14 лістапада на офісе Таварыства беларускай мовы адбыўся сход ініцыятыўнай групы па стварэнні Арганізацыйнага камітэта па ўсталяванні помніка беларусам – праведнікам народаў свету, людзям, якія ратавалі яўрэяў падчас Халакосту.
У часы Другой сусветнай вайны ў Беларусі загінула больш за 800 тысяч яўрэяў (не толькі з Беларусі, але і прывезеных з іншых краін Еўропы). Выжыла толькі каля 30 тысяч, і ў большасці выпадкаў – дзякуючы неабыякавасці жыхароў нашай краіны, якія, рызыкуючы сваімі жыццямі і жыццямі сваіх блізкіх, хавалі і ратавалі яўрэяў. Па колькасці Праведнікаў народаў свету Беларусь займае 8-е месца ў свеце: на пачатак 2018 г. гэтае званне атрымала больш за 900 чалавек (42 з іх жывыя). Відавочна, задакументаваць удалося далёка не ўсе выпадкі, іх значна болей.
Але дагэтуль у Мінску няма ніводнага помніка, які б сведчыў пра гераізм і ахвярнасць жыхароў нашай краіны. І выправіць гэтую гістарычную несправядлівасць яшчэ не позна.
Дзеля гэтага створаная ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, Беларускі саюз мастакоў і Беларускі саюз дызайнераў.
Меркаванне на сходзе было аднадушнае: ушанаванне памяці мусіць быць супольным клопатам грамадскасці і дзяржавы. Таму ініцыятыўная група заклікае грамадскія непалітычныя арганізацыі і ініцыятывы далучыцца да стварэння Арганізацыйнага камітэта па ўшанаванні памяці Праведнікаў народаў свету з Беларусі.
Падаць заяўку на ўваходжанне ў Арганізацыйны камітэт можна да 28 лістапада, запоўніўшы анкету. Да моманту абрання старшыні Арганізацыйнага камітэта каардынуе працу ініцыятыўнай групы Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання.
Да ведама: Праведнікі народаў свету – гэта неяўрэі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны, рызыкуючы ўласным жыццём і жыццём сваіх блізкіх, ратавалі яўрэяў ад смерці падчас Халакосту. Ганаровае званне “Праведнік народаў свету” прысуджаецца Ізраільскім інстытутам Катастрофы і Гераізму Нацыянальнага мемарыяла Яд ва-Шэм. Узнагароджаныя гэтым званнем атрымліваюць ганаровы дыплом і імянны медаль з надпісам “Той, хто выратаваў адну душу, выратаваў цэлы свет”.
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах