Гісторыя жыцця і творчасці аднаго з самых вядомых мастакоў ХХ стагоддзя, ураджэнца Беларусі, выдатнага майстра авангарднага мастацтва Марка Шагала будзе прадстаўлена на Галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Прэм'ера харэаграфічнай пастаноўкі «En souvenir de Шагал» («Успамінаючы Шагала») расійскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага адбудзецца 14 і 15 сакавіка, наступныя паказы – 26 і 27 сакавіка.
Мойша Сегал або Марк Шагал – імя, якое мастак узяў ўжо ў Парыжы – адзін з самых адметных еўрапейскіх авангардыстаў таго часу. Ён ніколі не забываў пра родны Віцебск, бо гэты горад падарыў яму не толькі ўспаміны, якія ён пазней увасобіў у сваіх палотнах, але і вялікае каханне. Спектакль на Купалаўскай сцэне – гісторыя лёсу Марка Шагала, ад самага нараджэння мастака да смерці яго музы Бэлы. Сяргей Зямлянскі і Купалаўскі тэатр знайшлі адно аднаго: рэжысёр на працягу многіх гадоў паглыбляўся ў шагалаўскую тэму, вывучаў яго творчасць і аўтабіяграфічныя крыніцы, а спектакль пра аднаго з самых значных мастакоў, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, відавочна, павінен быў з'явіцца ў рэпертуары Купалаўскага тэатра. Спектакль будзе ўяўляць сабой вольную інтэрпрэтацыю жыцця і творчасці мастака, згодна з агульнавядомымі фактамі.
Над стварэннем спектакля працавала вядомая расійская пастановачная каманда. Сяргей Зямлянскі – рэжысёр і харэограф. Стварыў больш за 20 спектакляў у драматычных тэатрах Расіі, Латвіі, Ізраіля, а таксама працуе над пастаноўкай ў Паўднёвай Карэі. Жанр, у якім рэжысёр прадставіць спектакль у Купалаўскім тэатры, унікальны – гэта "спектакль без слоў", у якім уся гісторыя будзе расказана мовай цела без вербальных сродкаў.
Ролю Марка Шагала ў спектаклі выканаюць Павел Харланчук-Южакоў і Іван Кушнерук, ролю Бэлы – Марта Голубева і Вікторыя Чаўлытка. Таксама ў спектаклі задзейнічаны Кацярына Алейнікава, Ева Анікей, Павел Астравух, Андрэй Градабоеў, Таццяна Дзянісава, Андрэй Дробыш, Крысціна Дробыш, Антаніна Дубатоўка, Аляксандр Зелянко, Міхаіл Зуй, Дзіяна Камінская, Яўгенія Кульбачная, Юльяна Міхневіч, Настасся Навіцкая, Раман Падаляка, Павел Паўлюць, Міхаіл Світа, Іван Трус, Сяргей Чуб, Іларыя Шашко, Юлія Шпілеўская.
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах