Надвор’е надвор’ем, а сыходзіць у спячку ну ніяк нельга! Таму мы прапаноўваем анімэ па-беларуску, танцы па-украінску ды спевы па-сапраўднаму. Разнастайныя падзеі надыходзячага тыдня ў нашым аглядзе. Не прасьпіце самае цікавае :)
Праэкт “Кінаконг” запрашае кінааматараў на сямейны прагляд. Мультыплікацыйная камедыя “Мае суседзі Ямада” чакае нас у суботу, 9 лістапада, а 19:00. Гісторыя пра японскую сямейку, у якой цудоўна бачны звычаі, традыцыі ды звычкі іх культуры. І ўсё гэта - на беларускай мове! Арт-прастора “ЦЭХ” займела мяккія крэслы, новыя калонкі ды крэслы-мяхі, таму цяпер прагляды будуць яшчэ больш утульныя. Бярэм сям’ю, сяброў ды смела рушым глядзець на беларускамоўных японцаў.
Дзе: арт-прастора “ЦЭХ” (пр. Незалежнасці, буд. 58, к.6 - праход праз вуліцу П. Броўкі, левы пад’езд, другі паверх)
Калі: 9 лістапада, субота, пачатак а 19:00
Квіток: 25.000 дарослым, 20.000 навучэнцам ды дзеткам
Кантакты: +375(29) 686-83-33
“Мы… Мы хочам танцаваць!” - спяваў калісьці спадар Цой. Але яго словы актуальны і зараз, бо штотыдзень у Мінску з’яўляюцца новыя прапановы патанчыць у добрай кампаніі. Гэтым разам нас запрашаюць у кавярню “Планета зорак”. Усімі любімыя побытавыя танцы пад музычку ад капэлы “На Таку” будуць незвычайна спякотнымі, таму прыхапіце выдзіцы ды зручны абутак.
Дзе: кафэ “Планета зорак” (Старавіленскі тракт 41, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі)
Калі: 9 лістапада, субота, пачатак а 18:30
Квіток: 20.000 руб
Кантакты: +375(29) 774-36-15
У панядзелак на сцэне тэатра беларускай драматургіі адбудзецца “Канцэрт для сяброў” Алеся Камоцкага - вядомага беларускага паэта, музыканта ды кампазітара. Разам з ім публіку сустрэнуць музыкі Таццяна Беразоўская, Аляксандр Віслаўскі, Алена Віслаўская, Алег Змушка ды Анатоль Лабанок. Утульная атмасцера, тонкі гумар, сучасная паэзія ды сябры - усё гэта пра выступ спадара Камоцкага.
Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44)
Калі: 11 лістапада, панядзелак, пачатак а 19:00
Кантакты: +375(17) 237-46-56; +375(29) 154-04-44
Працяг канцэрту 1 гадзіна 20 хвілін.
На гэтым тыдні беларускія традыцыйныя танцы мы ўжо адтанчылі ў “Планеце зорак”, хопіць. Але ж сэрцайка ўсё адно хоча рухацца ў рытм з музыкай. Таму пяройдзем да суседскіх, украінскіх танцаў! Гапак, казачок, каламыйка… І гэта толькі верхавіна ўкраінскага айсбергу. Прыходзь ды танцуй, як танцавалі сапраўдныя казакі!
Дзе: Рэспубліканскі палац культуры імя Н. Ф. Шарко (вул. Уральская, 3)
Калі: 12 лістапада, аўторак, пачатак а 19:00
Квіток: 25.000 руб
Кантакты: +375(33) 603-72-52
Ведаеце цікавыя мерапрыемствы, якія засталіся па-за гэтым аглядам? Дзяліцеся ў каментарыях!
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах