За вокнамі службовага аўто весела пралятаюць бярозкі ды елачкі – мы едзем на Захад, пад Ліду. Блізу горада Бярозаўка чакае нас хутар “Вайцюшкі”, месца па-свойму асаблівае, са сваёй гісторыяй. І гідам нашым у гэтым найцікавейшым падарожжы выступае не абы-хто, а сам гаспадар хутара – выбітны беларускі кампазітар, артыст і спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Нас чакаюць амаль 170 кіламетраў шляху – па асфальце, гравійцы, а потым лясной дарозе. Сядзіба “Вайцюшкі”, нібы беларуская партызанка, схавалася глыбока ў лесе, на хутары, воддаль ад іншых хат. Зміцер жартуе, што каб трапіць у “Вайцюшкі”, трэба як у камедыі Дантэ прайсці праз пэўныя выпрабаванні. І менавіта яны, лясныя сцежкі ды маленькія беларускія хаткі на шляху да “Вайцюшкоў”, міжволі пагружаюць вандроўніка ў вясковую атмасферу.
Наперадзе паўтары гадзіны дарогі, таму ёсць час успомніць, з чаго ўсё пачыналася.
А пачыналася ўсё ў 2006 годзе, калі Зміцер набыў звычайную, месцамі падгнілую, вясковую хатку з гаспадарчымі пабудовамі – за 900 даляраў. “Момант быў такі, лёсавызначальны, – успамінае ён. – Разышліся з блізкім чалавекам, трэба было тэрмінова нешта ў жыцці мяняць”. Пра тое, што тут праз колькі год будзе брэндавы хутар, дзе будуць праходзіць фестывалі ды імпрэзы, і куды будуць з’язджацца не толькі сябры, але і простыя турысты, Зміцер тады і ўявіць не мог. “Ой неее, - задуменна працягвае ён. – Тады ні пра якую турыстыку і не думаў”. Паўплываў на развіцце сядзібы як своеасаблівай канцэртнай пляцоўкі і той факт, што Зміцер Вайцюшкевіч – артыст на Беларусі забаронены, занесены ў “чорны спіс” музыкаў.
“Праводзіць канцэрты афіцыйна мне не давалі, таму была вострая патрэба ў нейкай пляцоўцы, - кажа Зміцер. – І так атрымалася, што нейкія мерапрыемствы мы пачалі ладзіць у “Вайцюшках”. З часам прыйшла думка і турыстаў запрашаць, не толькі сяброў і сям’ю. Мы ж, лічы, у самым цэнтры ВКЛ жывем – вакол Гародня, Нясвіж, Любча, Мір!”.
Вырашылі – пачалі рабіць. Напісалі заяву, аплацілі падатак – вуаля, сядзіба “Вайцюшкі” запрашае! Але перад гэтым, вядома, давялося добра прыкласці рукі – свае і будаўнікоў – да хаты і лазні.
Праязджаем па мосце праз Нёман. “Сігналь-сігналь! – звяртаецца да нашага фатографа Дзяніса Зміцер і тут жа тлумачыць: - Традыцыя такая!” Усё, праехалі Нёман – “Вайцюшкі” блізка. Калісьці, гадоў з пяцьдзесят назад, Нёман падступаў да самай хаты, цяпер жа да яго метраў паўтараста, не менш. “А ўвогуле, з хатай гэтай звязаная цікавая гісторыя, – распавядае музыка. – Мой тата калісьці заляцаўся да дачкі былога яе гаспадара! І бываў тут – з роднай Бярозаўкі ездзіў за 12 кіламетраў да сваёй сімпатыі”.
Пад’язджаем да хутара – тут ціша ды благадаць. Да бліжэйшых хат далёка, за ляском нават і не відаць. Затое відаць, як над дрэвамі віецца дымок. “Казімір Антонавіч печ натапіў, чакае. Ён тут без мяне гаспадарку час ад часу даглядае”, – тлумачыць Зміцер.
Дарэчы, назва “Вайцюшкі” – не ода амбіцыйнасці і не праява зорнай хваробы, зусім не. Як успамінае гаспадар, хутар спачатку думалі назваць па балцкай традыцыі штосьці накшталт мясцовых вёсак Ліпнішкі, Юрацішкі. Але кропку паставіла жонка – падарыла шыльду з назвай “Вайцюшкі”.
Рушым наперад: пераступаем мяжу Вайцюшкоўскіх уладанняў і Зміцер ладзіць для нас імправізаваную экскурсію. Першае, на што звяртаем увагу – дамок сярод двара звычайны, вясковы. Калі не ведаць, што тут жыве беларуская зорка, то нізавошта не здагадаешся. Але калі трапляеш у хату… Але пра гэта – пазней.
А пакуль пачынаем спачатку – з гаспадарчых пабудоў. “Ой, тут усялякага хламу будаўнічага хапае! – паказвае свае валоданні Зміцер. – Раней стаялі куркі, козкі, кароўкі… Магчыма, яны сюды вернуцца. Тут ўсё багацце маё, – робіць шырокі жэст Зміцер. – Усё, што зароблена на апазіцыйных канцэртах, усё, што куплена на грантасосавыя грошы, усё тут і трымаем!" – іранічна жартуе ён.
"А сенавал трэба паказваць?”
“Трэба! – у адзін голас кажам мы. – Гэта ж культавае месца! Можа быць эксклюзіўнай паслугай!”
“А гэта таксама ёсць у планах!” - не губляецца музыка і тут жа дэманструе свой намер. Далучаемся да яго.
Праходзім піўніцу, дзе Вайцюшкевічы захоўваюць закаткі ды марынады. Зміцер робіць запрашальны жэст, маўляў, калі ласка, госці дарагія, мае грыбочкі – вашы грыбочкі, але масіўныя дзверы ў святая святых не адчыняе.
То тут, то там на сядзібным ўчастку раскіданыя каменне ды пясок – у “Вайцюшках” толькі скончылі будаваць лазню, засталося трохі “абгрэйдзіць” звонку – зрабіць ганак ды прыстойную летнюю тэрасу. Вясной Нёман падбіраецца пад самы плот, можна даваць нырца амаль адразу з лазні. Свая лазня – даўняя мара Зміцера. Ён ужо гадоў з шэсць – сталы член лазневага клубу. “У лазню, як у разведку, абы з кім не пойдзеш!” – катэгарычна заяўляе спявак.
На кухні першага паверху лазні – безліч розных сувеніраў, дый проста цікавых рэчаў. Усё гэтае калі не з іўеўскай барахолкі, то з розных куткоў свету – і з Бярозаўкі, і з Ізраілю, Славакіі, Украіны… Кожная рэч мае сваю гісторыю: лапму Зміцер купіў яшчэ ў гады студэнцтва, рарытэтнае крэсла нядаўна набыў у мясцовага антыквара.
Спецыяльна дарагіх рэчаў няма. Самая дарагая рэч ў гэтым доме, па словах гаспадара, – парылка. Таму што тут у ёй прадугледезлі ўсё: каб паветра “хадзіла”, не стаяла, каб фортка была ў самой парылцы, каб нармальна былі падведзеныя гарачая і халодная вада.
Да слова, нават падлога ў лазні са сваёй адметнай гісторыяй! “Падлога з ясеня – я напеў на яе! – паказвае на роўныя светла-карычневыя дошкі Зміцер. – Так што ў мяне не ўсё купленае за грошы. Я – канцэрт, мне – па бартэру. Калі б раней ведаў, што буду будавацца, дык іграў бы за абрэзную і неабрэзную дошку, за гіпсакартон, словам, будаўнічыя матэрыялы!” – жартуе Вайцюшкевіч.
Дызайн паўсюль прыдуманы Зміцерам і жонкай, а вось каб давесці ўсё да ладу, запрашаліся сябры і знаёмыя. Куфар бабулі, вельмі каштоўную для Зміцера рэч, да прыкладу, распісвала мясцовая мастачка Алена Лукашэвіч.
Агромністую канапу ў адным з дзвюх пакояў на другім паверсе лазні зрабілі са звычайных дошак жыхары мясцовых вёсак. Мноства работ на сценах – падораных, набытых ці проста знойдзеных, – Зміцер лічыць галоўнай каштоўнасцю. “Усё ж гэта роспіс, інкрустацыя, можа і не такая каштоўная па грашах, але гэта зроблена рукамі і таму для мяне вельмі дарагое. Менавіта такія рэчы ствараюць атмасферу ў доме”, - упэўнены Зміцер.
На пытанне, чаму Зміцер такі вырашыў набыць гэты кавалачак зямлі, наводдаль ад вёсак ды жыхароў, ён напаўжартам-напаўсур’ёзна кажа: “Я люблю суседзяў, але час ад часу трэба пабыць і сам на сам. А ячшэ скажу, што адна з прычын, чаму я купляў гэты дом – каб крычаць. У сэнсе, калі ўдваіх з жанчынай. Бо ў хрушчоўках такога сабе дазволіць ня можаш. А яшчэ чулі б вы, як тут салаўі спяваюць па начах!”
З лазні кіруемся ў хату. Адразу ў сенцах на нас патыхае цеплынёй, якая ідзе ад натопленай печы з наступнага пакоя. Туды вядзе яшчэ адзін шэдэўр рукі майстрыцы Алены Лукашэвіч – распісаныя ў стылі “лубок” дзверы.
Трапляем ў галоўны пакой і… разяўляем рты, бо зусім не вяжацца вонкавы выгляд вясковай хаты з унутранным убраннем у сучасным стылі. Дый вочы адразу разбягаюцца ад безлічы цікавых дэталяў і прадметаў інтэр’еру.
Першая ў вочы кідаецца чырвоная лесвіца на другі паверх. Чаму чырвоная? Бо лесвіца тоіць у сабэ пэўную небяспеку, а чырвоны – натуральны колер для канцэнтрацыі ўвагі. Увогуле ж у інтэр’еры сядзібы гаспадары імкнуліся скамбінаваць дрэва, камень, плітку і святло. І гэта ў іх, відавочна, атрымалася!
Дарэчы, падлогу тут Зміцер таксама “напеў”, але ўжо з аркестрам, бо гэта дубовая падлога. Шыкоўная жырандоля, прывезеная з Кракава. Медны посуд са Скандынавіі. Самавары, падораныя сябрамі і суседзямі, дзеці любяць распальваць падчас фестываляў. Увогуле, Зміцер упэўнены, што такія рэчы, са сваёй гісторыяй, ствараюць атмасферу. Магчыма, менавіта таму ён з’яўляецца адзіным у Беларусі калекцыянерам пустых скрыняў ад гадзіннікаў, як ён жартам сам сябе называе. Але менавіта іх гісторыя вельмі цікавая сама па сабе. Да скрынь далучаныя і цэльныя гадзіннікі, якія Зміцер збірае ўжо некалькі гадоў запар: “Пачалося ўсё з таго, што я скупы на грошы. І купляць дарагія гадзіннікі – гэта не па мне. У асноўным я ў свой час проста купіў частку гадзіннікаў за малыя грошы. Потым штосьці падарылі, штосьці забраў, штосьці купіў у Ікеі, ёсць гадзіннік-патэльня, які падарыў мастак-сябар”.
Падымаемся на другі паверх. Тут знаходзіцца “бюро”, як яго называе гаспадар. Тут ён чытае кнігі – нядаўна, да прыкладу, прачытаў Танка, Сыса і Глобуса, Бахарэвіча. Тут і кнігазбор. На дзень народзінаў жонка падаравала чамадан кніг. Калі месца ў “бюро” вольнае, дзеці – Язэп і Стэфанія – тут глядзяць мульцікі.
На першым паверсе другой часткі дому знаходзяцца пакоі, якія гаспадары гатовыя здаць турыстам. Тут выстаўленыя працы Ігара Корзуна, беларускага фатографа і мастака, якія Зміцер набыў на апошняй выставе.
У суседнім пакоі вісіць Ікона Божай Маці Жыровіцкай – яе спеваку падараваў ацец Георгій пасля канцэрту ў семінарыі ў Жыровічах. Увогуле ж, у доме две іконы: другая – ікона Божай Маці Вострабрамскай, якая была тут ад самага пачатку, бо хата была каталіцкай. “Дзве маці, дзве ахоўніцы”, - задуменна кажа Зміцер.
Над камінам размясцілася старажытная, на першы погляд, Пагоня. Але Зміцер па сакрэту прызнаецца, што гэта стылізацыя – якасная праца Яўгена Лукашэвіча, мужа Алены, якая распісала куфар. Тут жа – прэмія ад БНФ. “Прыемна, што я на сваім месцы на сваёй зямлі, як бы пафасна гэта ні гучала”, - падсумоўвае Зміцер. І за гэтыя словы яго нельга не паважаць.
Новы трэнд, па словах гаспадара сядзібы, - гэта дзяружкі, маляванкі. Адну з іх Зміцер дэманструе нам, ласкава праводзячы рукой па тканіне. Ласкава таму што яна падмацоўвае філасофскую пазіцыю Зміцера ў тым, што такія старыя рэчы нядорага каштуюць, але маюць у сабе шмат. Не варта гнацца за тым, што блішчыць, лічыць ён.
Пасля завяршэння экскурсіі мы ўсе разам тупаем на кухню ласавацца найсмачнейшымі галубцамі цёткі Марысі, а заадно размаўляем пра аграсядзібны бізнэс у “Вайцюшках” і ва ўсёй Беларусі.
Зараз вакол сядзібы фарміруецца своеасаблівы брэнд. Тут ствараецца своеасаблівая культуралагічная пляцоўка, якая будзе збіраць пэўных людзей. “Нядрэнна, калі б у месяц мне ў рукі трапляла энная сума даляраў ад гасцей сядзібы, - дзеліцца Зміцер. – Але масавага турыста я тут не чакаю. Сюды прыезде, хутчэй, чалавек асаблівы, якому цікавыя беларускія культура, традыцыі, музыка, мова”. Увогуле, Зміцер лічыць, што неабходна, каб кожны рэгіён, кожная сядзіба вызначалі свой шлях – культурны, кавальскі, мастацкі, архітэктурны. Трэба развіваць сваё – рацарскія, вайсковыя накірункі, на адной толькі беларускай гісторыі і культуры, на аснове мясцовых цікавостак гаспадар можа зрабіць абсалютна новую легенду сядзібы.
“Гадоў праз дзесяць што тут бачыце?” – пытаемся ў Зміцера. “Оооо, ну ўсё, шакалад! – смяецца ён. – Самому цікава, што будзе. Хацелася б, каб існавалі, збіралі людзей, ладзіліся фестывалі. Надаўна прайшоў фэст шансону “Пад ліпамі”, джазавы фестываль, у планах – пленэр мастакоў, фестываль паэзіі. У наступным годзе будзем абсталёўваць кемпінг. Мы імкнемся стварыць тут музычна-культуралагічную пляцоўку, а не проста дранікі і самагонка. Ну, і прырода – у грыбы схадзіць, у Нёмане пакупацца, у лазні папарыцца, схадзіць да Някляева”. Апошні пункт – гэта пакуль няздзейсненая мара Зміцера стварыць на сядзібе сад камянёў, дзе кожнаму каменю будзе дадзенае імя выбітнага беларускага дзеяча – таго ж Някляева, Бураўкіна… А яшчэ марыць гаспадар пра свае піваварню, кафэ. “Але пакуль не той размах”, - сумна разводзіць наўздагон сваім марам рукамі ён.
Пакуль жа Вайцюшкевічы прыязджаюць у "Вайцюшкі" на святы, ладзяць культурныя імпрэзы, ходзяць у лазню і па грыбы, купаюцца ў Нёмане і запрашаюць турыстаў зрабіць з імі тое ж самае. Ужо рыхтуюцца да святкавання Каляд, Гукання вясны, пасля – Купаля і вераць, што калі-небудзь палякі і літоўцы будуць прыязджаць у Беларусь так, як мы сёння ездзім у Вільню.
Чытаць па тэме:
Зміцер Вайцюшкевіч: “Пашпарта мне хапае на два гады” (дзе звычайна вандруе выбітны беларускі артыст)
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах