Хтосьці збірае маркі, хтосьці фанацее ад рыбалкі, а яны катаюцца на рэстаўраваных аўтамабілях і матацыклах. Некаторыя марнуюць грошы на жанчын, некаторыя на казіно, а яны ўкладаюць кожную капейку ў сваю любімую «капейку» ці масквіч. Яны ўпэўнена трымаюцца на дарозе сярод крутых інамарак і з гонарам распавядаюць гісторыю свайго аўтамабіля. У мінулыя выходныя яны ўдзельнічалі ў першым аўтапрабегу на рэтра аўто «Берасцейскі тракт 2014».
Мерапрыемства прыпала на Дзень гораду. Звычайна праграма свята багатая, але аднолькавая: у розных раёнах Брэста спяваюць, водзяць карагоды, запускаюць салют, спаборнічаюць у перацягванні канату. Дадаць да гэтага выяздны гандаль, дым шашлыкоў і не зусім цвярозых грамадзян — вось і тыповы Дзень гораду.
Зразумела, чаму я імгненна пагадзілася з’ехаць з гораду на гэтыя святочныя выходныя. Хіба я магла адмовіцца ад вандроўкі на арыгінальных аўтамабілях па гістарычных мясцінах маёй зямлі?
Раніцай 26 ліпеня ўдзельнікі сабраліся каля археалагічнага музея «Берестье».
Спачатку было цікава разглядаць аўтамабілі, потым — тых, хто цікавіўся імі. Вось яркі жоўты запарожац, дзверкі якога адчыняюцца ў бок багажніку, а не капоту. А вось чырвоны масквіч, які трымае на даху маленькае аўто з савецкага дзіцячага парку. А што гэта за чырвоны аўтобусік з мігалкай? Глядзі, машына падобная на лодку!
На пляцоўцы каля музею хутка сабралося шмат гледачоў, самыя шчырыя з іх — дзеці. Якое шчасце для хлопчыка пасядзець за рулём аўто ваеннага часу, а для дзяўчынкі — залезці ў «тую сінюю» ці «гэтую прыгожую» машыну. Кіроўцы не толькі падрыхтавалі стылістычна салоны сваіх аўто (у каго на сядзенні чэбурашка, у каго стары радыёпрымач), але і знешнім выглядам стараліся адпаведаць свайму транспартнаму сродку.
Арганізатары чапляюць на нумары аўто спецыяльныя шыльдачкі з нумарам удзельніка ў калоне, кіроўцы і іх штурманы атрымліваюць цішоткі з лагатыпам мерапрыемства, а я займаю месца ў масквічы 1990 года. Мы пераязджаем у наступны пункт дэманстрацыі рэтра аўтамабіляў — гатэль «Эрмітаж».
Пакуль зацікаўленыя мінакі разглядаюць і мацаюць незвычайныя для сучасных дарог машыны і матацыклы, я пачынаю размаўляць з іх уладальнікамі. Ігар прыехаў са Слуцку на чорным опелі 1932 года, які носіць імя Адам. Ён ў ваенны час працаваў аккурат у Берасці, пасля дзед Ігара перацягнуў яго ў Слуцк. Сёння бліскучы чорны аўтамабіль выглядае вельмі прывабна!
Другі Ігар, прадстаўнік клуба «ЗАЗ "Козак"», завітаў на «Берасцейскі тракт» са Львову. Яго запарожац 1967 году адразу прывабіў позірк украінскімі нумарамі і сцягам. Калісьці Ігар набыў гэтую кампактную машынку для сваёй жонкі, а зараз ганяе на ёй па аўтапрабегах Украіны і Польшчы. У планах пераадолець на жвавым ЗАЗе шлях да Фінляндыі.
Глядзець на прыгожы аўтамабіль — гэта адно, а вось пракаціцца на ім з ветрыкам — гэта ўжо зусім іншае. Гледачы з зайздрасцю праводзяць нашу калону, а я кручу ручку, каб адчыніць акно на поўную. У салоне гучыць «Есть только миг между прошлым и будущим…», а наш масквіч набірае хуткасць, і мы імчым па горадзе каляровай калонай у дваццаць тры машыны з лунаючымі на вятру сцягамі.
За рулём масквіча, у якім еду я, жанчына! Уладальніца савецкага аўто прыехала са сваёй дачкой з Менску. Святлана — адзіная жанчына ў Беларусі, якая штогод удзельнічае ў ралі на рэтра аўтамабілях, больш за тое, яна займае прызавыя месцы! А ехаць з ёй насуперак розным стэрыятыпам зусім не страшна, яна добра адчувае сваю «лашадку». Упэўнілася я ў гэтым, калі Святлана на шашы развіла хуткасць да 100 км. у гадзіну.
Маршрут «тракту» пралягае праз тры гістарычныя мясціны Берасцейшчыны: Скокі, Воўчын, Белавежскую пушчу. У Скоках мы наведалі рэстаўраваную сядзібу Нямцэвічаў XVIII стагоддзя, у якой зараз працуе музей. Госці даведаліся, што Юліан Урсын Нямцэвіч быў ад’ютантам Тадэуша Касцюшкі падчас паўстання 1794 года. Пазней у сядзібе вяліся перамовы аб падпісанні міру ў Першай сусветнай вайне.
Вёска Воўчын, што на мяжы з Польшчай, з’яўляецца месцам нараджэння і пахавання апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. На сённяшні дзень старажытны касцёл пакрысе аднаўляецца дзякуючы польскім рэстаўратарам, але грошай, вядома, на ўсё не хапае. Шкада, Воўчын мог бы стаць прывабным месцам для турыстаў.
У перапынку на абед я зноў чапляюся да кіроўцаў, каб распытаць пра іх рэтра «цацкі». Аляксандр з Жабінкі ўжо назбіраў шэсць рэтра экспанатаў у сваім гаражы, сёлета ён збіраецца праводзіць ужо другі рэтрафэст у сваім горадзе. Сюды ён прыехаў на масквічы 1955 года, які дастаўся яму ад старога механіка. Аляксандр тлумачыць свой удзел у мерапрыемстве вядомым выразам «Хто, калі не мы, зробіць гэта свет лепей».
На шляху да Белавежскай пушчы мы спыняемся каля ляснога пруда, каб адпачыць ад спёкі. Астудзіўшыся, працягваю размаўляць з уладальнікамі матацыклаў. Яўген і Сяргей — берасцейскія матацыклісты — эфектна разбаўлялі калону рэтра аўтамабіляў. Яўген кіруе «жалезным канём» 1969 года, запчасткі на які ў свой час збіраў па навакольных вёсках. Для яго ІЖ – асноўны сродак перамяшчэння па гораду. Паваротнікаў і люстэрак у яго няма, таму Яўген прафесійна валодае «ручнымі» знакамі.
Сяргей таксама сабраў свой ІЖ-49 з аўтэнтычных запчастак. У наступным годзе матацыклу споўніцца шэсцьдзесят гадоў! Акрамя некалькіх савецкіх экзэмпляраў Сяргей адкапаў у беларускай вёсцы нямецкі матацыкл 1942 года, зараз ён працуе над ім, каб вывезці рарытэтны экспанат на дарогу.
У Белавежскай пушчы нас чакалі гасцінныя гаспадары аграсядзібы «Лясная». Адны паставілі намёты, іншыя размясціліся ў драўляных хатах. Бульба з салам, бярозавы сок і мірыяды зорак над галавой...
На другі дзень вандроўкі нас чакала экскурсія па запаветнай частцы Белавежскай пушчы. Трохсотгадовыя сосны, лясныя могілкі, непратаптаныя сцежкі…
Потым мы трапілі на суседнюю сядзібу «Польскі маёнтак». Спадарыня Таццяна паказала нам кузню, якую яны з мужам будуюць з вялікіх валуноў, і падзялілася планамі па стварэнню мясцовага музея. На гэты час яна ўжо назбірала даволі вялікую калекцыю польскіх, нямецкіх, савецкіх рэчаў. Чаго толькі варты зборнік вершаў Пушкіна на беларускай мове!
Анатоль з Навагрудку на запарожцы Мішка; Аляксандр, арганізатар ралі на рэтра аўто, на запарожцы з Менску; Уладзімір на машыне-амфібіі, якая ў хуткім часе зможа выйсці на ваду; нямецкі трабант Ігара з Берасця, які праязджае 30 тысяч кіламетраў за год; чорная Волга Юрыя — усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы аўтапрабегу «Берасцескі тракт 2014». Тыя, хто ўдзельнічаў упершыню, атрымаў ганаровы знак члена клуба прыхільнікаў рэтра аўтамабіляў «Адам».
Калісьці ўсё пачыналася з опеля Адам, які трапіў да берасцейца Ігара па нейкім шчаслівым збегу абставінаў. Потым у 2008 годзе была «Планета железяка» — першая выстава рэтра аўтамабіляў у Брэсце. Сёння гэта клуб «Адам» і кола зацікаўленых мужчын (і пакуль адной жанчыны), якія вераць, што робяць добрую справу.
Кожны захоўвае памяць і гісторыю па-свойму. Мяне натхняюць менавіта такія людзі.
Туры па Беларусі на Holiday.by
Таксама чытайце:
Брест-Минск: где переночевать за 50 тысяч рублей
На болотоступах по крупнейшему верховому болоту Беларуси. Уникальный экомаршрут презентовали в Ельне
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах