Забудземся на тое, што беларуская мова – наша родная (бо гэта мала для каго сёння аргумент), і спынімся на меркаванні, што наша мова папулярная. У сацыяльнай рэкламе, на паліўных станцыях А-100, у “Лідскім піве” ўжо не першы год прытрымліваюцца беларускамоўнай стратэгіі. А што адбываецца з гэтым трэндам у турыстычнай вобласці? Вызначаем!

Спойлер: пасля дваццатай размовы з кансультантамі турфірм стала страшна. Асабліва, калі доўга думалі над адказам (быццам я не па-беларуску, а па-шумерску ім там штосьці распавядаю).

Я выбрала пяцьдзясят найбольш папулярных турфірм з каталога Holiday.by. Іх ацэньвалі на 10.0, мінімум – 9.7. Добрыя адзнакі за добрыя кансультацыі, ці не так? У сэнсе інфарматыўнасці, безумоўна, размовы былі вартыя вышэйшай адзнакі. Тут вам не толькі туры на Новы год (звярталася менавіта з такім пытаннем), але і на Каляды, і на заўтра прапануюць. І гутараць так доўга, ладна, бесперапынна. Але ж падладзіцца пад беларускую мову ніхто (!) ніяк (!) не хацеў.

Кансультанты абмяжоўваліся фразай “Добры дзень!” (дарэчы, не ўсе). Некаторыя проста выкарыстоўвалі мае беларускія словы ў сваім падрыхтаваным рускім тэксце: 

– 300 даляраў? Сейчас мы вам что-нибудь подходящее подберем...

І калі размова зноў не атрымалася, я пачала звяртацца да іншых сродкаў сувязі: viber, telegram, skype, электронная пошта, дыялогі на сайце. І (слава нябёсам, мору і паўднёваму сонцу) знайшліся беларускамоўныя турфірмы. Дарэчы, у анлайне яны выкарыстоўваюць мову ахвотнее.

Таму, калі вам прынцыпова атрымаць кансультацыю на сваёй мове, звяртайцеся да “правераных і рэкамендаваных” беларускамоўнай службай Holiday.by.

АэроБелСервис

Турфірма працуе з 1994 года (прым. аўт. – калі яшчэ была адзіная дзяржаўная мова  беларуская). Здаецца, таму яны прытрымліваюцца традыцый з мовай. Хочаш па-беларуску – адкажуць па-беларуску. Як мінімум за аднаго спецыяліста магу паручыцца. Вольга ў дыялоге на сайце дала паўнавартасную кансультацыю наконт тураў на Новы год, прапанавала альтэрнатыўныя варыянты,  на рускую мову не сышла.

Дарэчы, яна рэкамендавала тур у Прагу. Кошт 399 EUR/чалавека. Калі няма планаў на Новы год, можаце ехаць.

"Бел-Ориентир"

Калі бачыце частку “бел” у назве турфірмы, спрабуйце. Таму што “Бел-Ориентир” таксама можа адказаць па-беларуску. Калі гэта будзе адбывацца ў чаце на сайце, адразу падрыхтуйцеся, што можаце не ўбачыць знаёмых “і”, “ў” і гэтак далей.* Адказ будзе падобны да “Прапануем тур у Польшу альбо у Чэхию. Кали брать далей, то выйдзе даражэй”. Але ён загучыць па-беларуску, і гэта супер!

* Так было ў маім выпадку.

На Новы год тут прапануюць бюджэтны тур у Чэхію і Францыю. Каштуе 256 EUR/чалавека. У праграме нават DisneyLand, але за наведванне прыйдзецца плаціць асобна.

"Вокруг света"

Таксама існуе з 1994 і таксама размаўляе па-беларуску. Мне адказала спецыяліст Алена. Напісала “Добры дзень” і знікла на некаторы час. Думаю: усё, зноў размова скончыцца прывітаннем. Але не ў гэты раз. Чую нейкі гук, заходжу на сайт, а там:

 Мяне завуць Алена. Як я магу звяртацца да вас?

Карацей, павіталіся, пазнаёміліся – усё, як мае быць у ветлівых беларусаў. “Вокруг света” прапануе шмат цікавых тураў на Новы год, усе не пералічыш. Бліжэйшыя можаце шукаць тут.

"МагАвиа-Сервис"

Хутка адказваюць і хутка даюць кансультацыю. Па-беларуску. Як мінімум на сайце.

 Добры дзень. Ёсць шмат тураў, якія падыходзяць пад вашыя запросы. Можаце заставіць кантактныя дадзеныя, каб я магла даслаць інфармацыю?

Далей пераходзім да камунікацыі па электроннай пошце. На жаль, ужо не на беларускай мове, але таксама прыемна, што добра ставяцца да турыстаў і індывідуальна падыходзяць да кожнага пытання. Туры на Новы год яшчэ чакаю, таму прапаную пакуль паглядзець бліжэйшыя на сайце.

"ТрейдВояж"

Смела звяртайцеся да іх у Вайберы! Адкажуць на ўсе пытанні, перанакіруюць да спецыялістаў (калі трэба) і раскажуць дзе, што і калі знайсці. Беларускай валодаюць добра, таму наш тэст “на мову” прайшлі на выдатна.

Туры на Новы год на сайце яшчэ не прадстаўлены. Але (раскрываем таямніцы) з’явяцца пасля 27 верасня. Найтаннейшымі будуць вандроўкі ў Польшчу. Калі вас не прывабліваюць краіны-суседзі ці не можаце болей чакаць, шукайце іх бліжэйшыя туры тут.

Туры ў каталозе партала Holiday.by

Подпишись на Holiday.by!

Только отборные материалы в наших каналах