Правесці этнічнае свята ў вёсцы, дзе сярод пустых хатак жыве адзін толькі чалавек, уяўляецца немагчымым. Але праект па адражэнню вёсак “Вясковы рэнесанс” 24 траўня прывабіў у Стойлы больш за 100 гледачоў. Сёння мы у месцы, дзе жыве сваім сялянскім жыццём “драўляны народ” народнага майстра Беларусі Мікалая Тарасюка.
Хто такі Мікалай Тарасюк? Можа, вы чулі пра фільм “Драўляны народ”, які атрымаў Гран-пры Міжнароднага фестывалю Magnificat-2012. А можа, некаторыя й нават бачылі асобныя сцэнкі з жыцця драўляных чалавечкаў у музеях Берасця ці Пружан. Але наўрад ці хто спрабаваў уявіць, дзе знаходзіцца той самы хутар, дзе дагэтуль жыве 82-гадовы Мікалай Васільевіч, і тым больш, як да яго дабрацца.
“Тайга”, як называе сваю мясцовасць сам спадар Мікалай, знаходзіцца ў Пружанскім раёне (Брэсцкая вобласць). Звычайна вёска поўніцца толькі птушынымі спевамі і крокамі гаспадара. Даўно ўжо людзі раз’ехаліся хто куды, а хаткі засталіся іх чакаць. Але сёння ў Стойлах багата жывых галасоў і ўсмешак. Сёння святкуецца дзень вёскі!
Галоўная цікавостка вёскі Стойлы – гэта, вядома, музей “Успаміны Бацькаўшчыны”, створаны Мікалаем Тарасюком на сваім родным хутары. У маленькім пакоі разгарнуўся свой сялянскі сусвет. Драўляныя фігуркі нібыта адлюстроўваюць жыццё жыхароў вёскі ў мініяцюры – ад нараджэння да пахавання. Цікава пачытаць назвы вясковых эпізодаў: “Як ірады падымалі Іісуса Хрыста на крэст”, “Як раскулачвалі мужыка”, “Вяселле. Вынас каравая”, “Царква. Вянчанне”, “Забойства кабана”, “Алкаголікі сварацца за бутэльку”, “Ангел-прэзідэнт” і інш.
Пасля наведвання музею ўсе госці збіраюцца каля драўлянага крыжа, які таксама зрабіў Тарасюк. Сакральны знак усталявалі 8 траўня на дзень народзінаў Мікалая Васільевіча. Сёння запрошаны праваслаўны святар асвячае гэты крыж, а сам гаспадар не можа стрымаць слёз.
З’явіўся ў Стойлах і яшчэ адзін адметны знак – пяцімятровы дубовы крыж, выкананы кобрынскімі рэзчыкамі па дрэву Уладзімірам Чыквіным і Вячаславам Дароцька. На гэтым крыжы выразаны прозвішчы тых, хто паходзіць з вёскі Стойлы.
Пасля асвячэння крыжоў увагу публікі прываблівае незвычайны стэнд. З аднаго боку тут намалявана карта вёскі (аўтарка мастачка Марыя Радзько), на якой пазначаны былыя і сучасныя хаткі вёскі Стойлы. Подпісы хат распавядаюць, якому роду належыла тая ці іншая сядзіба. Назвы рачулак, лясоў, дарог таксама зроблены на мясцовым дыялекце. А з другога боку стэнду размясціліся старыя фотаздымкі былых жыхароў Стойлаў. Разглядаючы вясковую карту і фотакарткі, хтосьці ўзгадвае імёны сваіх продкаў, хтосьці ўжо плануе, калі паедзе наведаць сваю родную вёсачку.
Дзякуючы праекту “Вясковы рэнесанс” свята вёскі пераўтварылася ў сапраўдны народны фэст з глыбокім падтэкстам “Я родам са Стойлаў”. Цікаўнасць да сваёй малой Радзімы сабрала тут не толькі былых жыхароў Стойлаў, іх родзічаў, але і людзей з суседніх вёсак, і проста тых, хто даўно чакаў нагоды трапіць у госці да Тарасюка . Амаль кожная хатка зноў стала “жывой”, амаль кожная сцежка зноў спытала дотык басых чалавечых ног.
Хутка ў наваколлі загучала беларуская народная музыка - і стары, і малы пусціліся ў танцы. На свята завіталі як беларускія, так і польскія гурты: фальклорныя гурты “Бабіна лета” і “Жэмэрва”, тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і інш.
Этнічная імпрэза “Я родам са Стойлаў” стала яскравай кропкай праекту “Вясковы рэнесанс”, які ладзіцца пры падтрымцы Інстытута міжнароднай супрацы “Саюза нямецкіх народных універсітэтаў”. Але галоўнае, што на падставе гэтага свята ў Стойлах сустрэліся дзядулі і праўнукі, аднавяскоўцы і суседзі. Чуць, як дзве сяброўкі-бабулі з усмешкай узгадваюць пра мясцовага музыку Васю, пра ўзоры сваіх сукенак, пра бойкі хлопцаў пасля танцаў – гэта нешта інтымнае, каштоўнае. Менавіта тут, у гэтай кропке зямнога шару пачынаеш прасочваць генеалагічную сувязь са сваімі продкамі.
Каардынатар праекту “Вясковы рэнесанс” Ларыса Быцко мяркуе, што музей Мікалая Тарасюка не трэба перавозіць у горад. Трэба пакінуць яго менавіта тут у Стойлах, і зрабіць на тэрыторыі вёскі турыстычны комплекс. “Вялікую колькасць праектаў магчыма зрабіць тут, але каб не спаўрочыць, пакуль не буду выдаваць свае ідэі”, - дадае Ларыса Быцко.
Аўтар рэпартажа - экскурсавод Вольга Малафеечава
Падарожжы па Беларусі - турыстычнае агенцтва Peregrinus Company
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах