурсу ідэй «Першыя».

Скарбніца цікавых мест Беларусі на Holiday.by

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах