Лета! Думаецца нам, немагчыма чакаць чагосьці мацней. Што ў надвор’і лета, што каляндарнага. А каб яно пасялілася і ў душы, трэба замацаваць яго надыход цікавымі прыгодамі. Што паглядзець у Мінску на першых летніх выходных, куды завітаць ды чаму падзівіцца - чытайце ў нашым штотыднёвым аглядзе.
Даўно заходзілі ў Нацыянальную бібліятэку? Калі вы ўжо нават не памятаеце, куды здаваць лішнія рэчы і як праходзіць праз турнікет з сур'ёзнымі мужчынамі-ахоўнікамі, але ў вас дагэтуль захаваўся білет чытача, раім наведаць новую выставу “Свет вачыма дзяцей”. Паглядзець на дзіцячыя малюнкі можна ў адной з бібліятэчных галерэй. Упершыню ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі экспануюцца працы навучэнцаў установы адукацыі "Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў", выкананыя ў майстэрнях педагогаў-мастакоў Ганны Варанкевіч і Святланы Даранкевіч. Аўтары работ – вучні пачатковых класаў. Выстава прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3 паверх)
Калі: штодзённа з 10:00 да 21:00 (у суботу і нядзелю да 18:00)
Кантакты: (8017) 2663737
На мінулым тыдні адчыніла свае дзверы яшчэ адна выстава, але рэспубліканскага маштабу - выстава жывапісу “Праект”. На ёй экспануюцца больш за 150 твораў розных стыляў і жанраў, у тым ліку - персанальная выстава Зоі Луцэвіч. Акрамя таго, на выставе можна знайсці і прадстаўнікоў маладзейшага пакалення. “Праект” праходзіць пад эгідай секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў - супольнасці, якая аб’ядноўвае яркіх прадстаўнікоў беларускага мастацтва. Раім завітаць ды вырашыць для сабе, кім з сучасных беларускіх мастакоў можна ганарыцца. Выстава працуе да 16 чэрвеня.
Дзе: Палац Мастацтва (вул. Казлова, 3)
Калі: штодзённа з 11:00 да 19:00 (акрамя панядзелка).
Квіток: дарослым 10.000 руб, студэнтам 5.000 руб, дзеткам 3.000 руб.
Кантакты: (8017) 2881549; (8029) 5503181
На фота: малюнак Ірыны Ясюкойць-Дударава «Канец лета». Фотаздымак Марата Гаравога
Гэтай пастаноўкай штогод адкрываецца сезон у Купалаўскім тэатры. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў (!) найлепшых артыстаў краіны. Дзеючыя асобы п’есы былі напісаны з рэальных персанажаў з жыцця аўтара. Пазнаеце факты? Гэта ж наш гонар, наша памяць і найстарэйшы спектакль тэатра імя Янкі Купалы - “Паўлінка”! У гэтую нядзелю мы прапаноўваем вам паглыбіцца ў п’есу вялікага пісьменніка і ўзгадаць, як простая беларуская дзяўчынка абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі. Цікавым фактам з біяграфіі спектакля з’яўляецца тое, што прэм’ера знакамітага спектакля адбылася ў 1943 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі. І менавіта гэтай пастаноўкай у красавіку афіцыйна адкрываўся Купалаўскі тэатр. Працягласць спектакля гадзіна 50 хвілін.
Дзе: тэатр імя Янкі Купалы (вул. Энгельса, 7)
Калі: 2 чэрвеня, 19:00
Квіток: 70.000 руб - 130.000 руб
Кантакты: (8017) 3271717; (8017) 3278454
Для дзетак і іх бацькоў на гэтым тыдні мы можам параіць чароўныя “Прыгоды Несцеркі” - першы беларускі поўнаметражны анімацыйны фільм. Вас чакаюць 8 смешных і захапляючых гісторый, у якіх папулярны герой народных легенд і паданняў Несцерка са сваімі неразлучнымі сябрамі сабакам і катом знаходзяць выйсце з любой сітуацыі: ператвараюць звычыйныя гліняныя збаны ў музычны інструмент, перамагаюць крыважэрнага Дракона і знаходзяць управу на Ліха, якое пасялілася ў іх доме. Шыкоўная магчымасць адпачыць ўсёй сям'ёй! Працягласць сеансу 52 хвіліны.
Дзе: кінатэатр “Камсамолец” (вул. Жылуновіча, 39)
Калі: 1 і 2 чэрвеня, сеансы ў 12:00
Квіток: 15.000 руб.
Кантакты: (8017) 2953224
Ведаеце цікавыя мерапрыемствы, якія засталіся па-за гэтым аглядам? Дзяліцеся ў каментарыях!
Подпишись на Holiday.by!
Только отборные материалы в наших каналах