Гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха адкрые ўласны музей макетаў «ідэальнага» горада, якія ён ствараў на працягу 10 гадоў. Музей адкрыецца ў новай выставачнай зале на вуліцы Тэльмана, 4.
Адзін з пакояў музея будзе прысвечаны гістарычнаму цэнтру Гродна, другi — кварталу Гарадніцы. Макеты будуць стаяць на вышыні 60 см, некаторыя з іх будуць падсвечвацца, паведамляе Hrodna.life.
«Мяркуецца, што група людзей будзе заходзіць у адзін з пакояў на прадстаўленне, дзе будзе ісці аўдыёзапіс са спецэфектамі, — распавядае краязнаўца. — Напрыклад, дзе-небудзь у старым горадзе будзе гарэць будынак і пры гэтым падсвятленне аб’екта будзе суправаджацца крыкамі людзей. Усё будзе дублявацца на макетах».
Макеты гістарычнага цэнтра, якія стварыў Ігар, паказваюць горад у розныя эпохі. Часам суседнічаюць будынкі, якія ніяк не маглі ў адзін час знаходзіцца побач. Такі мікс дазваляе эфектыўна паказаць гісторыю архітэктуры Гродна.
На стварэнне макетаў у Ігара Лапехі сышло каля 10 гадоў. У яго творах гродзенцы змогуць убачыць страчаныя аб’екты: ратушу, Дамініканскі касцёл, Фару Вітаўта, палац Масальскіх і іншыя.
Свой музей з двума пакоямі гродзенскі краязнаўца плануе адкрыць да лета, а менавіта да пачатку фестываля нацыянальных культур.
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах